Пароль — тут і зараз

№ 24 (1359) 16.06.2018 - 22.06.2018 г

Стас ЖЫРКОЎ — імя гучнае перадусім ва ўкраінскай тэатральнай прасторы. Але апошнім часам усё часцей яно гучыць і сярод беларусаў: рэжысёр ставіць п’есы нашых драматургаў, а нашы пастаноўшчыкі супрацоўнічаюць з ім як з дырэктарам — мастацкім кіраўніком тэатра “Залатыя вароты” ў Кіеве. Неўзабаве Стас узначаліць яшчэ і сцэнічнае “Паляванне на качак”, да якога рыхтуюцца ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі. “К” пазнаёмілася з украінскім рэжысёрам падчас аднаго з яго візітаў у Мінск.

/i/content/pi/cult/696/15292/16.JPG— Гэта мой сёмы прыезд у Беларусь за апошнія два з паловай гады. За гэты час я ўбачыў, што ёсць краіна, дзе разумеюць маю мову. Гучыць, можа, пафасна, але для мяне гэта важна, — кажа Стас. — Вы можаце гаварыць па-беларуску, я па-ўкраінску, і мы адзін аднаго зразумеем. Дый увогуле Беларусь цікавая мне як прастора. Хаця, калі я прыехаў першы раз, не мог усвядоміць, чаму людзі не размаўляюць па-беларуску. Зараз чую вельмі шмат беларускай мовы, і гэта ўжо пазіцыя такая — буду гаварыць так. І за такімі зменамі цікава сачыць.

— Цяпер гледачам трэба рыхтавацца да зменаў у рэпертуары РТБД. Калі ўбачым у вашай пастаноўцы спектакль па п’есе Аляксандра Вампілава “Паляванне на качак”?

— Рэпетыцыі пачнуцца 20 жніўня. Прыблізна вызначыўся з камандай, але пакуль не хачу пра гэта падрабязна гаварыць. Спадзяюся, што будзе вельмі цікавы працэс. Прынамсі, я ў прыемным чаканні. З велізарнай павагай стаўлюся да тэатра беларускай драматургіі і лічу, што за пэўнымі паказчыкамі гэта найлепшы тэатр у вашай краіне. Тут фантастычныя акцёры! Мяне запрасіў былы дырэктар РТБД Уладзімір Карачэўскі. У Мінску ў 2015 годзе праходзіў фестываль, падчас якога паказалі мой спектакль “Любоў людзей” па п’есе вашага аўтара Дзімы Багаслаўскага (а сёлета ў маі яшчэ і “Тата, ты мене любив?” — “К”). Мне тут адразу закінулі думку: “Можа, што-небудзь разам зробім?” Потым я прыязджаў як рэжысёр на драматургічную лабараторыю, што праходзіла пад Мінскам, размова пра супрацу была працягнута. У выніку мы вызначыліся з матэрыялам — “Паляванне на качак”. Для мяне гэта таксама выклік, бо п’еса Вампілава легендарная. Я заўжды хацеў яе паставіць, але гэта як доўга марыць купіць сабе штосьці, а затым набыць і ўсё адно не ўсведамляць, што гэта тваё нарэшце.

— Украінскія медыя пішуць пра вас як пра рэжысёра, які прынцыпова ставіць сучасную драматургію.

— Большасць маіх пастановак сапраўды па сучаснай драматургіі (Павел Ар’е, Ганна Яблонская, Яраслава Пуліновіч, Дзмітрый Багаслаўскі, Васіль Сігараў, Міхаіл Дурнянкоў — “К”). Але я не стаўлюся да п’есы Вампілава як да класікі, хаця фактычна так і ёсць. Проста разумею, што мы ўсё адно будзем ствараць сваю гісторыю пра тое, што адчуваем тут і зараз.

За тыдзень прыдумаць новы тэатр

— Тут і зараз — галоўны прынцып, згодна з якім працуе тэатр “Залатыя вароты”, які вы ўзначальваеце ў Кіеве. Прынамсі, такое ўражанне пакідае яго слоган — “Тэатр, а не музей”.

— Тэатр — гэта жывы арганізм, які адгукаецца на тут і зараз. Таму ў нас нават два слоганы, якія адлюстроўваюць важныя для нас моманты — “Залатыя вароты” — тэатр, а не музей” і “Выключы тэлевізар —
прыйдзі ў тэатр”. Не музей таму, што тэатр не ёсць чымсьці ўсталяваным назаўжды — гэта рух. І таму, што, калі мы з камандай прыйшлі ў тэатр, мала хто ўвогуле ведаў, што ён існуе. Затое ведалі музей “Залатыя вароты”.

