Жорсткі шоу-біз

№ 21 (1356) 26.05.2018 - 31.05.2018 г

Некалі ён сваімі рукамі садзіў першыя парасткі айчыннага шоу-бізнесу — клубы, лэйбл, музычны тэлеканал… Але сёння наш герой хаваецца ў тытрах расійскіх тэлеперадач і фільмаў за псеўданімам Палiтаеў. За прозвішчам дзеда, дакладней. Тлумачыць ён гэтую метамарфозу і тым, што ў яго сапраўдным прозвішчы літары “ч” і “ж” пры вымаўленні гучаць занадта жорстка, а на экране выглядаюць сурова. Жорсткім і суровым быў і той першы беларускі шоу-бізнэс. Зрэшты, Віталь ЧЫЖОЎ да яго ставіцца па-ранейшаму са скепсісам.

/i/content/pi/cult/693/15237/24.JPGКлуб — клубам

— Яшчэ як быццам “пазаўчора” я заходзіў да цябе ў офіс — і раптам ты пераязджаеш у Маскву. Што за “бутэрброд” там прапанавалі?

— Нічога сабе пазаўчора! У Маскву я трапіў летам 2004-га! А за год да таго апынуўся за бортам на “Першым музычным” — тэлеканале, які пачаў вяшчаць у Беларусі ў 2002-м. Пасля звальнення горкіх пігулак наглытацца давялося нямала — так мяне не біла ні да, ні пасля. Боўтаўся як мог у вадзіцы ўсеагульнага забыцця і пагарды, і зносіла мяне відавочна ў маргінальнае рэчышча. А тут патэлефанаваў даўні сябар і аднакурснік ды паклікаў паспрабавацца рэжысёрам на “НТБ”.

Праз тыдзень я ўжо ўваходзіў у “Астанкіна”. Праз пяць хвілін пасля размовы з кіраўніком праграмы “ЧП. Агляд за тыдзень” рабіў анонс на бягучы выпуск. Яшчэ праз 10 хвілін ён быў у эфіры. У наступныя 5 хвілін мне абвясцілі, што я прыняты з выпрабавальным тэрмінам рэжысёрам нядзельнага выпуску. Прыжыўся, але ніву даводзілася “араць” відавочна не сваю, чаго і не хаваў. Пры першай магчымасці рэдакцыя прапанавала мне іншую праграму — “Галоўную дарогу”, якая тады яшчэ была толькі ў праекце. Аўтамабілі — таксама тэма вельмі далёкая ад маіх інтарэсаў у той час, але захапіла іншае: магчымасць стварыць з нуля нешта новае.

Потым быў бясцэнны досвед працы і зносін з Юліяй Васільеўнай Бялянчыкавай, якая вяла перадачы пра здароўе — найвышэйшым прафесіяналам і наймацнейшай асобай. Потым — паўгода на бальнічным ложку на мяжы выжывання. Па выздараўленні — каналы і сайты “РