Status Quo яшчэ ў перспектыве

№ 30 (1365) 28.07.2018 - 04.08.2018 г

Культура — ідэалогія = культура2
“Захаваць бы тое, што было” — гэткая ж папулярная сярод работнікаў культуры фраза, як і гаворка пра падвышку іх заработнай платы. Немалаважнае ўдакладненне: папулярная толькі сярод саміх работнікаў культуры. Але гэтым разам я не пра грошы. Прайшло амаль два месяцы, як пэўныя абласныя ўпраўленні і раённыя аддзелы сталі называцца па-ранейшаму: “упраўленні і аддзелы культуры”. Пра гэтыя структурныя змены і хацелася б паразважаць.

Пачалося ўсё ў красавіку 2013 года, з Указа № 168 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб некаторых мерах па аптымізацыі сістэмы дзяржаўных органаў і іншых дзяржаўных арганізацый”. Тады ў выніку аб’яднання і з’явіліся ўпраўленні і аддзелы ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. Грувасткая назва прымусіла нас, журналістаў, карыстацца абрэвіятурай: аддзел ІРКСМ. Як змянілася праца работнікаў культуры, вядома кожнаму нашаму чытачу: клопат падвоіўся і патроіўся. Час паказаў, што парадаксальны фразеалагізм “Назад у будучыню!” цалкам адпавядае патрабаванням часу. Думаецца, менавіта з гэтай прычыны сёлета адбыліся чарговыя структурныя змены ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі, рашэннямі аблвыканкамаў. Працэс вяртання былога статусу аддзелаў ды ўпраўленняў распачаўся з 1 чэрвеня гэтага года. У кожнай з абласцей ідзе ён па-рознаму. На гэта і звернем увагу.

Зноў не галоўныя?

Найперш я пацікавіўся сайтамі аблвыканкамаў. Брэстчына здзівіла тым, што поруч з галоўным упраўленнем ідэалагічнай работы і па справах моладзі, ёсць проста ўпраўленне культуры. Узначальвае яго наш стары знаёмы Сяргей Панасюк. Тое, што культура зноў не галоўная, засмуціла.

— Ды не, — патлумачыў сітуацыю Сяргей Барысавіч, — проста наш сённяшні штат пакуль не дазваляе мець статус “галоўнага”. Інакш кажучы, кадраў пакуль мала. Аднак з часам сітуацыя павінна быць выпраўлена.

Усё правільна, але мяне асабіста такая думка не вельмі грэе. Уявіце, нейкая гераічная ды мужная дывізія ў чарговы раз выйграла чарговы бой, але без дай прычыны была пазбаўлена звання “гвардзейскай”. Згодны, прыклад мо і не вельмі ўдалы, але ён дакладна адлюстроўвае стан пэўнай дэмаралізацыі сярод работнікаў культуры, якія заўжды на пярэднім краі. Status Quo, натуральна, будзе ўзноўлены, але шкада часу і нерваў.

Па словах Сяргея Панасюка, у буйных гарадах вобласці — Баранавічах, Брэсце, Пінску — аддзелы культуры ўжо дзейнічаюць. Штатны расклад дазволіў дасягнуць гэтага і ў чатырох раёнах: Іванаўскім, Бярозаўскім, Столінскім і Кобрынскім.

— Мы так альбо інакш павінны былі стаць аддзелам культуры Брэсцкага гарвыканкама, — распавядае кіраўнік гэтай структуры Ніна Сямашка, — з той прычыны, што чакаюць нас у наступным годзе вялікія падзеі: тысячагоддзе Брэста і наданне яму статусу Культурнай сталіцы СНД (“К” пісала пра яе прэзентацыю ў Астане).

А што ў астатніх раёнах? У аддзелах ІРКСМ засталося літаральна па некалькі чалавек. “Таму ў нас пакуль — ніякіх змен”, — паведамляе, да прыкладу, начальнік адпаведнага аддзела Маларыцкага райвыканкама Андрэй Гарбацэвіч. Больш аптымістычна глядзіць на будучыню начальнік аддзела Баранавіцкага райвыканкама (раёна, а не горада!) Аксана Шчэрба: “Дзякуючы старанням кіраўніка раёна наш аддзел ІРКСМ павялічыўся на дзве штатныя адзінкі”.

Вельмі цікава было паслухаць начальніка аддзела Іванаўскага райвыканкама Валянціну Барадзінчык. Яна казала пра тое, што вельмі цяжка было сумяшчаць ідэалагічныя захады і культурную работу. Часу на апошнюю іншым разам проста не ставала. “А дзень праміне — ніколі не дагоніш!” — дадае яна. Упэўнена Валянціна Андрэеўна і ў тым, што кожны работнік культуры — дзейсны ідэолаг. Хаця сцвярджаць, што ідэалагічныя работнікі як такія — зусім непатрэбныя, зразумела, не выпадае.