— Але чатыры гады таму вы прыйшлі ўжо ў тэатр з амаль 40-гадовай гісторыяй.

— Усе, што мы атрымалі — гэта запаскуджанае памяшканне, прычым несцэнічнае і не ў цэнтры горада, 200 тысяч грывен пазыкі, мінусавая рэпутацыя і вельмі дрэнныя спектаклі. Без выхадных і без грошай пачалі працаваць. Свае тры першыя заробкі я аддаў на паліграфію, таму што ў тэатра нават не было грошай зрабіць афішы. Так, давялося прайсці пэўны шлях. Затое зараз мы маем вынік. З красавіка па чэрвень, напрыклад, у нас адбылося больш за 15 паездак у розныя краіны — гэта і Беларусь, і Чэхія, і Арменія, і Украіна. Мы шмат падарожнічаем, робім розныя міжнародныя праекты. У гэтым сезоне ў нас паставіў французскі рэжысёр Жуль Адры (спектакль “Сьогодні вечері не буде” — “К”), а таксама беларускі — Юрый Дзівакоў (спектакль “Місто богів” — “К”).

— Атрымаць руіны і будаваць з іх тэатр так, як бачыцца — якія першыя крокі трэба зрабіць, каб прыняць выклік?

— Вельмі хуткія. Калі вельмі проста сказаць, мы адкінулі ўсё старое і за тыдзень прыдумалі новы тэатр: які ў яго будзе лагатып, слоганы, тэмы сезонаў, унутраныя і знешнія правілы. Каб змяніць рэпертуар, за першы сезон нам давялося паставіць дзесяць прэм’ер. Я шмат працаваў у Германіі (у Магдэбурскім тэатры — “К”) і многае ўзяў адтуль, таму зараз наша сістэма працы чымсьці
падобная да нямецкай, хаця, канечне, нам яшчэ далёка да яе. Але мы рухаемся.

Калі трэба — памыць падлогу

— Як гэта выглядае знутры?

— Акрамя акцёраў і тэхнічных супрацоўнікаў, у нас ёсць медыяаддзел, падзелены на розныя часткі. Фэйсбук, сацыяльныя сеткі — гэта адна гісторыя. Відэа і фота — другая. YouTube — трэцяя. Мы пішам медыяплан на месяц-два наперад. Таксама аддзел займаецца нашымі інтэрв’ю. Мы самі здымаем шмат прадакшн-відэа. Асноўны наш механізм продажаў — гэта фэйсбук. Ёсць аддзел менеджменту праектаў: то бок усё, што мы прыдумалі — паездка на фестываль, дадатковае мерапрыемства і гэтак далей, — можа на сябе ўзяць канкрэтны чалавек. Ёсць, натуральна, фінансавы аддзел. Ёсць творчы — я выкладаў рэжысуру, і некалькі маіх вучаніц працуюць у тэатры на розных пасадах, але мы часам збіраемся з імі і прыдумваем нейкія штукі. Самае галоўнае ў гэтым механізме — кожны можа замяніць кожнага. Хто заўгодна ў любы момант здольны ўзяць швабру і памыць падлогу, калі так трэба. На маю думку, тэатр мусіць быць такім — каб ты мог рабіць там усё.

— Колькі артыстаў у вас працуе?

— У штаце — 14 акцёраў. Іншыя артысты працуюць па запрашэнні. Я лічу, што гэта нармальны варыянт. Шмат хто любіць наш тэатр, таму дамовіцца заўжды вельмі лёгка.

— То бок за чатыры гады вам удалося радыкальна змяніць імідж тэатра?

— У “Залатых варот” зараз вельмі круты імідж, і нават на здымачных пляцоўках акцёра, пра якога дазнаюцца, што ён у нас працуе, адразу прызнаюць за вельмі класнага чалавека. Ёсць такі арэол паспяховасці ці што. Прагрэсу, сучаснасці і гэтак далей. Мне вельмі падабаецца.

— У чым бачыце прычыну такога стаўлення?

— Думаю, гэта ўсё наша адкрытасць. Адразу было жаданне зрабіць тэатр не для сябе, а для кагосьці іншага, то бок і для іншых рэжысёраў. Я стаўлю адзін спектакль за сезон. Яшчэ тры-чатыры прэм’еры — іншыя рэжысёры. У сярэднім за сезон выпускаем ад чатырох да шасці новых спектакляў. Мы пачыналі з таго, што запрашалі пачаткоўцаў, але зараз ужо выбіраем рэжысёраў пад тое, што нам зараз трэба. У нас вельмі класныя акцёры, і я разумею, што ім трэба далей развівацца, таму хочацца, каб працавалі яны з лепшымі.

