Сталенне праз любоў да краіны

№ 22 (1357) 01.06.2018 - 08.06.2018 г

З год таму ў газеце “Культура” быў апублікаваны мой артыкул “Помнік Кузьму Чорнаму? Чаму і не!” Там я якраз і ўзгадаў першую вандроўку са студэнтамі архітэктурнага факультэта БНТУ да кургана памяці роду слугі Божага Эдварда Вайніловіча, які знаходзіцца ў кіламетры ад вёскі Савічы Капыльскага раёна. Ад маёнтка, які там месціўся, не засталося нават цаглінкі…

Часам іншыя мастакі ў мяне пытаюцца: навошта я так шмат вандрую па Беларусі. Заўсёды адказваў, што атрымліваю радасць і натхненне, трапляючы ў тыя мясціны, якія ўзгадавалі выбітных дзеячаў нашай гісторыі. І вельмі задаволены тым, што мне ўдалося прышчапіць цягу да падарожжаў і некаторым сваім студэнтам. Лічу, гэта важна для навучання і творчага сталення, даючы магчымасць палюбіць жывапіс праз любоў да краіны. А вынікам такіх пленэраў становяцца тэматычныя выставы, дзе суседнічаюць творы выкладчыкаў і студэнтаў.

Дэкан архітэктурнага факультэта БНТУ Армэн Сардараў падзяляе маю ўпэўненасць у тым, што такія вандроўкі вельмі карысныя для станаўлення будучых архітэктараў. А вось што кажа іх удзельніца, чацвёртакурсніца Юля Галіцкая: “Архітэктар павінен працаваць рукамі, нягледзячы на бурны тэхналагічны век. Мне гэта больш падабаецца, чым сядзець за камп’ютарам. З дапамогай рысунка лягчэй выказаць сваё творчае бачанне, індывідуальнасць.”

Галоўная праблема, якая паўстае пры арганізацыі вандровак — гэта транспарт. Для таго, каб яго забяспечыць, кожнага разу даводзіцца шукаць партнёраў. У іх ліку былі і грамадская арганізацыя, і банк. Вось ужо трэці год запар мы супрацоўнічаем з Чырвоным касцёлам, а дакладней — з яго пробашчам ксяндзом-магістрам Уладзіславам Завальнюком. Аўтобус? Калі ласка! Тым больш, галоўнае ў нашым сумесным праекце — наведванне з выставамі і імпрэзамі шэрагу гарадоў і мястэчак Беларусі, звязаных з Эдвардам Вайніловічам.

Мы ведаем гэтую асобу найперш як фундатара Чырвонага касцёла. Але ж ягоную біяграфію трэба ў школах вывучаць! Як пісаў знакаміты даследчык Адам Мальдзіс: “Карэнны беларускі шляхціц, свядомы беларус, эрудыт і гаспадарнік, арганізатар і рэфарматар, палітык і мысліцель, які служыў прыкладам самакрытыкі, дастойнай пераймання, і меў характэрныя рысы дабрачыннасці і народалюбства”.

Ксёндз-магістр Уладзіслаў Завальнюк дадае: “Род Вайніловічаў мае 600-гадовую гісторыю, ён вельмі высакародны, інтэлектуальны, яго можна параўнаць хіба з Радзівіламі ці Сапегамі…”

Урэшце, Эдвард Вайніловіч — важны для нас прыклад верацярпімасці. І фундаваў ён не толькі касцёлы, але і цэрквы, і нават сінагогу ў Клецку — якая, між іншым, стаіць і сёння. Вось яго словы: “Няхай людзі розных веравызнанняў, кожны ў сваёй святыні, славяць адзінага Бога на Небе!”

20 верасня 2018 года ў Клецку адбудзецца чарговая навукова-практычныя канферэнцыя, прысвечаная Эдварду Вайніловічу. З гэтай нагоды студэнты-архітэктары БНТУ разам са мною здзейснілі пілігрымку ў вёску Кунцаўшчына, дзе яшчэ захаваліся рэшткі сядзібы і гістарычных пабудоў сваяка Эдварда — Ксаверыя Вайніловіча. Спадзяюся, гэтая вандроўка дасць штуршок юным творцам на працяг мастацкага праекта пад умоўнай назвай “Беларусь праз род Вайніловічаў”. Думаю, назва яшчэ акрэсліцца — гэта не праблема. Выставу ў Клецку мы ўжо рыхтуем, наконт памяшкання дамовіліся. Галоўнае цяпер — творы.

Далейшы лёс праекта надзвычай прыцягальны. Выставу збіраюцца дэманстраваць мінімум у пятнаццаці гарадах Беларусі. Менавіта ў тых мясцінах, з якімі быў звязаны род Вайніловічаў: Баранавічах, Іўі, Гродне… Экспазіцыя будзе несупынна змяняцца і дапаўняцца.

А калі б такім праектам зацікавілася Міністэрства культуры краіны (на сёння ў кожным раёне мы супрацоўнічаем з мясцовымі ўладамі), можна было б прыдумаць для яго ўдзельнікаў нейкія заахвочванні, гранты, узнагароды. Таксама не лішнімі былі б і каталогі ці праспекты. Але гэта пакуль толькі ў планах.

Алесь КВЯТКОЎСКІ,
мастак, педагог