Эмісары з краіны цмокаў

№ 29 (1364) 21.07.2018 - 28.07.2018 г

Фестывальны сезон у самым разгары. Сёння ў Глыбокім завяршаецца “Вішнёвы фэст”, неўзабаве брэндавыя святы пройдуць і ў дзясятках іншых куткоў краіны. Між тым, некаторыя нашы музыкі адзін за адным скараюць і замежныя фэсты, становячыся своеасаблівамі эмісарамі беларукай культуры. Мода на сярэднявечча не згасае ва ўсім свеце вось ужо амаль паўстагоддзя. Зразумела, не абмінула яна і Беларусь. Гурт IRDORATH з новага пакалення айчынных музыкантаў пайшоў нават трохі далей за іншых выканаўцаў. Свой стыль ён называе “фэнтэзі-фолкам”, і старадаўнія інструменты ды этнічныя матывы спалучаюцца ў ім з дрэдамі і крыламі цмока на сцэне. Мінулы год для Irdorath стаў прарыўным. Выхад новага альбома на германскім лэйбле, удзел у буйных еўрапейскіх фестывалях, пачатак насычанага гастрольнага жыцця... Гэтым летам калектыў таксама ўвесь час у дарозе. У першы уік-энд ліпеня ён выступіў у Італіі, у другі — у Латвіі, а вось акурат сёння мае выйсці на сцэну буйнога фэсту ў Румыніі. — Фестывальны сезон звычайна доўжыцца з красавіка па кастрычнік, і сёлета ў нас у гэты час толькі некалькі вольных выхадных! — распавядаюць музыканты. На вельмі розных пляцоўках яны імкнуцца распавесці пра родную краіну — не толькі словамі Караткевіча, але і сваім дзівосным шоу ды драйвавай музыкай.

/i/content/pi/cult/701/15367/1.jpgЯдро гурта, які паходзіць з Гродна — Уладзімір і Надзея. “Па жыцці” ў іх ужо аднолькавае прозвішча, але як музыканты яны карыстаюцца “сямейным” псеўданімам Irdorath. З дударом Уладзімірам мы і гутарым пра справы надзённыя ды мінулыя.

— Ваш апошні альбом выдадзены ў Германіі, вы там часта выступаеце, ды і букінг-агент ваш германскі. Чаму менавіта гэтая краіна стала для вас такой значнай?

— Наш трэці альбом Wild называецца, як мы лічым, на-нямецку — “Вільд”, а не па-англійску. Германія — эпіцэнтр той творчай плыні, да якой мы належым. Там неверагодная колькасць фестываляў па гэтай тэматыцы — за сезон недзе каля 300! У нейкі момант мы зразумелі, што нямецкі шоу-бізнес вымагае, каб у нас быў свой букінг-агент, бо сур’ёзныя арганізатары працуюць з імі, а не наўпрост з артыстамі. І цяпер наш графік распісаны шчыльна.

— Наколькі я разумею, у асноўным такая тэматыка запатрабавана на Захадзе?

— Не толькі. Акурат нядаўна ў нас быў насычаны ўкраінскі перыяд. Увогуле, украінскія фэсты імкнуцца выходзіць на еўрапейскі ўзровень. Скажам, Уладзімір-Валынскі — гарадок невялікі, але там ладзіцца проста грандыёзны гістарычны фестываль “Княжы”. Вялізная сцэна, ідэальная тэхнічная каманда… Хаця галоўнае — гэта, канешне, публіка: максімальна адкрытая, шчырая і гарачая. Такога фідбэка, як ва Украіне, мы не атрымліваем, бадай што, нідзе! І сёлета нас на тым фэсце, як кажуць, ледзь не “парвалі на часткі”. Пасля выступлення нам нават давялося ўцякаць з аўтограф-сесіі — настолькі моцныя пачуцці былі ў апантанага натоўпу гледачоў! Мы адчулі сябе /i/content/pi/cult/701/15367/2.JPGнейкімі поп-зоркамі! (смяецца).

— А Беларусь часам трапляе ў ваш гастрольны графік?

— Нядаўна адыгралі на двух купальскіх фестывалях. “Свята Сонца” — гэта ці не лепшы этна-фэст у Беларусі, я лічу. Наступным разам меліся выступаць у парку гісторыі “Сула”, але дажджы ў той дзень ішлі такія, што пазалівала ўсё, і сцэну ў тым ліку. Мала хто прыехаў, і з артыстаў дабраліся толькі мы. У выніку, гралі на імправізаванай сцэне пад дахам, і канцэрт атрымаўся вельмі душэўным. Напрыканцы ліпеня ў нас яшчэ будзе канцэрт на Дні горада ў Камянцы.

