Вечныя тэмы і сюжэты навін

№ 27 (1362) 07.07.2018 - 13.07.2018 г

Які ён, нямецкі тэатральны топ-10?
Сёлетні фестываль “Берлінскія тэатральныя сустрэчы”, як заўсёды, прадставіў дзесяць нямецкіх пастановак мінулага сезона, адабраных прафесійным журы. Патрапіўшы туды, я мела магчымасць паразважаць, як развіваецца тэатральны працэс на радзіме Брэхта. А паколькі ў Германіі тэатр ніколі не застаецца ў баку ад вострых сацыяльных праблем, па выбары спектакляў можна меркаваць і пра тое, што найбольш баліць для нямецкага грамадства. І сапраўды, ідэйны змест пастановак можа ўразіць айчынную публіку: апрача вечных тэм, на сцэну часцяком выносяцца і актуальныя газетныя навіны.

/i/content/pi/cult/699/15343/20.JPGУ адказ на #metoo

Берлінская кампанія “Шаўбюнэ” і рэжысёр Томас Остэрмаер (вядомы беларускім гледачам па “Ворагу народа”, паказаным у Мінску па запрашэнні Інстытута Гётэ ў 2015 годзе) увайшлі ў топ-10 са спектаклем “Вяртанне ў Рэймс”. Яго драматургічнай асновай стала кніга сучаснага французскага аўтара Дзідзье Эрыбона, у якой той разважае пра рабочы клас. Некалі ён быў носьбітам прагрэсіўных ідэй, але цяпер схільны да галасавання за папулістаў. Пакаленне 1968 года стала ў Еўропе палітычным істэблішментам, а вось рабочыя — збольшага апалітычныя. І таму ад іх імя ў Заходняй Еўропе заўжды прамаўлялі інтэлектуалы.

У той самы час, спектакль Остэрмаера закранае яшчэ і іншую тэму — прычым найперш менавіта яе. Гэта роля жанчыны ў тэатры. Пастаноўка пераносіць нас у сітуацыю рэпетыцыі, калі актрыса чытае пад запіс тэкст, рэжысёр дае ёй указанні, а тэхнічны супрацоўнік дазваляе сабе жартачкі наконт яе інтэлекту. На працягу ўсяго спектакля актрыса застаецца ў падначаленай ролі, пакуль у самым канцы — апошні ўрывак з кнігі Эрыбона ўжо прачытаны — не паддаецца натхненню і не пачынае гаварыць пра сваю сям’ю. Як выявілася, яе тата — таксама прыхільнік левых перакананняў, які паходзіць з рабочага асяроддзя. І мы разумеем: ёй ёсць што сказаць ад сябе. Сітуацыя на сцэне імгненна мяняецца, з выканаўцы актрыса робіцца прамоўцай, набывае свой уласны голас.

Спектакль Томаса Остэрмаера стаў прызнаннем жаночай працы — і адказам на дэбаты ў нямецкім грамадстве, што разгарэліся як рэакцыя на кампанію #metoo. Варта адзначыць, што ў Германіі яна не столькі выкрывала факты сэксуальных злоўжыванняў, колькі актуалізавала пытанне пра няроўную аплату мужчынскай і жаночай працы, у тым ліку і ў тэатры (паводле статыстыкі за 2016 год, у сферы культуры і медыя жанчыны атрымлівалі за такую самую працу на 24 працэнты менш за мужчын).

Канструяваная мова

Спектакль на штучнай мове паказаў на фестывалі гамбургскі тэатр “Талія”. Гэта класічная “Адысея”, убачаная вачыма дваіх засмучаных. Тэлемах і Тэлегон, два сыны ад розных маці, глядзяць на бацьку па-рознаму. Адзін — як на магутнага ваяра, другі — як на прыўкраснага вандроўніка. Ці супадаюць іх версіі падзей?

Перад намі разгортваецца сапраўдны магічны тэатр, дзе з выкарыстаннем мінімалістычных сродкаў артысты то пераўтвараюцца ў барцоў, то самі змагаюцца з цыклопам Паліфемам. Канструяваная мова — нешта сярэдняе паміж дацкай, англійскай і нямецкай — зразумелая нават тым, хто не валодае ніводнай з названых моў.

