Дзіўная птушка, якой больш няма

№ 28 (1363) 14.07.2018 - 19.07.2018 г

На адрас мінскага гурта Tonqixod крытыкі і меламаны не шкадуюць захопленых слоў. Яго не абвінавачваюць у эстэцтве, а дзякуюць за гэта. Экспертамі з аднайменнага музычнага сайта “тонкіходаўская” работа “Колер, якога няма” прызнаная альбомам 2017 года. Што самае дзіўнае, на момант узнагароджвання групы ўжо фактычна не існавала. Яшчэ год таму, адразу пасля выдання новай праграмы, Tonqixod заявіў пра спыненне дзейнасці. Сёлетнія прэміі на некаторы час вярнулі калектыў на сцэну і далі нагоду яшчэ раз пашкадаваць пра раптоўны і не зусім зразумелы яго распад. З гітарыстам, вакалістам, аўтарам тэкстаў і суаўтарам музыкі Tonqixod Уладзем ЛЯНКЕВІЧАМ мы вырашылі падвесці рысу пад пяцігадовай гісторыяй гурта, якая складалася выключна з творчых поспехаў. Заадно і зазірнулі ў будучыню.

/i/content/pi/cult/700/15361/20.JPG— Група Tonqixod — вельмі дзіўная птушачка на нашай сцэне, і таму ўзнікае пытанне: а што гэта наогул было? Як і чаму распачалася гісторыя калектыву?

— Праз пэўны збег акалічнасцяў. Не было такога моманту, калі мы селі і вырашылі стварыць групу. Проста выпадкова сустрэліся людзі, якія любяць падобную музыку, хаця самі пры гэтым — вельмі розныя. У кожнага раней былі свае праекты, і ў маладзейшыя гады мы часта перасякаліся на самаробных рэпетыцыйных кропках у розных гаражных кааператывах. І вось, аднойчы мы з клавішнікам Максімам Субачам дазналіся, што будзе чарговы конкурс “Бардаўская восень”, і вырашылі там выступіць. Хуценька напісалі песні, зрабілі аранжыроўкі. Потым зразумелі, што атрымліваецца сімпатычна, і прапанавалі ў гэтым паўдзельнічаць бубначу Андрэю Аляксеенку. І шляхам некалькіх агульных джэмаў, вельмі лёгка і бадай ненаўмысна, у нас склалася тая праграма, якая потым стала першым альбомам “Прадмова”. Усё гэта вырасла проста з нашага жадання займацца музыкай.

— Але чаму менавіта такой музыкай? Арт-рок — гэта ж нешта з мінулага стагоддзя, яго росквіт быў яшчэ да вашага нараджэння.

— Усё так. Але недарма ў нас з’явіліся пункты судакранання. Мы ўсе любілі ў свой час The Doors і іншыя групы той пары. І ў кожнага быў свой шлях да гэтай музыкі. Да мяне яна прыйшла праз бацьку і яго захапленні. Ён меламан, у 1980-я мяняўся кружэлкамі, маляваў плакаты, размнажаў нейкія фотаздымкі. Мае самыя раннія малечыя ўспаміны — гэта Immigrant Song легендарных Led Zeppelin! А замест калыханкі быў пінкфлойдаўскі Dark Side of the Moon. У Максіма — свая гісторыя. Ён вучыўся ў музычнай школе на класічнага гітарыста, але клавішы прывабілі яго болей. Андрэй — металіст, да нас іграў у розных групах гэтага стылю. Родам ён з Рэчыцы, а ў тых мясцінах моцная металёвая сцэна. Увогуле, мы ўсе слухаем процьму рознай музыкі, і, зразумела, нашы цікавасці значна шырэйшыя за арт-рок. Але калі ўсё гэта зміксавалася, плюс наклаліся мае тэксты, атрымаўся акурат Tonqixod.

— І сапраўды, без іх Tonqixod не быў бы такім. Ці супадаеце вы ў вершах і ў тэкстах песень, або для вас гэта розныя рэчы?

— Часцей за ўсё я іх выразна размяжоўваю: песня — гэта адно, а верш — зусім іншае. Хаця так атрымалася, што некалькі маіх тэкстаў з паэтычнага зборніка “70 працэнтаў вады” пазней патрапілі на запісы Tonqixod. Я разумею, што верш на друкаванай старонцы павінен быць, так бы мовіць, гусцейшым, шчыльнейшым у паэтычным плане, больш насычаным метафарамі.

— Але ж у вас і ў песнях не тое каб пуста ў гэтым сэнсе…

— А гэта я ўжо не магу сябе стрымаць! Агулам, мая пазіцыя такая: сур’ёзная музыка павінна мець і сур’ёзныя тэксты, без зніжак. І ўсё ж, у песнях я часам дапускаю большую разрэджанасць вобразаў, каб не было моцнага перагрузу. Увогуле, для мяне ўся творчасць унутрана моцна звязаная з нейкай тэатральнасцю. Мяне цягне працаваць на мяжы, на стыку жанраў. Магчыма, тэксты вымагалі б і гэтага дапаўнення. Іншая справа, што ў рамках гурта Tonqixod рэалізаваць тэатральнае суправаджэнне не атрымалася.

— Я зараз задам банальнае журналісцкае пытанне — які з вашых двух альбомаў вы лічыце найлепшым?

