Музыка як мова

№ 30 (1365) 28.07.2018 - 04.08.2018 г

Кропкi апірышча Андруся Палаўчэні
Вы мне можаце не паверыць, але гэта было. Нейкі час, у 2000-х, калектыў Osimira карыстаўся ў слухачоў большай папулярнасцю, чым яго “ардэнаносныя” калегі па этна-музыцы — гурты “Палац” і “Троіца”! І справа не толькі ў песенным матэрыяле, заснаваным на беларускай аўтэнтыцы, ды ў манеры яго падачы, але і ў тым, што на сцэне магілёўцы ладзілі сапраўдныя касцюмаваныя шоу. Між тым, адзін з ідэолагаў “восяў” Андрусь ПАЛАЎЧЭНЯ сёння самакрытычна сцвярджае, што да такой драматургічнай дзеі ён з камрадамі прыйшоў не адразу і па падказцы (пра што вы прачытаеце ніжэй). Вады з тых часоў выцякла шмат, аднак мы паспрабавалі з героем гэтага інтэрв’ю ўвайсці ў раку ў другі раз. І вось што з гэтага атрымалася.

/i/content/pi/cult/702/15400/22.JPGМая майстэрня — мая крэпасць

— Мы ж з табой пазнаёміліся яшчэ ў пачатку 2000-х — у пару існавання ў Магілёве гурта “Округ свободного искусства”?

— Так, недзе ў гэты час. Гэта быў досыць вялікі калектыў, чалавек восем: цымбалы, флейта, скрыпка, гітара, бас — усяго патроху. А выконвалі мы гэтакі фолк-мадэрн — бралі нейкія асноўныя меладычныя хады беларускай аўтэнтычнай музыкі і абыгрывалі іх па-свойму.

— А як “Округ…” трансфармаваўся ў Osimira? У чым заключаліся прынцыповыя змены?

— На пачатку мы проста задумалі альбом пад назвай Osimira. Але я ўцяміў, што ранейшым складам яго рэалізаваць не ўдасца. “ОСИ” я распусціў, а праз некалькі месяцаў сабраў ужо праект Osimira (у які пазней уліліся некаторыя музыканты “Округа”). Прынцыповае адрозненне заключалася ў тым, што, па-першае, дудаў стала дзве — гэта значыць, змяніліся гучанне і сама музычная падача матэрыялу. Па-другое, мы адмовіліся ад напісання ўласных тэкстаў, пакінуўшы першааснову. Па-трэцяе — і, напэўна, гэта самае галоўнае — праект першапачаткова ствараўся як камерцыйны, разлічаны прыкладна на два гады. Я, працуючы тады на радыё, разаслаў 100 плытак з дэма-запісам па ўсім свеце, так мы патрапілі на свае першыя міжнародныя фэсты. А ўжо пасля іх і пайшлі бясконцыя канцэрты ў Еўропе. Натуральна, і пра Беларусь не забывалі.

— Раскажы пра “кухню” тых шоу, якія з нейкага моманту сталі суправаджаць усе канцэрты Osimira.

— Для нас жыццё на сцэне было вельмі важнае. Але мы не прэтэндавалі на абрадавасць, аўтэнтычнасць, сакральнасць. Мы проста папулярызавалі беларускую этніку, ды і краіну наогул. Бо тады на Захадзе, дзе мы шмат канцэртавалі, мала што ведалі пра Беларусь. Таму даводзілася выступаць у ролі гэтакіх пасіянарыяў, якія заяўлялі, што беларуская культура — не руская, не ўкраінская, не польская, што яна — адзінкавая і непаўторная. І публіка, як нам здавалася, пранікалася гэтым пасылам. “Дабівалі” ж мы яе сваім выглядам. Неяк адна паненка падарыла нам вельмі своеасаблівую калекцыю этна-касцюмаў уласнага вырабу. У іх і выступалі — усе такія дзікія, кудлатыя, у шкурах, спадніцах, з дзіўнымі інструментамі.

— І якой была рэакцыя?

— Шыкоўная! Аднойчы ў Таліне, дзе гурт граў для прадстаўнікоў музычнага еўрапейскага менеджменту, да нас падышоў (як потым высветлілася) дырэктар самай буйной у паўночна-заходняй Францыі музычнай кампаніі і прапанаваў кантракт. Але пры адной умове: змена іміджу. Маўляў, касцюмы — гэта добра, але нельга пры гэтым быць на сцэне маркотным статкам. Трэба рухацца, танцаваць, запальваць публіку. Мы пагадзіліся паспрабаваць. Вось і паўстаў, калі так можна выказацца, менавіта шоу-гурт Osimira.

