Пара-тройка нерытарычных пытанняў

№ 26 (1361) 30.06.2018 - 07.07.2018 г

Дзіўным збегам абставінаў, доўгачаканае адкрыццё мемарыялу ў Благоўшчыне супала з бурлівай актуалізацыяй у грамадскай свядомасці самой тэмы мемарыялізацыі. І разам з разглядам канкрэтных фактаў варта было б прагматычна задумацца пра тыя агульныя прынцыпы, якія павінны вызначаць падыходы да захавання рознага тыпу месцаў памяці — ад могілак да тэрыторый масавых забойстваў.

/i/content/pi/cult/698/15315/_MG_8589-44444444_opt.jpegУласна, што тычыцца цвінтароў, справа збольшага зразумелая: ёсць належная юрыдычная база, паводле якой апекавацца імі ў Мінску павінна адпаведная камунальная служба з эўфемістычнай назвай “Спецкамбінат”. Ёсць рэгламенты і інструкцыі.

Сітуацыя на Вайсковых могілках, дзе грамадскія актывісты ўжо другі тыдзень супрацьстаяць замене старых надмагілляў на стандартызаваныя новыя — гэта, безумоўна, выключэнне. І абумоўлена яно… найперш дрэннай памяццю.

Прадстаўнікі ўжо згаданай службы чамусьці забыліся, што гэты аб’ект (у адрозненне ад большасці падобных) з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Адпаведна, на яго распаўсюджваецца не толькі Закон “Аб пахаванні і пахавальнай справе”, але і яшчэ адзін раздзел заканадаўства, за кантроль над захаваннем якога адказвае не Спецкамбінат, а зусім іншы дзяржаўны орган — Міністэрства культуры краіны. І без яго дазволу там нічога добраўпарадкоўваць нельга.

Сітуацыя з Курапатамі, якія маюць дакладна такі самы статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, зразумелая куды менш. Урочышча ўжо не першы раз становіцца цэнтрам грамадскай увагі. Зрэшты, нават не само яно, але яго ваколіцы, якія быццам мёдам намазаныя для розных інвестпраектаў. Дасюль не магу зразумець, чаму: ля кальцавой ёсць процьма іншых незабудаваных участкаў. Ды і горшае месца для “загараднай кавярні”, ніж лапік на ростанях дзвюх магістраляў са звышнасычаным трафікам, варта яшчэ пашукаць. Зважаючы хаця б на аспект чыста экалагічны, а не маральны — хаця ён у дадзеным выпадку, вядома, куды важнейшы.

Але я тут хацеў бы пра іншае. Пра тое, што робіцца (альбо, дакладней, не робіцца, але павінна рабіцца), уласна, на тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці. Бо хаця тапонім “Курапаты” ва ўсіх на слыху, мала хто гаворыць менавіта пра само ўрочышча, а не пра рэстаран.

Вельмі радуе, што хай і няспешна, але рухаецца справа стварэння мемарыялу. Ды і тыя праекты, якія выйшлі ў своеасаблівы фінал конкурсу, асабіста мяне таксама парадавалі — сваёй абстрактнай абагуленасцю, лаканічнасцю і ёмістай універсальнасцю. Але і дасюль незразумелыя адказы на многія пытанні. Напрыклад, пра будучы статус гэтага жахлівага месца. І вытворнае: хто і якім чынам будзе займацца яго добраўпарадкаваннем?

Возьмем, да прыкладу, тыя ж могілкі або, у супрацьвагу — грамадскі парк адпачынку. Яны маюць вызначаныя рэгламенты паводзінаў, і на ўваходзе наведвальнік адразу разумее, чаго яму нельга рабіць. За тым, каб правілы не парушаліся, сочаць прадстаўнікі адпаведных структур. І, зразумела, прадугледжаны цэлы штат людзей з мётламі і газонакасілкамі, якія дбаюць, каб там было заўсёды чысцютка.

У Курапатах сёння нічога падобнага няма. Хаця, вядома, патрэбна.

Яшчэ адно патэнцыйна хваравітае ў будучым пытанне — што рабіць з Народным мемарыялам? Пазіцыя ўсіх, хто выказваўся на гэты конт, адназначная: усталяваныя неабыякавымі людзьмі крыжы трэба захоўваць. Аднак такія кранальныя і сакральныя знакі памяці маюць і чыста фізічныя ўласцівасці — пагатоў, зробленыя яны з нетрывалых матэрыялаў.

Як будзе развівацца ў далейшым Народны мемарыял? Хто і паводле якіх прынцыпаў мае сачыць за яго станам? Адказы пакуль нават не прамалёўваюцца. Але, як падаецца, тут таксама ў кожным разе не абысціся без пэўных элементаў здаровага бюракратызму.

Урэшце, менавіта адэкватныя адказы на ўсе гэтыя пытанні — няпростыя, але зусім не рытарычныя — дазволяць пазбегнуць у будучым тых прыкрасцяў і непаразуменняў, якія, відавочна, ніяк не спрыяюць культуры памяці.