Лавіся, рыбка! Прысніся, русалка!

№ 31 (1366) 04.08.2018 - 11.08.2018 г

З панядзелка іду ў доўгачаканы адпачынак. Трэба выспацца, а потым паглядзець, што робіцца ў бліжэйшым замежжы — у прыватнасці, ва Украіне — і высветліць урэшце, чым адрозніваюцца тутэйшыя язі ад іхніх. Не пашкодзіла б пазнаёміцца і з тым, як развіваецца сетка ўстаноў культуры ў нашых добрых суседзяў. Словам, канец лета абяцае мне шмат нечаканасцяў — спадзяюся, вельмі прыемных.

/i/content/pi/cult/703/15415/18.JPGА пакуль чытаю вашы лісты. Амаль усе яны прысвечаны Году малой радзімы. Да прыкладу, вось пра што піша Вольга Сінькевіч з вёскі Сямернікі Ашмянскага раёна: “Хтосьці скажа, што вясковае жыццё — сумнае ды аднастайнае. Маўляў, няма тых забавак, якія прапаноўвае горад. У адказ можна запярэчыць: сельскі будзень прапаноўвае непаўторную прыгажосць пейзажаў, цішу, адсутнасць пустой мітусні, а таксама дары гародаў ды лясоў. І няпраўда, што вяскоўцы не могуць весела бавіць час! Прыклад таму — дні калектыўнага адпачынку, якія адбываюцца цяпер у многіх сёлах краіны”.

Вельмі слушна і пераканаўча, на мой погляд. Аўтарка апісвае свята “Калі мы разам”, прымеркаванае да Года малой радзімы. Апоўдні вяскоўцы пачалі падцягвацца да імправізаванай сцэны. Дзятва выпрабоўвала батуты. У вялікім канцэрце прынялі ўдзел не толькі мясцовыя клубнікі да бібліятэкары, але і самадзейныя артысты з аграгарадка Гальшаны, народны ансамбль народнай песні “Жытніца” з аграгарадка Кракоўка. Дзейнічала выстава народнага майстра з Сямернікаў Рамана Трота. Свае работы дэманстравалі і ўдзельнікі гурта “Умелыя рукі”. А потым была маладзёжная дыскатэка.

Другі год запар у аграгарадку Кемелішкі, што на Астравеччыне, ладзіцца брэндавае свята “Лавіся, рыбка!” Зранку да абеду васямнаццаць удзельнікаў спаборнічалі за званне “Найлепшы рыбак раёна”. З Астравецкага цэнтра культуры і народнай творчасці паведамілі, што разам з конкурсам праводзіўся і гастранамічны фэст рыбных страў на любы густ. Натуральна, рэй вяла юшка. Тыя ж, хто да рыбалкі дыхае роўна, дэманстравалі свае здольнасці на спартыўных пляцоўках. Потым быў конкурс на найлепшую русалку. Дарэчы, адметныя імпрэзы нядаўна прайшлі і ў іншых вёсках раёна — Альхоўка (сямейнае свята), Падольцы (“Уладар сяла”), Рытань (выстава рэтра-тэхнікі).

Самая, бадай, важная падзея ў культурным жыцці краіны адбылася ў вёсцы Гарадная, што на Століншчыне. Тут прайшоў VI Міжнародны пленэр ганчароў-керамістаў. Натуральным фіналам мерапрыемства сталі фестываль-кірмаш і свята вёскі, якая адзначыла сёлета 570-годдзе. Гарадная даўно лічыцца сталіцай беларускага ганчарства. Створаны тут і адпаведны музей. А сёлета на кірмашы распачаты аптовы продаж посуду.

Піша Настасся Голуб з Дзятлаўшчыны: “Пчаляры і аматары салодкага сабраліся ў аграгарадку Раклевічы. Свята мёду праходзіла трэці год запар у рамках раённага праекта “Дбайных людзей славім — весела час бавім”. Інакш кажучы, было і салодка, і весела. Адметнасць мерапрыемства ў тым, што да вяскоўцаў без лішніх разваг прыехалі артысты Гродзенскай абласной філармоніі. Якая яшчэ філармонія краіны можа пахваліцца такой павагай да працаўніка сяла?

Яшчэ адно свята называлася “Добры дзень, суседзі!” Прайшло яно ў Крэйванцах, што на Ашмяншчыне. На фэст запрасілі і жыхароў суседняй вёскі Каменны Лог. Паміж самадзейнымі артыстамі быў арганізаваны творчы конкурс. Дзейнічала выстава дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Прадстаўнікі пагранічнай заставы распавялі пра асаблівасці сваёй службы. Прыгожая аўчарка ахвотна выконвала каманду “Дай лапу!”

