Савецкая, 54: вас чакаюць!

№ 24 (1359) 16.06.2018 - 22.06.2018 г

Брэст. Пешаходная вуліца Савецкая. Калі дзень святочны ці выхадны, мінакоў тут вельмі шмат. Усе жыццю радуюцца. Можна кавы папіць, музыку паслухаць. Шляхетная вуліца шляхетнага горада. А па адрасе Савецкая, 54 вас асабліва чакаюць. Менавіта тут ад Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра працуюць у адным будынку мастацкая галерэя і сувенірная крама “Скарбніца”.

/i/content/pi/cult/696/15288/12.jpgГалерэяй кіруе Кацярына Шаўчэнка. Два разы на месяц — новая выстава. Партрэты і пейзажы прэзентаваў пінскі самадзейны мастак Аляксандр Рысакоў. Гэтымі днямі прэзентуюцца польскія плакаты. Экспазіцыя — запатрабаваная. Гэта значыць, у сярэднім за дзень галерэю наведвае да паўсотні чалавек. А 28 чэрвеня свае работы прывязуць у Брэст мінскія графікі. Я ў свой час быў сведкам таго, што выставачная зала дэманстравала лепшыя ўзоры работ, створаных выхаванцамі дзіцячых школ мастацтваў аднаго з раёнаў Брэстчыны. У сувенірнай краме галоўная Нэля Саціна. Тут таксама выбар — на любы густ. Самая танная рэч — магніцік за 99 капеек, самая дарагая — ільняная вышыванка за тысячу з лішнім рублёў. Але самыя топавыя творы выкананы разьбяром па дрэве Аляксандрам Ермаковым і керамісткай Тамарай Тромза. Першы радуе дызайнерскімі ключніцамі, куфэркамі, лямпамі, другая — унікальным чорнаглянцаваным посудам, які ўдала спалучаецца з сучасным хатнім інтэр’ерам.

Доўга чакаў лістоў з Талачына. Дачакаўся. Намеснік дырэктара раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Таццяна Спаткай напісала пра раённы конкурс прыгажосці “Прынцэса Цалёвачка — 2018”, які ладзіўся для дзяцей 6-8 гадоў. Пяць дзяўчынак спаборнічалі, каб пераканаць прысутных у сваіх талентах ды здольнасцях. Кожная ў выніку займела тытул Модніцы, Разумніцы, Актрысы, Зачаравання…

Малодшы навуковы супрацоўнік Ганцавіцкага раённага дома рамёстваў Наталля Білімава распавяла: “Летнія вакацыі падштурхнулі работнікаў культуры да распрацоўкі новых творчых праектаў — “Траўная прастора” і “Гульні мінулых стагоддзяў”. Гэтыя забаўляльныя праграмы з гульнямі пад адкрытым небам карыстаюцца попытам у школьных летніках ды садках”.

За выхадныя дваццаць паселішчаў Гродзеншчыны маштабна адзначылі святы вёсак. Рэдактар Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Ала Бялькевіч пераконвае, што кожнае мерапрыемства атрымалася вельмі шчырым. Акцэнт на гістарычнае мінулае быў зроблены ў вёсках Астраўцы, Зубковічы, Коўкель Іўеўскага раёна. Змястоўныя канцэртныя праграмы прагучалі ў вёсках Пільцы і Верабушкі, што на Смаргоншчыне. Асноўнымі героямі святочных падзей сталі шараговыя насельнікі вёсак Ваўкавыскага, Шчучынскага, Дзятлаўскага і Навагрудскага раёнаў.

Больш падрабязней распавядае пра свята вёскі Купіск Любчанскага сельвыканкама дырэктар Навагрудскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Наталля Кавальская. З раніцы над вёскай лунаў водар такога кулінарнага смакоцця, што дома выседзець было надзвычай цяжка. Таму з абыходам падворкаў не марудзілі. У кожнай хаце прагучала песня. Потым усе сабраліся на агульнай канцэртнай пляцоўцы. Згадалі загінулых у Вялікай Айчыннай вайне, ушанавалі тых, хто выжыў. Надышоў час і для дэгустацыі мясцовай кухні, для канцэртнай праграмы. Арганізавалі свята работнікі Любчанскага дома культуры.

Пра фарміраванне электронных краязнаўчых рэсурсаў у Маларыцкай раённай бібліятэцы разважае наш сталы пазаштатнік Мікалай Навумчык. Гэты працэс ажыццяўляецца па двух кірунках: стварэнне ўласнай базы і запазычанне знешніх рэсурсаў. Адказная тут маркетолаг Галіна Кучына, дапамагаюць ёй метадыст Святлана Макарук і бібліятэкар Юлія Казлоўская. Ва ўстанове дзейнічае праект “Крочым родным краем, старонкі гісторыі збіраем”. Бібліятэчны сайт мае раздзел “Краязнаўства” і пастаянна папаўняецца матэрыяламі. Таму і кола карыстальнікаў павялічваецца. Летась бібліятэкары распачалі фальклорны праект. У ягонай аснове — запісы вуснай народнай творчасці, абрадаў, традыцый, успамінаў вяскоўцаў.

