У той самы час, віцэ-прэм’ер заклікаў адказных асобаў звяртаць самую пільную ўвагу літаральна на кожную дробязь: нішто не павінна сапсаваць святочны настрой шматлікім гасцям і ўдзельнікам форуму. Таму прадуманы арганізацыя сустрэч дэлегацый у аэрапорце і размяшчэнне іх у віцебскіх гатэлях, харчаванне і медыцынскае абслугоўванне гасцей. Цэны на пражыванне, па словах Васіля Жарко, у фестывальны тыдзень падымацца не будуць. Нават са службамі таксі праведзена гутарка наконт таго, каб яны не ўключалі “два лічыльнікі”.
На пасяджэнні аргкамітэта заўважана таксама, што не стае яркай выразнай рэкламы: афіш і расцяжак. Ёсць пэўныя рэзервы і ў справе гарадскога азелянення. Як зазначыў намеснік Прэм’ер-міністра, гэтыя, а таксама і ўсе іншыя недахопы павінны быць выпраўлены да 10 ліпеня.
Госці пачнуць збірацца на фестываль ужо літаральна гэтымі днямі. І кожны павінен адчуць атмасферу віцебскага свята. Сёлета “Славянскі базар” чакае каля пяці тысяч удзельнікаў. 390 заявак ад 126 СМІ пададзена на асвятленне падзеі з Украіны, Ізраіля, Кітая, Расіі, Арменіі.
Канцэрт адкрыцця “Славянскага базару ў Віцебску” па сваёй тэматычнай скіраванасці будзе прысвечаны Году малой радзімы.