Імкнуся я да прызбы роднай

№ 30 (1365) 28.07.2018 - 04.08.2018 г

З Карэлічаў прыйшла інфармацыя пра льно-фэст у агра-гаспадарцы “Белыя Лугі” і фотаздымак з нумарам “К”, у якім гаворка вядзецца аб праектнай дзейнасці ў Карэліцкім раёне і які размешчаны на рэкламным стэндзе гарпасёлка. Мы папрасілі, тамтэйшыя работнікі зрабілі. Такія аператыўныя кантакты я і называю дзейснай зваротнай сувяззю. Дзякуй, работнікі культуры Карэліцкага раёна, за павагу і давер.

/i/content/pi/cult/702/15399/21.JPGУ Лідскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці ёсць аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры. Менавіта тут працуе этнаграфічная выстава “Скарбы Лідчыны”, якая адлюстроўвае розныя кірункі традыцыйных рамёстваў: пляценне з саломы, выцінанку, шыццё, ткацтва, ганчарства, дрэваапрацоўку. Словам, майстры пастараліся. Вельмі вялікая калекцыя ручнікоў, посцілак, рэчаў хатняга ўжытку. Малодшы навуковы супрацоўнік аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Марына Савіцкая разам з майстрам Валянцінай Сільвановіч правяла першыя экскурсіі. Дзіцячая аўдыторыя знаёмілася з гісторыяй беларускага касцюма, асаблівасцямі яго вырабу на тэрыторыі Гродзенскага Панямоння. Аўтары інфармацыі — супрацоўнікі Лідскага РЦК.

Яшчэ адну навіну з Лідчыны даслала Алена Габіс. “У чацвёрты раз ў аграгарадку Беліца, — распавядае яна, — ладзіцца экалагічнае свята “Па чыстым Нёмане песня плыве”. Час ужо называць мерапрыемства брэндавым. Сёлета ў конкурсе на самую вялікую рыбіну, злоўленую, натуральна, дазволеным спосабам, выйграў Вадзім Малец. Ягоны язь заважыў 1,3 кілаграма. Рыбак выйграў білет на рыцарскі турнір “Меч Лідскага замка”. Дзеці “частаваліся” квэстам. Аляксей Мілюць першы адшукаў зашыфраванае слова “экалогія” і таксама атрымаў білет на турнір. Падчас свята выступілі калектывы і артысты з Пескаўскага, Ходараўскага, Мажэйкаўскага, Ганчарскага дамоў культуры. Народны тэатр “Бераг” Мінойтаўскага культурна-дасугавага цэнтра прэзентаваў прэм’ерную мініяцюру “Лялькі-шоу”, а кіраўнік тэатра Святлана Чайко захапіла ўсіх легендамі пра Нёман і Лошу. А яшчэ дзейнічала выстава дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Пасля ахвотныя наведалі этнаграфічны пакой Беліцкай клубнай установы”.

Вядучы метадыст аддзела народнай творчасці Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу Ірына Капуста распавядае, што ў аграгарадку Лаздуны захаваўся старадаўні парк, пасаджаны больш стагоддзя таму сям’ёй былога ўладальніка лаздунскіх зямель, грамадска-палітычнага дзеяча, публіцыста і доктара права Іпаліта Корвін-Мілеўскага. Менавіта ў парку размешчана клубная ўстанова. Яе супрацоўнікі пераўтварылі мясцовую традыцыю ў свята кветак, якое дзеліць лета папалам. Тэатралізацыя пры гэтым — абавязковая. Агульнае шэсце атрымліваецца насычаным і відовішчным. Арт-конкурс “Кветкавая сімфонія” ўключае тры этапы: “Творчая прэзентацыя касцюма кветкі”, “Святло маёй радзімы”, “Чароўны нектар”. Трэці этап — самы смачны. Прысутным прапаноўваюцца напоі, прыгатаваныя з траў і кветак. Перамог у арт-конкурсе аддзел культурна-масавай і асветніцкай работы аграгарадка Суботнікі. А сярод кветкаводаў-аматараў (быў і такі конкурс) найлепшай прызнана Вольга Каспяровіч.

Вёску Будзёнаўку на Ашмяншчыне называлі калісьці “Святы Дух”. У мясцовым сельскім клубе дзятва разам з загадчыцай Валянцінай Горыд даследавала праз квэст біяграфію Лейбы Стругача (націск на першы склад). Купец, землеўладальнік і стваральнік на Ашмяншчыне першага дражджавога завода праславіўся не толькі сваім багаццем. “Святы Дух” быў знакаміты і шыкоўнай сядзібай, якую Лейба пабудаваў сам. Двухпавярховы дом у стылі мадэрн, веранда, басейн, паркавы кветкавы рай — пераконвалі ў тым, што гаспадар мае тонкі густ. Дык вось, вялікая вандроўка дзяцей пачалася ў клубе, а працягнулася на вуліцы Школьнай (тут можна пабачыць састарэлую сядзібу), якая з 2011 года носіць імя Стругача. Па словах Валянціны Горыд, квэсты вучаць падлеткаў актыўна бавіць час, а таксама даюць магчымасць дасканала ведаць гісторыю роднай зямлі.