—Як ні дзіўна, у гэтым выпадку я дам банальны адказ — мне па-свойму падабаюцца абодва. Ёсць другі варыянт банальнага адказу — апошні альбом заўсёды найлепшы, бо мы сапраўды падняліся на нейкі новы ўзровень у плане аранжыровак ды іх прадуманасці. Першы альбом быў шмат у чым спантанны, імправізацыйны, нават трохі “гаражны” ў тым, як мы яго запісвалі. У другім альбоме гэтага менш, ён больш рафінаваны, выкшталцоны, што мне таксама падабаецца. У той самы час, першая плытка была больш лёгкай, дзёрзкай… Таму для мяне яны выглядаюць, як старонкі адной кнігі.

— Якія песні вы лічыце галоўнымі ў гісторыі Tonqixod? У першую чаргу “Насыпаць горы”, зразумела…

— Дарэчы, яе поспех у публікі спарадзіў і праблемку. Маўляў, трэба ж напісаць і другую такую “Насыпаць горы”, каб яна была не горш, каб яе таксама ўсе ацанілі! Іронія ў тым, што песня ўзнікла вельмі нечакана, пад канкрэтнае мерапрыемства, ледзь не з утылітарнай мэтай.

— А скажыце нам простай мовай, не вершаванай: пра што песня “Насыпаць горы”?

— Пра тое, што многім з нас увесь час нешта муляе і перашкаджае жыць, усё нечага не стае. І лезуць думкі — а вось калі б яно было не так, а гэтак… А лепей і наогул вось гэтак! Атрымалася такая спроба іранічнай палемікі з самім сабою і з іншымі людзьмі, якія мысляць падобным чынам.

Што да галоўных песень… Яшчэ нам вельмі важная кампазіцыя “Заратуштра”, тут і Максім бы пагадзіўся. Гэта заключны трэк з апошняга альбома, такая 9-хвілінная эпахальная п’еса, яна мне здаецца ўдалай і ў паэтычным плане, і ў музычным, і ў аранжыровачным. Мы для яе запрасілі сесійных музыкантаў, там ёсць і рок-н-рол, і арт-рок, і трохі авангарда прарываецца. У прынцыпе, усё, што нам падабаецца, мы ў адной кампазіцыі злучылі. Дый іншыя трэкі можна згадваць. І песня пра футра, і песня пра вяселле, і пра лясы, і пра балоты — усе яны маюць свае фішкі. Бо мы не графаманы, кожная кампазіцыя стваралася як апошняя — каб за яе ніколі не было сорамна.

— Вы так цёпла расказваеце пра сваіх былых калег, але ж група распалася, прычым без нейкіх асаблівых тлумачэнняў. Няўжо абышлося без скандалу, даволі звыклага ў такіх выпадках?

— Так, паскандаліць нам нешта не давялося. Наша гісторыя не да канца рок-н-рольная, мы не Макартні з Ленанам, не браты Гэлахеры. У першую чаргу, распад звязаны з творчымі памкненнямі Максіма Субача. Яго пацягнула па-за межы калектыўнай творчасці. Ён вырашыў: “Я хачу быць адзіным гаспадаром той музыкі, якую буду рабіць”. А гранне ў камандзе — гэта заўсёды кампраміс, заўсёды трэба дамаўляцца. Але без Максіма таго гурта, які называўся Tonqixod, ужо не будзе. Бо ў нас з ім утварыўся аўтарскі тандэм, музыку мы пісалі разам, аранжыроўкі таксама разам рабілі.

— Пра спыненне дзейнасці групы вы абвясцілі яшчэ год таму. Але ж на пачатку гэтага лета ўсё ж адыгралі канцэрт, арганізацыя якога была прызам за найлепшы альбом мінулага года ад прэміі “Эксперты”.

— Нам падумалася, што калі андэграундных музыкантаў у Беларусі настойліва просяць сыграць, мы проста абавязаныя скарыстацца такім рэдкім шанцам! Больш за тое — у першы дзень ліпеня мы адыгралі яшчэ адзін сэт — на фестывалі ў Беластоку. Справа ў тым, што калі да адной з арганізатарак Ілоны Карпюк дайшла інфармацыя пра наш развітальны канцэрт, у яе адразу з’явілася прапанова. Маўляў, вы ж усё роўна сабраліся разам, рэпетуеце, будзеце ў форме. Чаму б тады не выступіць заадно і ў Беластоку? Мы паглядзелі на спіс удзельнікаў фестывалю і пагадзіліся. Гэта была яшчэ і нагода для нас паслухаць розных цікавых музыкаў — напрыклад, Orchestre Tout Puissant Marsel Duchamp.

— Плануеце працягваць сваю музычную дзейнасць, або толькі паэтычную?

— Ад пачатку, яшчэ са школьных часоў, мяне вабіла менавіта паэтычнае слова. Але ж я заўсёды любіў і музыку, заўсёды хацеў іграць у гурце. У мяне з падлеткавага ўзросту захаваліся цэлыя сшыткі такіх трохі смешных песенек. Спадзяюся, і зараз музыка не выкіне мяне за борт. Неўзабаве я — ужо з новым складам — маю паўдзельнічаць у конкурсе фестывалю “Басовішча”. Ведаю, што Максім працуе над сваім сольным праектам — інструментальным, студыйным, з даволі складанай музыкай. А наш бубнач Андрэй адразу пасля абвесткі пра спыненне дзейнасці Tonqixod атрымаў процьму прапаноў і цяпер іграе ў групе Irdorath, якая адзін за адным скарае еўрапейскія фестывалі.

— А ці ёсць перспектывы чарговага рэюніёну?

— Думаю, так. Цалкам магчыма, што калі-небудзь нам удасца разам стварыць яшчэ адну праграму або, прынамсі, выйсці на сцэну. Як я казаў, мы, усё ж, не сварыліся.

Гутарыла Надзея КУДРЭЙКА