Вы — зоркі. А мы хто?

№ 22 (1357) 01.06.2018 - 08.06.2018 г

Дзіўныя гэтыя беларускія артысты... Не ўсе, натуральна, але некаторыя. Дачуўшыся пра тое, што адзін наш папулярны дуэт нядаўна паспяхова выступіў на міжнародным фестывалі, я вырашыў зрабіць з ім інтэрв’ю, каб распавесці чытачам і пра падрабязнасці лаўрэацтва, і, заадно, пра апошнія навіны з жыцця выканаўцаў. Тэлефаную — і чую ў адказ: маўляў, яны настолькі цяпер загружаны, што і паўгадзіны не могуць знайсці на сустрэчу “ў рэале”. Давай, прапануюць, па тэлефоне пагутарым, або праз e-mail.

/i/content/pi/cult/694/15246/opt.jpegКрыўда, што, відавочна, скразіла ў словах адной з паловак дуэта, з якой я так прыемна пагутарыў, мне зразумелая. Ну сапраўды: якія са СМІ ў свой час прысвяцілі 15-годдзю тандэма хоць малюткі матэрыял? Не ўзгадаю. Хто з журналістаў запрашаў у апошнія пару гадоў музыкантаў пабалбатаць тэт-а-тэт пра новыя іх песні, што ў ратацыі на радыё? Не ведаю такіх калег. А пра “Еўрабачанне” пагаварыць — дык кожны год клічуць. Хаця ў артыстаў гэты конкурс сядзіць ужо… вось дзе.

І, мабыць, келіх іх цярпення перапоўніўся настолькі, што знаёмства наша, якому амаль 20 гадоў, не паспрыяла ажыццяўленню рандэву. Так сабе, увогуле, і развіталіся па тэлефоне. Але спадзяюся, што разлад гэты — не назаўжды.

Або іншы выпадак, якому гады тры ці каля таго. Распаўся тады адзін папулярны айчынны рок-гурт. Чым не падстава, каб бялізнай перад чытачамі патрэсці? А паколькі “К” — газета культурная, то шкілеты ў шафе абодвух бакоў, якiя раптам сталі варожымі, я чапаць акурат і не хацеў. Запланаваў з удзельнікамі абодвух “лагераў” вельмі карэктныя інтэрв’ю, жадаючы, у асноўным, прысвяціць свае пытанні будучыні новых калектываў. Дакладней, інтэрв’ю з франтмэнам аднаго з іх, бо лідар другога быў вельмі цяжкадаступны ды і адносіны ў мяне з ім не заўсёды складваліся ў духу поўнага паразумення.

Тэлефаную і чую ў адказ, што звярнуцца мне варта да нейкага спецпрадстаўніка каманды, які, калі палічыць такое інтэрв’ю неабходным, прызначыць месца і час сустрэчы. І вось праходзіць ужо пяць хвілін пасля заканчэння дыялогу з вакалістам, а я ўсё здзіўлена сяджу і сціскаю ў руцэ слухаўку. І думаю: “Паўлік, трах-цібiдох (як выказаўся б стары Хатабыч), крыху менш за 20 гадоў мінула з таго моманту, як мы ўпершыню ўбачылі адзін аднаго! З гадамі пачуцці пацяплелі, ты мне давяраў асабістыя і грамадскія таямніцы. А цяпер што здарылася, таварыш мой ненаглядны? Адкуль гэтыя маскоўскія панты ў наскрозь альтэрнатыўнага хлопца? Або Беларусь ужо як гадоў -наццаць — узор агульнапрынятых нормаў у сусветным шоу-бізнэсе, а я ўсё яшчэ чамусьці не ў курсе?”

На самой справе, зразумейце маю разгубленасць. Сітуацыя падобная той, як калі б небезвядомы расійскі крытык Арцём Троіцкі патэлефанаваў Юрыю Шаўчуку — кшталту, пайшлі квасу пап’ём. А той яму кажа: толькі праз дырэктара “ДДТ”. Ні ў якім разе не параўноўваю сябе з Арцёмам Ківавічам, але — тым не менш...

Зарокся я з тых часоў тэлефанаваць таму музыканту — ды ці мала да каго яшчэ мяне пашлюць.

Шчыра кажучы, мараль гэтай рэплікі я не прыдумаў. Проста засмуціў мяне чамусьці той апошні званок. Зрэшты, яны ж там, на артыстычным небасхіле, — зоркі! А мы (журналісты) — так, з боку прыпёку, абслуга… Ды, мусіць, не. Мы, як прызнана, — чацвёртая ўлада. А таму дазволю сабе назваць “герояў” рэплікі — “пеўнямі”, якія надта зарваліся.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"