Высокі градус

№ 25 (1360) 24.06.2018 - 30.06.2018 г

Самадзейныя сіноптыкі з Акцябрскага сцвярджаюць: сённяшняя суботняя спёка ў гарадскім пасёлку перавышае агульнарэспубліканскую тэмпературу градусаў на пяць. Прычыны няўмольнага пацяплення відавочныя: сталіца Х Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва спявае і танчыць літаральна без перапынку. І ўсё гэта — у атмасферы сапраўднага гарачага сяброўства. Адсюль і павышаны напал юбілейнай “Берагіні”.

/i/content/pi/cult/697/15296/8.JPGФестываль пачаўся яшчэ ў сераду. На цэнтральнай плошчы райцэнтра прэзентавалі фоталетапіс “Берагіневы раскрэсы”, дзе ў рэгіянальных калекцыях адлюстраваны 20 фестывальных гадоў. Цэнтр вольнага часу прапанаваў выставу партрэтаў носьбітаў беларускай аўтэнтыкі, а карцінная галерэя — “Выцінанка: беларускі народны танец”. Але галоўнай падзеяй стала рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя “Традыцыйная культура і дзеці: праблемы этнавыхавання”.

У чацвер адбылося ўрачыстае адкрыццё фэсту з вялікім канцэртам-віншаваннем, пачаўся XIV Рэспубліканскі конкурс пар-выканаўцаў побытавых танцаў, а таксама — ІІ Рэспубліканскаі конкурс харэаграфічнай імправізацыі “Барыня”. У пятніцу суперніцтва працягвалася ў большых маштабах: далучыліся фальклорныя гурты і інструментальныя ансамблі, у тым ліку — замежныя.

Сёння рэй вядуць апавядальнікі народнай прозы. Усе чакаюць свята “Рудабельскае Купалле”. Як сцямнее, абяцаюць скокі да ўпаду. Завершыцца фестываль у нядзелю круглым сталом, падвядзеннем вынікаў, цырымоніяй узнагароджання.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"