— Наколькі там усё было сур’ёзна — у плане зместу?

— Мне сёння цяжка меркаваць, колькі ў такіх шоу было сапраўднага, нацыянальнага. Цяпер я стаўлюся да гэтага, як да досведу, цудоўнага і карыснага. Рады, што мы яго ўвасобілі ў жыццё.

— А наогул: чаму ты абраў этніку?

— Калі казаць пра тое, што падштурхнула на гэты выбар, то, напэўна, годзе гэтак у 1995-м мой сябар “падсадзіў” мяне на аўстралійскі гурт Dead Can Dance, якi граў world music. Потым я пачуў нямецкіх мінезінгераў, потым — гурт Corvus Corax, які выконваў сярэднявечны фолк, потым — сербскіх спевакоў і спявачак. І зразумеў, што хачу рухацца ў тых кірунках — настолькі тая музыка рэзаніравала ўнутры мяне. Этніка ўва мне абуджала і абуджае нейкія сілы, якія мяне падмацоўваюць. Радзіма для мяне — гэта як пупавіна. А беларуская аўтэнтычная музыка для мяне — як для вечнага вандроўніка і даследчыка — гэта апірышча для ўсіх маіх падарожжаў і пошукаў. Мой унутраны стан звязаны з зямлёй Беларусі. Музыка, якую я выконваю, — гэта нібы мая мова, з дапамогай яе я распавядаю пра свае пачуцці да радзімы.

Аб паўзах і “халеры”

— Osimira была бадай самай яркай несталічнай беларускай камандай, якая выконвала аўтэнтыку. Як быццам вы шмат выступалі, выходзілі рэлізы, на калектыў быў пастаянны попыт. Але чаму тады ён перыядычна “ўставаў на паўзу”?

— Вонкава ўсё і сапраўды выглядала так, як ты апісаў. Але справа ў тым, што мы вельмі шмат гастралявалі за мяжой, таму нашым людзям і здавалася, што нас ужо і няма. Ды і чамусьці беларускія арганізатары канцэртаў нас доўгі час не заўважалі — да таго моманту, пакуль гурт не пайшоў нарасхоп ва Украіне, Ра-
сіі, краінах Балтыі. Але былі і паўзы, ініцыяваныя намі самімі — хаця і тады ў нас нічога, па вялікім рахунку, не спынялася. Думаю, музыканты — як і афіцэры — былымі не бываюць. Музыка — гэта такая “халера”, што калі ёй заразіўся, то ўсё, гамон.

Аднак, хаця ў адзін жыццёвы перыяд я стаў займацца ёю штодня, выступы ніколі для мяне не станавіліся самым галоўным. У мяне былі і іншыя заняткі, акрамя музыкі. Яна — гэта адзін са спосабаў рэалізацыі мяне як чалавека. А апошняя паўза — так, зацягнулася. Я на 6 гадоў распускаў гурт, паколькі стала відавочна, што творча ён сябе вычарпаў. Але ў мінулым годзе мы вярнуліся — у абноўленым складзе, з абноўленым рэпертуарам. Цяпер вось запісваем новы альбом, зноў граем канцэрты: у жніўні, напрыклад, выступім у Мінску.

— Але ж паўзы ты запаўняў нараджэннем новых этна-праектаў? Гэта значыць, табе чагосьці не хапала ў “восях”, калі я ўсё правільна разумею?

— Дакладна. Да некаторых рэчаў, якія я прапаноўваў у Osimira, асобныя музыканты гурта ставіліся скептычна і адпрэчвалі іх — маўляў, гэта ўсё некамерцыйнае, нам гэта не трэба. А самы вядомы такі “пабочны” праект, створаны мной у Пецярбургу ра-
зам з Максімам Анухiным — Hvarna — стаў вельмі паспяховым, з ім мы праехалі не раўнуючы па ўсім свеце. Гэта таксама асучасненая этнічная музыка — беларуская і расійская, але з істотным уплывам аўтэнтычных традыцый іншых краін, напрыклад, індыйскай рытмікі. І ў канцэртным варыянце Hvarna ўяўляла з сябе ў параўнанні з Osimira шоу сапраўднае — з рытуаламі, маскамі, нацыянальнымі ручнікамі, інтэрактывам.