— Той, каму давялося папрацаваць ідэолагам, ведае спецыфіку гэтай дзейнасці, — кажа Валянціна Барадзінчык. — Тут адказнага клопату хапае. І па інфармаванні насельніцтва, і па падтрымцы шчыльных стасункаў паміж народам і ўладамі.

Грошай не стае таксама

З афіцыйнага сайта Гродзенскага аблвыканкама я даведаўся, што галоўным упраўленнем ідэалагічнай работы і па справах моладзі кіруе Аляксандр Вярсоцкі, яшчэ адзін даўні сябра нашай рэдакцыі. А вось упраўлення культуры на аблвыканкамаўскім сайце я не знайшоў зусім (пішу гэты артыкул 24 ліпеня). Напалоханы гэтым фактам, тэрмінова звязаўся з Аляксандрам Людвігавічам.

— Упраўленне ёсць, проста сайт не паспявае за зменамі, — патлумачыў ён і паведаміў, што і на раёнах большасць аддзелаў пераўтвораны ў сектары культуры.

Крыху іншая сітуацыя на Віцебшчыне. Упраўленне культуры створана, аддзелы — пакуль не. Раней Галіна Баркевіч узначальвала аддзел культуры як структуру ўпраўлення, цяпер з’яўляецца намеснікам начальніка ўпраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама. Па словах Галіны Фёдараўны, структурныя змены адбыліся ў гарвыканкамах Віцебска і Оршы, а раёны павінны самі праявіць ініцыятыву. Яны, натуральна, не спяшаюцца. На Сенненшчыне, да прыкладу, у аддзеле ІРКСМ — усяго пяць чалавек. Начальнік аддзела Сяргей Мяцеліца за раздзяленне, але пры такім кадравым раскладзе не ведае, наколькі эфектыўным яно будзе. Маўляў, не толькі з кадрамі дэфіцыт, але і з грашыма. Што ні кажы, а скасоўваць заўжды лягчэй, чым адраджаць ды рэканструяваць.

Не дадало аптымізму і становішча спраў у Магілёўскай вобласці. Упраўленні падзяліліся, але вакансія начальніка ўпраўлення культуры пакуль не занята. Як паведамілі ў абласным метадычным цэнтры, аддзелы культуры з’явіліся не толькі пры гарвыканкамах Магілёва ды Бабруйска, а і пры Чавускім райвыканкаме — толькі не аддзел, а сектар культуры, які ўзначальвае Наталля Кандраценка.

Пра гэта яшчэ Сяргей Панасюк з Брэста казаў. Маўляў, няхай будуць не аддзелы, а сектары, маўляў, няхай адзін і той жа шлях нам трэба прайсці двойчы, але мэта (усе сілы — на развіццё нацыянальнай культуры) апраўдвае сродкі (дакладней — іх адсутнасць).

Чым адрозніваецца сектар ад аддзела? Вось тлумачэнне загадчыка сектара культуры Чавускага райвыканкама Наталлі Кандраценка:

— У складзе нашага сектара загадчык ды спецыяліст. Кіраўніцтва райвыканкама вырашыла, што раёну патрэба самастойная структура па кіраванні культурай, а мы не былі супраць.

“Нічога мяняць не будзем”

Начальнік аддзела па рабоце са СМІ галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінскага аблвыканкама Святлана Кісель зазначыла, што пераўтварэнняў не будзе: кіраўніцтва вобласці мяркуе, што выгадней заставацца на старых пазіцыях. Прыкладна тое ж паведамілі і ў Гомельскім аблвыканкаме. Як я ні імкнуўся высветліць, у чым тыя выгоды, так і не знайшоў дакладнага адказу.

* * *

Я вельмі хацеў, каб пэўныя вынікі сітуацыі падсумавала намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення культуры і аналітычнай работы — начальнік упраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Наталля Задзяркоўская. Яна пазнаёмілася з артыкулам, слушна зазначыла, што да такой важнай тэмы мы будзем звяртацца не адзін раз. І для пэўнага аналізу і каментарыя яшчэ назапасілася мала фактуры. Адзінае ясна: у кожнага свой шлях да структурызацыі працы. Але няхай пройдзе час, няхай напрацуецца пэўны досвед. Вось тады і можна будзе вызначаць, якія тут формулы жыццядзейныя, а якія — не.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"