Змяшчаць тры ў адным

— Як ужываюцца ў адным тэатры і адным чалавеку адразу і рэжысёр, і мастацкі кіраўнік, і дырэктар?

— Такая мадэль кіравання тыповая для Украіны. Усе паспяховыя тэатры ўзначальвае адзін чалавек, бо вельмі складана, калі ёсць асобна і мастацкі кіраўнік, і дырэктар. Як бы яны ні сябравалі і як бы ні разумелі адзін аднаго, гэта ў любым выпадку два розныя чалавекі з рознымі жаданнямі і поглядамі. Няхай будзе шмат памочнікаў, як у мяне, але галоўным застаецца хтосьці адзін. Ну вось працаваў бы са мной яшчэ адзін чалавек і казаў бы перад кожнымі гастролямі: “Нашто мы паедзем у гэты Мінск (ці любы іншы горад)? Мы ж нічога не заробім. Больш за тое — яшчэ патрацім сваё”. І як мне яму патлумачыць, што гэта і ёсць справа тэатра — укладаць у імідж краіны свае намаганні і нават грошы? Ведаю дакладна, што ніколі не змагу працаваць з якімсьці дырэктарам. Я сам — тры розныя чалавекі ў розны час. Раніцай я больш дырэктар, таму што працую з дакументамі. Потым на рэпетыцыі я рэжысёр, які закрывае сваю прастору ад іншых. На сустрэчах па новых праектах мастацкі кіраўнік — чалавек, які, наадварот, прастору адкрывае.

— Украінскія тэатры праводзяць конкурс на кіруючыя пасады. Вам не шкада было б пакінуць “Залатыя вароты”, каб выбудоўваць прастору на свой густ у іншым месцы?

— Не шкада. І я ўжо падаваў дакументы, каб некаторыя людзі зразумелі, што я не жартую і не трэба мяне чапаць. Але ў любым выпадку не магу пакінуць людзей, якія мяне падтрымліваюць, таму са мной ішла б мая каманда. І гэта не толькі акцёры. Інакш не змагу. Без каманды я ніхто. А тэатр… Ён можа быць розны і ў любым месцы. Галоўнае, каб там не было сумна.

Любіць тое, што робіш

— Калі вам сумна ў тэатры?

— На спектаклях, якія нікому не патрэбныя — ні рэжысёру, ні акцёрам. Яшчэ сумна, калі людзі не любяць тое, што яны робяць. Сумна, калі грошы дзяржаўныя ідуць на благія тэатры.

— З чаго фарміруецца прыбытак, якім ваш калектыў можа распараджацца самастойна?

— З продажаў. У нас у зале невялікая колькасць месцаў — 50 і 70 у розных варыянтах рассадкі, але мы зарабляем. Сярэдні кошт білетаў — 10 еўра. Для нашага невялікага тэатра гэта неблагія грошы. Прыбытак мы трацім так, як самі лічым патрэбным — на новыя спектаклі. А муніцыпальнае фінансаванне — гэта наш заробак, прыкладна 300 — 350 еўра. А я ўжо казаў, што і на здымачных пляцоўках нашых артыстаў радыя бачыць, таму скардзіцца няма чаго.

— Акрамя новых спектакляў, што яшчэ мусіць ствараць рух на сцэне ці па-за ёй?

— Амаль кожны месяц мы ладзім чыткі, канцэрты ці якія-небудзь яшчэ асобныя падзеі. У нас ёсць акцёрская група ZBS-band. На яго ўжо паклалі вока некалькі прадзюсараў. ZBS спяваюць вельмі смешныя акцёрскія песні, але ёсць у іх лірыка — вершы чытаюць. Вельмі крута тое, што яны робяць, і вось на іх канцэрты мы часам прадаём білеты, хаця ўвогуле дадатковыя мерапрыемствы бясплатныя. Напрыклад, скончыўся невялікі спектакль, які доўжыўся крыху больш за гадзіну — робім невялікі перапынак на каву, а пасля чытку ці яшчэ штосьці. У вечар спектакля гэта нібы дадатковы бонус для гледачоў. Гэта яшчэ адна з нашых пазіцый — “Тэатр “Залатыя вароты” заўжды адкрыты для цябе”. Так падкрэсліваем той момант, калі тэатр нібыта трошкі больш, чым проста будынак са сцэнай. Я лічу, што ён можа быць проста месцам, дзе табе прыемна, магчыма, часам балюча, але ў цябе ёсць патрэба там знаходзіцца. Зноў-такі — тут і зараз.

Аўтар: Вераніка МОЛАКАВА
аглядальнік рэдакцыі рэдакцыі газеты "Культура"