— Стыль “фэнтэзі-фолк” — гэта ж вы яго для сябе прыдумалі?

— Так, прыдумалі, а потым вырашылі “пагугліць”: можа, яго ўжо да нас вынайшлі? Але не, не знайшлі! Затое, цяпер можна ўбачыць нямала гуртоў з падобным вызначэннем — фэнтэзі. У асноўным, беларускія, але мы знаходзілі і нямецкія, і італьянскія.

— Вы, мабыць, трапілі ў яблычак, адчулі трэнд, актуальны ва ўсёй Еўропе?

— І ў ЗША, і ў Паўднёвай Амерыцы. Абмяркоўваецца арганізацыя нашых канцэртаў у Мексіцы, напрыклад. Але туды далёка ляцець. У Еўропе ўсё параўнальна блізка.

— А як вам удалося выйсці, так бы мовіць, на знешні рынак?

— Нам пашчасціла адразу патрапіць на знакавыя імпрэзы. Спярша быў фестываль у нямецкім Зэльбе с суперзоркамі нэафолка, потым трапілі на найбуйнейшы ў свеце гатычны фэст Wave Gotik Treffen, падчас якога Лейпцыг ператвараецца ў рай для готаў: там працуе больш за 20 канцэртных пляцовак, і ўвесь горад запаўняецца каларытнымі асобамі. Менавіта на гэтым фестывалі нас знайшоў букінг-агент, неўзабаве з’явіўся і ўплывовы лэйбл.

— Пікам гісторыі поспеху Irdorath у Германіі было леташняе выступленне на культавым фэсце.

— Так, Wacken Open Air — самы вялікі металічны фестываль ва ўсім свеце, найвышэйшая ліга ў цяжкай музыцы. Мы былі першымі і адзінымі беларусамі, якія там выступалі за ўсю яго амаль 30-гадовую гісторыю! Wacken — гэта проста эталон арганізацыі і дакладнасці, такой пунктуальнасці і прадуманасці ўсіх дробязяў мы яшчэ не бачылі. Irdorath граў на сцэне фолк-метала ў самы прайм-тайм — 21.40.

— Мабыць, цікавых гастрольных гісторый хапае?

— Ажно зашмат! Вось, нядаўна ў Італіі давялося штурхаць наш аўтобус са зламаным стартэрам, а побач па аўтабане праляталі фуры на хуткасці 150 кіламетраў. Незабыўныя ўражанні! У лютым мы выступалі на адкрытай сцэне пры тэмпературы мінус 11 градусаў. У нас тады было некалькі фестываляў у Германіі, у тым ліку, і зімовы Wacken, дзе нам трэба было замяніць хэдлайнераў, у якіх нехта захварэў. Вельмі натхняльная была паездка. Урэшце, прыйшла чарга традыцыйнаму сярэднявечнаму кірмашу ў Хамельне. У лютым там звычайна плюсавая тэмпература, але сёлета раптам усчаліся анамальныя маразы. А ў нас кантракт, і праехалі мы амаль дзве тысячы кіламетраў. Многія артысты, напужаныя надвор’ем, проста адмовіліся выступаць. І мы сталі, як кажуць, цвіком праграмы, ігралі на адкрытых сцэнах, ажно пяць канцэртаў далі.

— Цяжка было?

— Не перадаць! Мала таго, што мерзлі — нават струны лопаліся на скрыпцы і гітары! Ты сыграеш партыю на валынцы, адкладзеш яе на пару хвілін, потым ізноў бярэш — а там у трубках ужо лёд! Першы раз у жыцці такое бачыў! Затое, пасля гэткіх фестываляў узнікае ўражанне, што мы можам УСЁ!

— У гурту Irdorath з фантазіяй змяшаліся самыя розныя рэчы: медыяваль, готыка, этніка, дуда, бузукі — і разам з гэтым метал! Спевы і на беларускай, і на латыні, яскравы знешні выгляд — нібы ў герояў камп’ютарных гульняў — і нават дрэды.

— Дрэды — гэта проста частка знешняга вобразу. Іграем на акустычных інструментах, але падчас выступленняў выкарыстоўваем хады, традыйцыйныя для рок-музыкі. У нас вялікая роля перформанса, прадстаўлення. Кожны музыкант у гурту неяк паўплываў на яе стыль, бо ўсе прыйшлі з самых розных сфер — хто з метала і хіп-хопа, хто з джаза, а скрыпачка больш за 15 гадоў іграла акадэмічную музыку. Я пачынаў з дуды, з валынкі. І для нашага калектыву такая разнастайнасць не мінус, а наадварот сіла.