— На твой погляд, як развівалася ў Беларусі этна-музыка з пачатку 2000-х? Мяне, напрыклад, адзін час забаўлялі новыя калектывы, падобныя адзін да аднаго.

— Я ж 11 гадоў жыву ў Санкт-Пецярбургу, мне нават праз інтэрнэт было няпроста зразумець, што адбывалася ў Беларусі ў гэтай музыцы. Так, я прыязджаў, трапляў на нейкія канцэрты. Але адсачыць мог хіба тое, што робяць мэтры — “Палац”, “Троіца”, Зміцер Вайцюшкевіч. Але адзначу ўсё ж такі магілёўскі гурт Pragnavit. А пераймальнікі заўсёды былі, ёсць і будуць. Я і пра Osimira магу не саромеючыся сказаць, што спачатку мы пераймалі “Палац”. Яго лідара Алега Хаменку я і дагэтуль называю татам — у дачыненні да этна-музыкі.

Аб шыфравальшчыках

— Мне заўсёды чамусьці здавалася, што ты вельмі нават не са свету сярэднестатыстычных людзей. Даоскія практыкі ўсе гэтыя твае...

— Любы чалавек — гэта істота, якая складаецца з розных лапікаў. Але многія і многія людзі напружваюцца, калі бачаць, што ў кагосьці можа быць некалькі захапленняў, або пакліканняў, ці што. Я з такіх. Для мяне даоскія практыкі — асаблівая сістэма развіцця чалавека, якая ўключае, да прыкладу, вывучэнне медыцыны, водараў, пытанні здаровага харчавання, заняткі цыгун, тайцзыцюань, баявымі мастацтвамі і многае-многае іншае, — пачаліся ў 12 гадоў. Гэта цэлы светапогляд, які дазваляе чалавеку быць гарманічным, духоўна багатым і ісці па сваім шляху, рэалізоўваючы ўсё, чаго ён хоча.

Сёння ў мяне ёсць уласная школа, у якой на аснове атрыманых мною ведаў кожны ахвотны можа ствараць сваю “гульню” ў гэтым свеце. Шмат езджу, выкладаю — у тым ліку і праз інтэрнэт. А яшчэ мы з жонкай займаемся праектам-лабараторыяй, звязаным з парфумерыяй.

— Калі я не памыляюся, на радзіму ты наязджаеш рэгулярна?

— Не, не так часта. Прыязджаю на рэпетыцыі, наведваю маму, тату, сястру, брата. Зямлю сваю — недалёка ад Магілёва: сад, камяні. У тым месцы пахаваныя мае продкі. Беларусь, вядома ж, змянілася. Яна стала больш творчай — ва ўсіх сферах жыцця, — больш стала еўрапейскай. Вырасла самасвядомасць людзей. Хаця з самаідэнтыфікацыяй як была ў нас бяда, так і засталася. Гэта нават па Піцеры відаць, у якім жыве больш за 200 тысяч беларусаў, і амаль усе яны ніяк сябе не праяўляюць — хаця б нейкія нацыянальныя імпрэзы ладзілі. Мабыць, мы, беларусы, увогуле вельмі любім “шыфравацца”. Ды і аматараў ныцця пакуль хапае: маўляў, усё не так, трэба адсюль “валіць”.

— А ты сам чаму з’ехаў з Беларусі? І чаму менавіта ў Піцер?

— Вычарпаў сябе ў сваім горадзе як творчая асоба. Мне стала цесна ў тых рамках, у якіх існаваў. А ў год майго расстання з Магілёвам я яшчэ і ажаніўся — з жыхаркай Піцера. За новымі ўмовамі і магчымасцямі і паехаў. Там усё гэта і знайшоў.

Даведка

Андрусь Палаўчэня, 41 год. Нарадзіўся ў Магілёве. Скончыў Магілёўскі дзяржаўны медыцынскі каледж (па спецыяльнасці фельчар), Міжнародны ўніверсітэт халiстычнай медыцыны, Міжнародную даоскую акадэмію. Стваральнік і дырэктар уласнай школы развіцця чалавека, а таксама свайго парфумернага брэнда. Працаваў вядучым на радыё і тэлебачанні ў Магілёве. Арганізатар і ўдзельнік музычных праектаў “Округ свободного искусства”, Osimira, Hvarna. З 2007 года жыве ў Санкт-Пецярбургу.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"