/i/content/pi/cult/699/15343/21.JPGРух па коле

“Войцэк” Георга Бюхнэра ў пастаноўцы Базэльскага тэатра (Швейцарыя) выклікаў шалёнае захапленне гледачоў. Спектакль не адхіляецца ад тэкста п’есы. Пры гэтым, артысты за час дзеі фізічна пераадольваюць вялікія адлегласці — яны крочаць па коле, якое мяняе свае параметры. З аднаго боку, гэты бясконцы рух як бы дэманструе, што выйсця няма, з іншага — прыкметна ажыўляе пастаноўку. Яе другім фантастычным складнікам становіцца музыка. Аркестр сядзіць на сцэне, з’яўляючыся адным з дзейных асоб гэтага спектакля. Густы барабанны бой падкрэслівае бессэнсоўнасць тых фізічных высілкаў.

Калі беларускі “Войцэк” Юрыя Дзівакова-Душэўскага, пастаўлены летась на малой сцэне Купалаўскага, атрымаўся выразна экспрэсіянісцкім — дзякуючы найперш сцэнаграфіі — і выкананы на амаль невыносна высокай ноце (іранічна разбаўленай нямецкімі шлягерамі), то “Войцэк” швейцарскі амаль рамантычны: адзінокі герой апынаецца сам-насам з механістычным светам.

Фаўст і рэстытуцыя

Як і ў іншых сферах культуры, у нямецкім тэатры актыўна ўздымаецца пытанне спадчыны каланіялізму. У музейных калекцыях Германіі, якія збіраліся ў тую эпоху, знаходзяцца аб’екты, забраныя ў іх гаспадароў гвалтоўна. Гісторыкі гавораць аб неабходнасці даследавання паходжання такіх артэфактаў і вырашэння іх далейшага лёсу. Там, дзе посткаланіяльны дыскурс яшчэ не ўключаны ў апісанне і прэзентацыю калекцый, гэта робіцца спакваля.

І менавіта такі кантэкст дадаў у свой спектакль “Фаўст” легендарны Франк Кастарф — да апошняга часу мастацкі кіраўнік усходнеберлінскага “Фольксбюне”. Некалькі гадоў таму кіраўнікі культурнай палітыкі Берліна змясцілі яго з гэтай пасады. “Фаўст” — апошняя работа Кастарфа, пастаўленая ўжо на яго ўласнай сцэне.

Канцоўка на выбар

Нарэшце, Брэхтавы “Барабаны ўначы”. Класічная п’еса, чыя прэм’ера адбылася амаль стагоддзе таму ў мюнхенскім тэатры “Мюнхнер Камершпіле”, там жа пастаўлена наноў. Спектакль паказваецца то з класічнай канцоўкай (герой робіць выбар на карысць прыватнага жыцця і супраць рэвалюцыі), то з альтэрнатыўнай, адноўленай па аўтарскіх чарнавіках: герой абірае рэвалюцыю.

***

Апрача “асноўнага ме-
ню” з дзесяці спектакляў, у рамках фестывалю ладзілася таксама суправаджальная праграма. На яе традыцыйна запрашаюцца тэатральныя дзеячы з усяго свету. У некалькіх розных фарматах адбываліся сустрэчы, дыялогі, завязваліся знаёмствы, здатныя з часам спарадзіць новыя прыклады міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне тэатра. Дзякуючы спрыянню Пасольства ФРГ у Беларусі, прыняць удзел у сёлетнай праграме змаглі дырэктар фестывалю “Тэарт” Анжаліка Крашэўская і рэжысёр тэатра “Крылы халопа” з Брэста Аксана Гайко. А таксама ў межах суправаджальнай праграмы гледачам былі прапанаваны спектаклі з Сінгапура пра каланіяльную спадчыну гэтай краіны, з Бразіліі і іншых краін.

Зразумела, патрапіць на лепшыя нямецкамоўныя спектаклі змаглі хіба нешматлікія шчасліўчыкі — тэатральныя пляцоўкі ўсіх ахвотных змясціць не здатныя. Але арганізатары фестывалю вынайшлі цудоўны (і варты пераймання) спосаб далучыць да гэтага мастацтва — апрыёры даволі камернага — самую шырокую публіку. Трансляцыю пастановак можна было глядзець на вялікім экране, які размяшчаўся наўпрост на Патсдамскай плошчы. Тэлевізійны канал 3sat зрабіў там імправізаваную глязельную залу ў фармаце open-air.

Вера ДЗЯДОК Аўтар дзякуе Праекту Еўрапейскага Саюза МОСТ за магчымасць наведаць фестываль