Выбух і мора “чалавека з рэкламы”

№ 26 (1361) 30.06.2018 - 07.07.2018 г

Магчыма, імя акцёра Эрыка АБРАМОВІЧА пакуль мала каму вядомае. Аднак ці не кожны бачыў яго ў шматлікіх рэкламных роліках. Між тым, Эрык таксама грае ў кіно і тэатры. Значнай падзеяй у яго жыцці стаў выхад стужкі Аляксандры Бутар “У асабістую прастору ўваход забаронены”, дзе ён удала дэбютаваў у галоўнай ролі. Адметным быў і вобраз Генры ў ліцэнзійным мюзікле “Непадалёк ад нормы”. Чым не нагода пазнаёміцца з маладым акцёрам бліжэй?

/i/content/pi/cult/698/15316/1.jpg— Ахарактарызуйце сябе двума словамі.

— Няхай гэта будзе выбух і мора. Выбух — бо ў мяне заўсёды немаведама што на галаве, а мора мне проста падабаецца.

— Некалькі слоў пра дзяцінства.

— Яно было вельмі цікавым, прайшло ў паходах, падарожжах, творчасці. Мае бацькі — акцёры, у іх свая тэатральная студыя. З ранняга дзяцінства не толькі займаўся ў ёй, але і вучыўся ў мастацкай школе, хадзіў у музычную, дзе граў на трубе, наведваў заняткі па акадэмічнаму веславанню. Мне ўсё падабалася, хаця вольнага часу амаль ніколі не было.

— Як вучыліся ў школе?

— Вядома, дрэнна. На пяць-шэсць, шмат прагульваў. Мне заўсёды вельмі
падабаўся спорт: футбол, баскетбол, валейбол. Я ўдзельнічаў ва ўсіх спаборніцтвах, таму мне многае даравалася. Са школьных прадметаў любіў матэматыку.

— Тое, што вашы бацькі акцёры, перадвызначыла будучую прафесію? Або былі іншыя варыянты?

— З гадоў пяці я займаўся тэатрам, але прымаў гэта як дадзенасць. Паколькі я шмат чаму вучыўся, мне ўсё падабалася і ўсё атрымлівалася, сам я вызначыцца не мог. Хацеў быць і музыкантам, і мастаком, і спартсменам. У выніку, мама скіравала мяне паступаць у Акадэмію мастацтваў на акцёра. Там я толькі на курсе другім — трэцім па-сапраўднаму зразумеў, што мне вельмі падабаецца гэтая прафесія.

— А чым займаецца ваш старэйшы брат? Сястра не марыць стаць актрысай?

— З братам мы разам вучыліся ў мастацкай школе. Ён мастак, малюе камп’ютарныя гульні. Анюце восем гадоў, і яна ўжо актрыса. Разам з бацькамі ходзіць на заняткі ў студыю і ўспрымае гэта як работу. У школе ўдзельнічае ва ўсіх пастаноўках, конкурсах. Але ёй таксама падабаюцца музыка, маляванне, танцы.

— Як прайшлі студэнцкія гады?

— Насычана і цудоўна. У нас быў сумесны акцёрска-рэжысёрскі курс Лідзіі Манаковай і Мікалая Пінігіна. Паступіўшы ў Акадэмію мастацтваў, спачатку шмат прагульваў. Не адразу разумееш, што акцёрская прафесія — гэта рабская праца. Але з трэцяга курса мы пачалі супрацоўнічаць з рэжысёрамі. Станавілася ўсё больш цікава, і на занятках я стаў праводзіць суцэльныя дні.

— Памятаеце свае першыя крокі ў прафесіі?

— Канечне. Першая мая вялікая работа — галоўная роля ў студэнцкай пастаноўцы “Шабаны” (пазней яна была перанесеная на сцэну Купалаўскага тэатра). А таксама Людовік XIV у “Мальеры”. Працаваць над імі было вельмі складана, але цікава. Складана таму, што шмат чаго яшчэ не разумееш, не ўсведамляеш. Проста стараешся выконваць задачы, якія перад табой ставіць рэжысёр. Абодва спектаклі — Алены Ганум. Менавіта яна пачала адкрываць ўва мне вельмі цікавыя грані. І свае першыя работы я вельмі люблю.

— З якімі праблемамі можа сутыкнуцца малады артыст у Беларусі?