Загадчык аддзела рамесніцкай дзейнасці Карэліцкага дома рамёстваў Юлія Баярэнка піша: “Майстры нашага аддзела рамесніцкай дзейнасці прынялі ўдзел у фестывалі нацыянальных культур у Гродне. Не проста паехалі на іншых паглядзець і сябе паказаць, але прывезлі дадому спецыяльны дыплом абласной выставы-конкурсу “Народная лялька” ў намінацыі “Найлепшая абрадавая лялька”. Чаму ляльку Васіліну зрабілі ў сінім і жоўтым колерах? Таму, што такія на карэліцкім гербе і сцягу. А вопратку ёй аздобілі складаным саламяным арнаментам. Вобраз дапоўніла шыкоўная каса з ільнянога валакна, якім так ганарацца на Карэліччыне”.

І яшчэ адна навіна ад Юліі Баярэнка. Яна распавядае пра пленэр-конкурс мастакоў “Шлях да майстэрства”. Арганізавалі мерапрыемства аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама, аддзел рамесніцкай дзейнасці Карэліцкага дома рамёстваў, Карэліцкі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці. Конкурс, паведамляе аўтар, ладзіцца штогод для падтрымкі і папулярызацыі прафесійнага выяўленчага мастацтва, для садзейнічання абмену творчымі дасягненнямі і ўсталявання шчыльных кантактаў паміж творцамі. Цягам двух дзён прафесіяналы і аматары пераносілі на свае палотны краявіды ды архітэктурныя аб’екты Карэлічаў. Пасля падвядзення вынікаў пленэру адкрыецца арт-галерэя, дзе можна будзе ўбачыць мастацкія работы.

Наталля Кардашова распавядае пра праектную дзейнасць у сферы адукацыі. Культурна-асветніцкія, канцэртныя, конкурсныя, выхаваўчыя праекты Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Міхаіла Глінкі, сцвярджае яна, выходзяць не толькі на рэспубліканскі, але і на міжнародны ўзровень. На ўвазе маюцца стасункі з установамі адукацыі Расіі, Польшчы, Германіі, Румыніі. Штогод каледж рэалізоўвае да 20 праектаў. Найбольш папулярны і маштабны — “Карыфеі беларускага нацыянальнага мастацтва” з удзелам народнага хору і аркестра беларускіх народных інструментаў. Аўтары праекта — дырэктар каледжа Уладзімір Чэрнікаў, выкладчыкі Кіра Славінская, Таццяна Сакалоўская. У ліку буйных праектаў — “Святло Каляднай зоркі” (аўтар Аляксей Снітко), “Творцы музычнай эпохі XX — XXI стагоддзяў” (Алена Каляда). Асветніцкая, творчая ініцыятыва харавых дырыжораў знайшла ўвасабленне ў праекце “Скарбы беларускай харавой музыкі”. Аўтарам яго стаў уладальнік сёлетняга гранта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, загадчык кафедры харавога дырыжыравання Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, дацэнт Інэса Бадзяка. Харавы праект пачаў шэсце па беларускіх гарадах. Ён паяднаў харавыя калектывы ўстаноў сярэдняй і вышэйшай адукацыі, аматараў харавога мастацтва і народнай песні. Мінскі дзяржаўны музычны каледж імя Міхаіла Глінкі стаў своеасаблівай лабараторыяй пошуку новых падыходаў да выканальніцкіх традыцый беларускай музыкі кампазітараў розных пакаленняў.

Ала Ламека распавядае, што ў аграгарадку Дзярэчын Зэльвенскага раёна ў пяты раз прайшло свята “Рамяство як лад жыцця”. Майстры з клуба “Натхненне”, які створаны на базе мясцовага дома рамёстваў і традыцыйнай культуры, прапанавалі майстар-класы па саломкапляценні, вязанні кручком, разьбе па дрэве.

На падворку Ганны Супрановіч з вёскі Навашышкі (Ашмяншчына) тым днём было людна. Народны ансамбль народнай песні “Жытніца” аграгарадка Кракоўка зладзіў тут канцэрт. А дзе музыка зухаватая, там і танцы без перапынку. Пра гэта паведаміла Святлана Ганусевіч, прадстаўнік аддзела метадычнай работы Ашмянскага РЦК.

Выкладчыкі дзіцячай школы мастацтваў аграгарадка Мазалова (Віцебскі раён) рэалізоўваюць праект “Творым разам”. Гэтым разам у ім прынялі ўдзел 15 сем’яў, якія паспрабавалі свае сілы ў харэаграфічным, інструментальным, тэатральным і дэкаратыўна-прыкладным мастацтвах. Пра гэта паведаміў Андрэй Струнчанка.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"