Фота Сяргея ЖДАНОВІЧА
Адным жа з галоўных аб’ектаў форуму з’яўляецца механічная дыярама, створаная калектывам аўтараў, сярод якіх сама спадарыня Вольга і галоўны мастак свята Юрый Кубараў, а таксама інжынеры ААТ “Белкард”. Падчас фэсту як мінімум раз у гадзіну гэтая канструкцыя каля будынку абласнога тэатра лялек ажывае і 12 марыянетак у нацыянальных касцюмах на працягу 12 хвілін кружаць і водзяць карагод пад музыку і адмысловае асвятленне.
Каля гэтага ж тэатра ўсталявалі скульптуру рэжысёрскага крэсла. Яшчэ адна рэч, што ўпрыгожыла горад да мерапрыемства — калыска з фільма “Белыя росы”. Драўляныя фігуры галоўных герояў стужкі ўсталявалі на месцы, дзе адбываліся здымкі.
На вуліцы Дарвіна на беразе Нёмана абсталявана назіральная пляцоўка, на якой узвышаецца ратонда ў форме альтанкі — з гэтага рамантычнага месца адкрываецца цудоўны від на шматлікія славутасці горада. Іх, дарэчы, можна пабачыць і з панарамнага ліфта, які “курсуе” ў гандлёвым доме “Нёман”.
На Савецкай плошчы прыпаркаваны кафэбус, а вось на рачным таксі можна пракаціцца па Нёмане. У парку імя Жылібера ўсталяваны фотаплот — своеасаблівы фестывальны летапіс. А сам горад ператварыўся ў вялізную карцінную галерэю — у вокнах і вітрынах дамоў выстаўлены лепшыя работы (іх каля трохсот) пераможцаў і ўдзельнікаў конкурсу малюнкаў “Вокны Фэста”.
Размешчаныя ў цэнтры Гродна 19 падворкаў аддадзены на “разарванне” фестывальным дыяспарам: так як форум сёлета прысвечаны народным гульням і забавам, то гэта прастора і стала месцам, дзе дэманструюцца асаблівасці нацыянальных культур і традыцый. А беларускім падворкам служыць уся плошча Леніна, на якой прадстаўлены ўсе вобласці краіны з іх спецыфікай і характэрнымі рысамі.Сёння гэтую плошчу чакае масавы флэшмоб, прысвечаны малой радзіме, калі жыхары горада і госці фэста будуць... абдымацца, тым самым нібы абдымаючы саму нашу краіну. Акцыя так і называецца — “Абдымаць разам Беларусь”.
У 2018 годзе форум упершыню выйшаў за межы Гродна: заўтра, у апошні ягоны дзень, асноўныя мерапрыемствы пройдуць ля Аўгустоўскага канала. Але гэта ўжо будуць, хутчэй, менавіта забаўляльныя, конкурсныя і гульнявыя праграмы (у якіх спрадвечнае злучыцца з сучасным) — ад спаборніцтваў па лоўлі рыбы да піўнога марафона “Вясёлая міля”.
— Калі ласка, запрашаем да нас, вы яшчэ паспееце атрымаць асалоду ад свята! — падсумавала рэжысёр.