— Магчымая адсутнасць працы. Цяпер вельмі складана ўладкавацца ў тэатрах, а таксама трапіць у кіно. Можна наогул застацца без работы. Адсюль усе зыходныя праблемы. Калі я заканчваў акадэмію, здаецца, павінен быў трапіць у Тэатр кінаакцёра, але не атрымалася. У абласных тэатрах месцаў таксама не было. На шчасце, удалося паказацца ў Новым драматычным тэатры. Я вельмі ўдзячны, што мяне туды ўзялі. Дарэчы, да бацькоў па дапамогу пры пошуках месца я не звяртаўся.

— З вашых нешматлікіх тэатральных роляў ёсць любімая?

— Мабыць, галоўная роля ў спектаклі “Раство”. А таксама ў “Калі б ведаць…” я граю Чалавека без імені. Роля не галоўная, але яна мне дарагая. Там у другім акце ў мяне троххвілінны танец. Я люблю ўсё, што тычыцца пластыкі, музыкі, і той танец мы доўга прыдумлялі. Я надзяліў яго метафарамі, сэнсамі. Для мяне гэта момант зносінаў, яднання з залай. Тым больш, маіх рэплік у гэтым спектаклі фактычна няма.

— Раскажыце пра свае ролі ў кіно.

— Яны аднатыпныя. У асноўным, мажоры, палюбоўнікі, веселуны... Але мне падабаецца іх іграць. Нават сваіх адмоўных герояў я імкнуся зрабіць такімі, каб яшчэ больш выразна паказаць, якім не трэба быць. Можна сказаць, што я згаджаюся на любую ролю. Па-першае, мне падабаецца працэс здымак. Гэта новыя знаёмствы, зносіны. Па-другое, пакуль я не магу дазволіць сабе выбіраць, інакш застануся без работы. Па-трэцяе, у любым выпадку я набываю досвед работы ў кіно.

— Ці задаволены сваёй работай у фільме “У асабістую прастору ўваход забаронены”? Лічыце свой дэбют паспяховым?

— Не магу сказаць, што я поўнасцю задаволены і сваёй работай, і агульным вынікам. Я сур’ёзна паставіўся да справы і вельмі стараўся. Але мне не хапіла погляду з боку. Шмат у чым даводзілася спадзявацца на рэжысёра. Важным для мяне стаў эпізод з песняй, якую ў фільме я выконваю сам. Калі глядзіш канчатковы вынік, нешта падабаецца, а недзе, думаеш, зараз зрабіў бы па-іншаму. Тым не менш, гэта быў добры вопыт. Мне спадабалася глядзець на сябе на вялікім экране. Я зразумеў, што хачу рухацца далей. Хачу, каб былі такія работы, якімі я мог бы ганарыцца.

— У адным з інтэрв’ю вы сказалі: “Насамрэч я жахлівы непаседа i болей за дзве гадзіны ўседзець на адным месцы проста не магу” — поўная супрацьлегласць вашаму герою Максу Матвееву. Наколькі цяжка далося пераўвасабленне?

— Калі я чытаў сцэнарый, ён мне падаўся цікавым. Я падумаў, што з яго можа атрымацца нешта вартае ўвагі. Ужывацца ў ролю было цяжкавата. Патрэбна была дапамога рэжысёра, сцэнарыста. Справа ў тым, што ў кіно ў асноўным ідуць ад твайго тыпажу, тваёй фактуры, і надта пераўвасабляцца даводзіцца рэдка. А тут мне давялося сапраўды іграць насуперак самому сабе. Але чым цяжэй, тым цікавей.

— Мюзікл “Непадалёк ад нормы” пазіцыянаваўся як сапраўдная з’ява ў культурным жыцці Беларусі. Ці згодныя з такой ацэнкай?

— Цалкам згодны. Я глядзеў брадвейскую пастаноўку, і яна аказала на мяне незабыўнае ўражанне. Так, у Беларусі няма практыкі звяртацца да псіхааналітыкаў, але менавіта таму тэма мюзікла актуальная тут. Спектакль пра тое, як мала ўвагі мы
надаем сваім блізкім, як мы хаваемся ад праблем. Пра тое, як не павінна быць. У нас я не бачыў такіх якасных матэрыялаў па драматургіі, музыцы. У мюзікле я паспрабаваў сябе ў якасці вакаліста.

— Некаторыя спектаклі маюць не адзін акцёрскі склад. Не шкада дзяліць свае ролі з іншымі?