І зноў Ашмяншчына. Работнікі культуры аграгарадка Кальчуны падрыхтавалі для сталых людзей яшчэ адно мерапрыемства. Дзень калектыўнага адпачынку называецца “На вясковай прызбе”. Прайшоў ён у вёсцы Бернікі Кальчунскага сельскага савета. Сюды нават з аддаленых паселішчаў людзі дабраліся. А з Літвы і Эстоніі прыехалі сваякі мясцовых жыхароў. Фальклорны гурт “Скарбніца” пастараўся, каб дзень нязмушанага адпачынку запомніўся надоўга. У Гальшанах падрыхтавалі рэтра-праграму. У клубным фае сабраліся ўдзельнікі аматарскага аб’яднання “Гады не бяда”, жыхары вёскі з дзецьмі ды ўнукамі. Танцавальны вечар быў насычаны канцэртнымі нумарамі. А ў “Кутку пенсіянера” прэзентаваліся кнігі з фонду мясцовай бібліятэчнай установы. Кожная распавядала пра здаровы лад жыцця.

А вось і інфармацыя ад работнікаў культуры Карэліцкага раёна. У аўтэнтычнай вёсцы Ціневічы, сялянскай гаспадарцы “Белыя Лугі”, дзе кожная рэч распавядае пра беларускі сялянскі побыт, прайшло раённае свята “Лён-фэст 2018”. Так, ушаноўваўся лён — сімвал чысціні, багацця і гасціннасці. Ён стагоддзямі апранаў і карміў нашых продкаў. Канцэртную праграму падрыхтавалі творчыя калектывы Карэліцкага і Іўеўскага раёнаў. Супрацоўнікі раённага дома рамёстваў прапанавалі адмысловыя нацыянальныя сувеніры. Работнікі Карэліцкай раённай бібліятэкі арганізавалі кніжную выставу “Лён мой, лён”. Былі блінцы з семенем лёну, з мёдам ды варэннем. Майстар-клас па вышыўцы правяла майстрыха РДР Вольга Крышань.

Я нават і не памятаю, калі была апошняя інфармацыя з Клімавіцкага раёна. І вось ён, гэты шчаслівы момант! Піша Ігар Новікаў — нядаўні школьны выпускнік, сённяшні студэнт. Па сутнасці, ён прызнаецца ў любові да работнікаў культуры, называе іх людзьмі незвычайнымі, бескарыслівымі. А канкрэтна гаворка — пра сельскі клуб аграгарадка Лобжа. Загадчыкам тут Таццяна Градава, якая заўжды ў добрым настроі. Яна — арганізатар усіх святочных праграм. Вельмі любіць дзяцей. Пры ўстанове — шэсць фарміраванняў, якія наведваюць 54 чалавекі. Яны займаюцца фальклорам, вакалам, эстраднай песняй і народнымі гульнямі. Рэалізуецца праект па адраджэнні і папулярызацыі беларускіх побытавых танцаў. З фальклорнымі экспедыцыямі клубны работнік і яе выхаванцы наведалі вёскі Муравец, Заручча, Лапатовічы, Пад’елле, Сінеж. Збіралі матэрыял пра майстрых-рамесніц. Так што Таццяна Мікалаеўна, робіць высновы аўтар допісу, — на сваім месцы.

Са Смаргоншчыны даслалі справаздачу самых яркіх культурных падзей тыдня. Сінькоўкі дом культуры, да прыкладу, прапанаваў канцэртную праграму “Песні і танцы маёй бабулі”. Тэма — невыпадковая, бо ўстанова як раз і займаецца захаваннем ды развіццём лепшых фальклорных традыцый свайго краю. Найлепшы таму доказ — народны фальклорны калектыў вёскі Шутовічы і дзіцячы фольк-гурт “Буслянка”. На возеры, што ля вёскі Бялевічы, прайшоў дзень рыбака. Больш за дваццаць чалавек сапернічалі ў рыбнай лоўлі аж з шасці гадзін ранку. У аграгарадку Жодзішкі прайшоў першы фестываль побытавых танцаў “Жодзішкаўскі карагод”. На мерапрыемстве прысутнічалі калегі з Ліды. Арганізатары пастараліся, каб “… карагод” стаў сапраўднай школай па засваенні нацыянальнага харэаграфічнага мастацтва. Справаздачу для “К” рыхтавала дырэктар Смаргонскага раённага цэнтра культуры Галіна Крацянок.

І напрыканцы — бібліятэчная тэматыка. Шчучынская раённая бібліятэка імя Цёткі прапанавала квэст “Разумніцы і разумнікі”. Удзельнікамі гульні сталі работнікі і навучэнцы Шчучынскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.

Бібліятэкар Астравецкай дзіцячай бібліятэкі Ганна Кераль напісала пра тое, як іх установу наведалі мальцы з Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 Астраўца. Дашкаляты паўдзельнічалі ў літаратурнай вандроўцы “Хто нам кнігі напісаў і намаляваў”. Мерапрыемства прымеркавана да 115-годдзя з дня нараджэння мастака і пісьменніка, бацькі савецкай мультыплікацыі Уладзіміра Суцеева.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"