Эталон папулярнасці

№ 25 (1360) 24.06.2018 - 30.06.2018 г

Практыка правядзення канцэртаў папулярнай музыкі на стадыёнах у СССР пашырылася ў канцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя. І на тое былі свае прычыны.

Па-першае, гэта быў час Перабудовы, якая несла з сабой змяненні ледзь не ва ўсіх сферах жыцця, у тым ліку і ў музыцы. Тое, што было звычайнай з’явай на Захадзе, у СССР да Перабудовы не ўхвалялася. Па-другое, канцэрты на адкрытай прасторы давалі адчуванне куды большай свабоды, што таксама адпавядала настроям часу. Нарэшце, стадыёны дазвалялі сабраць куды большую аўдыторыю, чым нават спартовыя палацы, а гэта працавала ў першую чаргу на касу арганізатараў канцэртаў.

На стадыёнах выступалі прадстаўнікі самых розных стыляў папулярнай музыкі — як выканаўцы класічнага песеннага рэпертуару, так і рок-групы. Больш за тое: вялікую колькасць слухачоў збіралі і такія змяшаныя канцэрты, на якіх выступы музыкантаў чаргаваліся з маналогамі паэтаў, што чыталі ўласныя вершы. Запатрабаванасць у стадыённых канцэртах была настолькі вялікая, што Аляксандр Градскі нават напісаў рок-оперу пад назвай “Стадыён”, а многія футбольныя клубы займелі ўласныя гімны, у тэкстах якіх слова “стадыён”, канешне ж, згадвалася і не аднойчы.

Стадыённыя канцэрты, як правіла, былі куды больш працяглыя па часе за канцэрты ў памяшканнях, што дазваляла арганізатарам запрасіць і большую колькасць выступоўцаў. А гэта, у сваю чаргу, павялічвала і колькасць слухачоў. Адначасова неабходна адзначыць, што і стадыёны маюць пэўныя абмежаванні па ўмяшчальнасці. Дастаткова параўнаць выступ групы A-ha ў 1991 годзе на стадыёне “Маракана” (прыблізна 300 000 слухачоў) і канцэрт Rolling Stones на пляжы ў Рыа-дэ-Жанэйра 2007 года, які сабраў больш за мільён публікі…

Нагадаю, што першы Нацыянальны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне адбываўся менавіта на гарадскім стадыёне, і некаторыя канцэрты заканчваліся ўжо тады, калі пачынала днець. Што да мінскага “Дынама”, дык у свой час ён таксама неаднаразова пераўтвараўся ў вялікую канцэртную пляцоўку, якая пабачыла як вядомых беларускіх артыстаў, зорак савецкай яшчэ эстрады, так і замежных знакамітасцяў. Але не цяжка заўважыць, што ў апошнія гады практыка правядзення стадыённых канцэртаў істотна заняпала. Няпроста сказаць, чым гэта выклікана. Ці то складанасцямі для арганізатараў, ці то развіццём інтэрнэту, калі можна прысутнічаць на канцэрце, не выходзячы з дому, ці то фінансавымі праблемамі для патэнцыйных слухачоў. Але ж і дагэтуль ці не кожная маладая музычная група ў адказ на пытанне пра найбольшую творчую мару на першае месца ставіць жаданне выступаць менавіта на стадыёнах. Такім чынам, цягам дзесяцігоддзяў стадыёны сталі для музыкантаў пэўным эталонам папулярнасці ды запатрабаванасці. І гэта варта прызнаць як факт.

Дзмітрый ПАДБЯРЭЗСКІ,
музычны крытык