— У студэнцкія гады з’яўлялася пачуццё рэўнасці, канкурэнцыі. Цяпер я гляджу на гэта з практычнага пункту гледжання. Па-першае, я магу паўдзельнічаць дзе-небудзь яшчэ, па-другое, магу замяніцца, па-трэцяе, гэта прымушае трымаць сябе ў тонусе, не расслабляцца, працаваць над сабой, каб не быць горшым за партнёра.

— Наведваеце іншыя тэатры? У якім бы хацелася працаваць?

— Стараюся, але атрымліваецца, на жаль, рэдка. Пераходзіць у іншы тэатр мне не хочацца. Я адчуваю пачуццё павагі і абавязку, што працую менавіта ў Новым драматычным. Мне падабаецца трупа, падабаюцца нашы спектаклі.

— Ваша самае вялікае дасягненне і самы ўражвальны правал?

— Самае вялікае дасягненне, думаю, яшчэ наперадзе. Правал? Успамінаецца толькі, як аднойчы на здымках у мяне “вылятаў” тэкст. Гэта жудаснае пачуццё, калі па тваёй віне праца пэўны час стаіць на месцы.

— Чаго б вы ніколі не зрабілі ў жыцці?

— Нават не ведаю. Мне здаецца, я на ўсё здольны. Але калі падумаць… я б не змог забіць, здрадзіць
наўмысна, зрабіць камусьці балюча на карысць сабе.

— Многія акцёры лічаць сябе марыянеткамі ў руках рэжысёра. А ці ёсць у вас мяжа: тое, што вы ніколі не будзеце рабіць на сцэне ці ў кіно?

— Я супраць неапраўданай чарнухі і ў такіх праектах удзельнічаць не стаў бы. Не хацелася б здымацца аголеным.

— Можа, вам даводзілася ў прафесійнай дзейнасці пераступаць праз свае прынцыпы?

— Пакуль у мяне такіх сітуацый не было.

— Ці ёсць тое, за што вам сорамна?

— Так. Мяне запрасілі зняцца ў адным кліпе. Але за ноч у мяне разрадзіўся тэлефон, і здымкі я праспаў.

— Роля вашай мары?

— Я б вельмі хацеў сыграць галоўную ролю ў нашым спектаклі “Як я стаў…” Гэта надзвычайная п’еса Яраславы Пуліновіч, яна блізкая мне. Блізкае мысленне галоўнага героя, жыццёвыя сітуацыі, паказаныя там. Глядзіш і разумееш, што ў тым ці іншым выпадку паступіў бы таксама.

— У якога рэжысёра вы хацелі б зняцца? З якімі акцёрамі?

— Проста ў вядомых рэжысёраў і ў якасным кіно. Напрыклад, з Аль Пачына, Энтані Хопкінсам, Алегам Меньшыкавым, Сашам Пятровым.

— У рэальным жыцці ці ёсць людзі, на якіх хацелася б раўняцца?

 — На бацьку. Ён цудоўны чалавек. Рэдкай дабрыні. Нягледзячы на тое, што мы вельмі розныя, менавіта ён для мяне з'яўляецца прыкладам (у многіх рэчах). Ён паўплываў на маё станаўленне і як асобы, і як артыста.

— Бацькі могуць вас пакрытыкаваць або толькі хваляць?

— Крытыкуе мяне ў асноўным тата. Але гэта добра, таму што без крытыкі немагчыма стаць лепш. Я нават рады, калі мне паказваюць мае недахопы. Калі я не згодны, магу паспрачацца з бацькам. Але ў нашых спрэчках сапраўды нараджаецца ісціна.

— Хто ваш любімы літаратурны герой?

— Напэўна, Робін Гуд.

— Што б адказалі таму, хто скажа: Эрык Абрамовіч — артыст рэкламы?

— Дзякуй, што ведаеце маё імя. Наогул, да рэкламы я стаўлюся як да работы. Згаджаюся, вядома, дзеля грошай. Але і таму, што люблю здымацца, трымаць сябе ў форме.

— Ці хацелася б кінуць усё і пачаць нешта зусім новае?

— Часам такое жаданне ёсць. Асабліва калі нешта не складваецца ў тэатры або няма здымак. Неяк была думка пайсці мараком. Але не, я нідзе сябе не бачу, акрамя сцэны.

Гутарыла Янея ЛЕТНЯЯ