Цягам студзеня-чэрвеня гэтага года на Магілёўшчыне ладзіўся абласны конкурс на найлепшую творчую работу “Мая малая радзіма”. У ім бралі ўдзел майстры раённых дамоў (цэнтраў) рамёстваў, гурткі і студыі дэкаратыўна-прыкладной творчасці ўстаноў культуры і рамеснікі, якія працуюць самастойна. Заснавальнікам і арганізатарам конкурсу стаў Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы. Начальнік аддзела гэтай установы Валянціна Валчкова паведамляе, што новы творчы праект скіраваны на захаванне і развіццё традыцыйных рамёстваў, падтрымку і стымуляванне дзейнасці майстроў, на павышэнне іх прафесійнага майстэрства і актывізацыю дзейнасці раённых дамоў (цэнтраў) рамёстваў.

Вельмі слушнае аўтарскае ўдакладненне: запатрабаванасць заўсёды была асноўнай умовай захавання рамяства, але захаваць рамяство — не азначае зрабіць яго запатрабаваным. Таму цэнтр шмат робіць, каб даўнія традыцыі сталі часткай сучаснага жыцця. Конкурс, па сутнасці, для таго і праводзіўся. За два этапы трэба было вызначыцца ў намінацыях “Творчая работа “Мая малая радзіма”, “Дробная сувенірная прадукцыя пра родны край”, а таксама абраць найлепшы сувенір на гэтую тэматыку. Каля паўсотні майстроў працавалі ў самых розных відах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва: кераміка, тэкстыль, лозапляценне, ільновалакно, папера… Гран-пры за пано “Мая малая радзіма” атрымала Алена Вярменіч — майстар ласкутнай тэхнікі з Магілёва.

Бібліятэкар аддзела абслугоўвання Бярэзінскай цэнтральнай бібліятэкі Кацярына Ярмолінская прапаноўвае ісці па здароўе і прыгажосць у яе ўстанову. Справа ў тым, што тут дзейнічае клуб “Мерыдыян”. У ім адбыўся семінар-практыкум для жанчын “Прыгажосць і здароўе”. На сустрэчу з чытачамі прыйшлі касметолаг, менеджар адной з касметычных кампаній, цырульнік. І кожны даваў жанчынам карысныя парады.

Да Года малой радзімы бібліятэкары аддзела абслугоўвання і інфармацыі Ашмянскай раённай бібліятэкі правялі краязнаўчую гадзіну “Архітэктурная спадчына Ашмяншчыны”. Загадчык згаданага аддзела Святлана Галінская распавяла, што працавала ў той дзень і кніжная выстава “Ашмяншчына — вялікі шлях малой радзімы”.

15-годдзе ажыццяўлення Праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва “Польшча — Беларусь — Украіна” было адзначана на Гудзевіцкай зямлі фестывалем “Мелодыі памежжа”, які адбыўся ля мясцовага літаратурна-краязнаўчага музея. Пра гэта паведаміла загадчык сектара культуры Мастоўскага райвыканкама Настасся Палуйчык.

Юныя чытачы сельскай бібліятэкі аграгарадка Станцыя Ашмяны адправіліся ў чарговае падарожжа па свеце літаратурных казак. Як распавядае бібліятэкар Анжаліка Дзямідава, мерапрыемства адбылося ў рамках раённага конкурсу “Бібліятэка: кніга, чытач, творчасць”.

Загадчык бібліятэкі сямейнага чытання “Верасок” горада Маладзечна Лідзія Якуш напісала пра сустрэчу чытачоў з пісьменнікамі Міколам Чарняўскім, Уладзімірам Мазго, Аленай Стэльмах і Тамарай Бунта. Чытачы задавалі ім пытанні, датычныя развіцця сучаснага літаратурнага працэсу і творчай кухні літаратара.

75 гадоў таму на правым беразе Нёмана стаяла вёска Княжаводцы (цяпер гэта Мастоўскі раён), і жыло ў ёй больш за тысячу чалавек. Абапал адзінай вуліцы месцілася аж дзве сотні хат. Кажуць, прыгожыя ды высакародныя людзі былі ў паселішчы з загадкавай назвай. Але ў пятніцу 23 ліпеня 1943 года фашысты іх знішчылі. З гэтай сумнай нагоды днямі адбыўся мітынг-рэквіем “І помніць цяжка, і забыць нельга…” Музычная тэатралізацыя распавяла пра дзяцей Вялікай Айчыннай вайны, пра летуценныя мары вяскоўцаў, імкненне выжыць і перамагчы. Выступіла і сведка тых страшных падзей Вера Бышкала, якой тады было 13 гадоў.

Да сустрэчы ў верасні, шаноўныя чытачы “К”! Мяне чакае Дняпро, а рэдакцыя чакае новых вашых лістоў. Бо, зразумела, наш пляц “На людным месцы” разам са мною ў адпачынак не пойдзе.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"