А вёску завуць Яблынька

№ 28 (1363) 14.07.2018 - 19.07.2018 г

І куды гэтае лета спяшаецца? Не паспелі ачомацца, а яно ўжо амаль на другую палову пераскочыла. У сталічных чыгуначных ды аўтавакзальных касах — чэргі. Жыхары Мінска імкнуцца хутчэй вырвацца з тлуму і гарачыні, каб атрымаць ад летняга адпачынку максімальнае задавальненне дзе-небудзь на экзатычным прыродным улонні. Спяшаюся і я. Заўтра, 12 ліпеня, неабходна быць па камандзіровачных справах у Карэлічах. Білет — ужо ў кішэні. А таму сёння трэба абавязкова ўправіцца з чарговым аглядам пошты, балазе ліставанне да нас не замірае нават у летні сезон. Дзякуй, пазаштатнікі!

/i/content/pi/cult/700/15358/16.jpgМазырскі драматычны тэатр імя Івана Мележа таксама ўзяў летні тайм-аўт. Цікава, куды ездзяць адпачываць тамтэйшыя артысты? Спадзяюся, што пра гэта мы даведаемся ў верасні, а пакуль загадчык літаратурнай часткі згаданага тэатра Ірына Варніна аналізуе мінулы 28 сезон. Прайшоў ён пад знакам беларускай класікі. Пачалі з “Прымакоў” паводле п’есы Янкі Купалы. Паставіў спектакль галоўны рэжысёр тэатра Раман Цыркін. Сцэнаграфія і эскізы касцюмаў створаны мастаком Яўгенам Барысаўцом. Пастаноўка танцаў — балетмайстра Наталлі Камянчук. Хормайстар — мазырскі музыкант Аляксандр Целяпун. У спектаклі заняты акцёры Юрый Шмак, Міхаіл Кліменка, Валянціна Рослікава і іншыя. Спектакль стаў лаўрэатам Міжнароднага тэатральнага фэсту жаночай творчасці імя Марыі Занькавецкай (Украіна). Былі камедыя Кандрата Крапівы “Хто смяецца апошнім”, тры спектаклі для юнага гледача.

А галоўнай тэмай сённяшняга агляду з’яўляецца Купалле. Вядучы рэдактар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы Ганна Тузянкова піша: “Восьмы год запар на мяжы Магілёўшчыны і Віцебшчыны, у аграгарадку Александрыя Шклоўскага раёна прайшло свята “Купалле”. У мерапрыемстве бралі ўдзел майстры і творчыя калектывы з Украіны, Латвіі, Літвы, Эстоніі, Расіі, з усіх рэгіёнаў нашай рэспублікі. Былі падведзены вынікі абласнога конкурсу на найлепшую творчую работу “Мая малая радзіма”. Гран-пры атрымала Алена Верменіч, майстар па ласкутнай тэхніцы з Магілёва. У намінацыі “Дробная сувенірная прадукцыя пра родны край” найлепшай прызнана ўзорная студыя дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва “Вясёлка” Мсціслаўскага раённага дома рамёстваў”.

Загадчыца сельскага клуба-бібліятэкі Вольга Сінькевіч з вёскі Семернікі забылася пазначыць, што вёска знаходзіцца на Ашмяншчыне. Між тым, паселішча з такой назвай ёсць і на Валожыншчыне. Прыйшлося праўду шукаць. Не бяды, па вашых лістах я вывучаю геаграфію Беларусі. А паралельна — і культуру з гісторыяй. Дык вось Вольга Сінькевіч піша, што Купалле прайшло па традыцыі ля яе ўстановы. На акардэоне грала Марына Самусенка, спявалі Ірына Шыдлоўская, Вольга Снігірэвіч і аўтар гэтай інфармацыі.

З Лідскага раённага цэнтра культуры паведамілі, што чарадзейная купальская ноч з пляценнем вянкоў, скокамі праз вогнішча і пошукам Папараць-кветкі адбылася ў Ёдкаўскім ДК, Ходараўскім сельскім клубе-бібліятэцы, а таксама — сярод работнікаў культуры аграгарадка Дзітва.

Алена Альшук — загадчык сельскага клуба аграгарадка Баруны, што на Ашмяншчыне — выказвае падзяку работнікам культуры Кальчунскага, Будзёнаўскага, Навасёлкаўскага, Гальшанскага і Кракоўскага дамоў культуры.

З аддзела метадычнай работы Карэліцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці паведамілі, што самадзейныя артысты аграгарадка не толькі спявалі ды танцавалі ўзорна, яны яшчэ і ў абрадавых купальскіх дзеях вылучыліся. Кажуць, вельмі натуральнымі вадзянікі атрымаліся.