— Гурт вы збіралі ў Гродне. Давайце згадаем гэтую гісторыю.

— Вучыўся я ў школе з тэатральным ухілам, быў ужо 11-ы клас, і вельмі мне спадабаўся такі дзіўны інструмент — валынка, дуда па-нашаму. Натхняла старажытнасць Гродна, блізкасць Еўропы, літаратурныя творы і культавыя камп’ютарныя гульні. І я здолеў стаць уладаром дудэльзака — нямецкай валынкі — навучыўся на ёй граць, зрабіў адмысловы касцюм. У мяне адразу было імкненне да перфомансаў, хоць я і не рушыў далей па тэатральным шляху. Знайшоў кампаньёнаў, і першае выступленне адбылося падчас Фестывалю нацыянальных культур у Гродне. Мы збіралі вакол сябе натоўпы людзей, і я моцна натхніўся. Вырашыў, што мне патрэбны пастаянны партнёр, каб працаваць разам. І аднойчы пазнаёміўся з Надзяй у нейкай кампаніі, яна ледзь не выпадкова пастукала ў барабан, а я зразумеў, што знайшоў такога чалавека.

— Вы тады толькі ў прафесійным сэнсе адчулі цікавасць да Надзеі, ці нешта прадказвала ваша будучае вяселле, якое вы два гады таму святкавалі проста падчас клубнага канцэрта?

— Не, спачатку быў толькі халодны разлік. Надзя была студэнткай юрыдычнага факультэта Гродзенскага ўніверсітэта, але вабіла яе творчасць. Мы і для яе зрабілі адмысловы касцюм, і вось я з валынкай, а яна з вялізным барабанам выступалі на вуліцах Гродна, выконвалі папулярны сярэднявечны рэпертуар. Была спроба нейкага вулічнага тэатра — з фаершчыкамі, жанглёрамі. Але не пайшло.

Тым часам, Надзя зайграла і на духавых інструментах, на валынцы. Мы вырашылі, што нам патрэбна рытм-секцыя, потым яшчэ нехта. Так гурт і вырас. Неўзабаве мы адчулі, што гатовыя запісваць першы альбом. Потым пераехалі ў Мінск, каб тут рабіць усё больш прафесійна. Вось так ад сярэднявечных стандартаў прыйшлі да аўтарскай музыкі, да цяперашняга моцнага гучання, якое дазваляе выступаць на металічных фэстах. Прыйшлі і да напісання песень на беларускай мове — апошні па часе альбом у асноўным беларускі.

— А ў які момант вы адчулі, што, нягледзячы на ўсю інтэрнацыянальнасць фэнтэзі і фолк-метала, вы ўсё ж беларусы?

— На пачатку мы не прывязвалі сваю дзейнасць да нейкай канкрэтнай культуры — гэта было сапраўднае фэнтэзі, якое не ведае нацыянальнасцяў. Але ўжо на другой плытцы ў нас з’явіліся два трэкі па-беларуску. Адзін з іх — на верш Уладзіміра Караткевіча “Быў. Ёсць. Буду”, які вельмі моцна зачапіў усіх музыкантаў гурта. А на трэцім альбоме па-беларуску ўжо большасць кампазіцый — гэта фэнтэзі, заснаванае на нашай міфалогіі.

Паўплывала, несумненна, тое, што за мяжой мы прадстаўляем Беларусь, а многія там і слова такога не чулі. Нам хацелася неяк вылучацца, дэманстраваць менавіта стыльную, крэатыўную, яскравую краіну — такую, як наш гурт. Мы ўсім распавядаем, што гэта цывілізаваная краіна са сваёй старажытнай міфалогіяй, дзе апяваюцца вобразы багнаў, зуброў і цмокаў! А Надзя на пачатку кожнага выступу з гонарам гаворыць: “Мы з Беларусі, і зараз вы зможаце ўпершыню пачуць нашу цудоўную мову”. І бачна, што ў людзей узнікае непадробны жывы інтарэс. Насуперак штампам і стэрэатыпам, нам цікава і прыемна паказваць Беларусь такой трохі казачнай, містычнай краінай, дзе жывуць прыгожыя героі і дзеецца нешта фантастычнае ды цікавае.

Гутарыла Надзея КУДРЭЙКА