Нізка навін са Смаргоншчыны. На Купалле ў Залессе нават са сталіцы прыязджаюць. Майстар-класы па народных танцах карыстаюцца тут павышаным попытам. А спецыялісты Вішнеўскага ДК прапанавалі майстар-клас па вырабе вянкоў.

Андрэй Струнчанка працягвае рабіць з вёскі Мазалава (Віцебскі раён) высокакультурнае паселішча. Купалле, па яго словах, прайшло тут на беразе ракі Лужаснянкі, непадалёк ад мясцовага дома культуры. Рэй, як і заўжды, вялі пявунні з народнага жаночага клуба “Залаты ўзрост”.

Цэнтралізаваная клубная сістэма Маладзечанскага раёна прымала ўдзельнікаў раённага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні, а таксама раённага конкурсу вядучых. Надзея Станкевіч піша, што лепшымі сярод вакалістаў у розных узроставых групах прызнаны Вадзім Пракапенка, Валерыя Барабанава, Яніна Хаміцэвіч, Антаніна Галубовіч. А Гран-пры атрымаў Яўген Сініковіч. Першае месца сярод вядучых заняў Дзмітрый Ціхановіч.

У інфармацыйна-выставачнай зале Шчучынскай раённай бібліятэкі адбылася літаратурная сустрэча “Кветка беларускай паэзіі”, прымеркаваная да 142-годдзя Алаізы Пашкевіч. Удзельнікі аматарскага аб’яднання “Ад усёй душы” і работнікі бібліятэкі пастараліся зрабіць мерапрыемства шчырым і ўзнёслым.

Сектар пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці ажыццяўляе праект “Глыбінкай жывая Беларусь”. Праект скіраваны на адраджэнне і захаванне памяці, духоўнага багацця малой радзімы. Настасся Голуб піша пра Галіну Ганчар, старасту вёскі Яблынька Парэцкага сельскага савета. Галіна Ганчар усё робіць для таго, каб вёска заставалася жывой, добраўпарадкаванай. А ў Яблыньцы, між тым, засталося трынаццаць чалавек. Збіраюцца яны ў хатцы старасты, спяваюць, мараць, падзеі ў свеце абмяркоўваюць.

Інфармацыя ад Ганны Кераль — бібліятэкара Астравецкай дзіцячай бібліятэкі. Тут быў зладжаны кулінарны конкурс “Смачнае лета!” Чытачы пастараліся, пачалі рыхтавацца яшчэ дома, у бібліятэку прынеслі кулінарныя загатоўкі — будучыя кексы, пірагі, торты… У бібліятэцы яны не толькі гатавалі, а ўзброіліся адпаведнай літаратурай і рыхтаваліся да вуснага апісання свайго шэдэўра, якому яшчэ і назву трэба было прыдумаць. А бібліятэкары распавялі юным сябрам пра этыкет за сталом. Потым была дэгустацыя. Я б гэтай інфармацыі першае месца даў па дзелавітасці, разнастайнасці ды выхаваўчай значнасці кулінарнага мерапрыемства. Пабольш бы такіх смачных навін!

У Браславе падчас Міжнароднага свята традыцыйнай культуры “Браслаўскія бліскавіцы — 2018” у сёмы раз прайшоў традыцыйны абласны конкурс “Браслаўская харавая асамблея”. Вядучы метадыст Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Ала Лялькіна піша: “У конкурсе бралі ўдзел 28 харавых калектываў з Віцебскай, Брэсцкай, Мінскай, Гомельскай і Магілёўскай абласцей. Сярод дзіцяча-юнацкіх хароў перамаглі калектывы дзіцячай музычнай школы мастацтваў № 2 Брэста і Ушацкай ДШМ. Гран-пры атрымаў “дарослы” хор Наваполацкага дзяржаўнага музычнага каледжа”. Упершыню выступіў зводны хор з агульнай колькасцю ўдзельнікаў прыблізна ў тысячу чалавек.

З Палаца культуры Ліды паведамляюць: тут 25-гадовы юбілей адзначае ўзорны тэатр “Какос”. З гэтай нагоды была падрыхтавана вялікая праграма. Ідэйны натхняльнік тэатра і яго рэжысёр Алена Навіцкая разам з юнымі артыстамі ўвасобіла нямала творчых задумак. “Какос” не толькі спектаклі рыхтуе, але і актыўнічае падчас тэатралізаваных святаў і абрадаў.

Ганцавіцкая цэнтральная раённая бібліятэка імя Васіля Праскурава арганізавала сустрэчу з мастаком Марынай Танкаль. Яна прэзентавала свой альбом-каталог “Паміж двух берагоў”. Метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Святлана Кунцэвіч піша, што Марына Танкаль — кіраўнік студыі выяўленчага мастацтва “Дрэва пазнання прыгажосці” Цэнтра творчага развіцця і гуманітарнай адукацыі Краснаярска. А нарадзілася Марына Танкаль на Ганцаўшчыне.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"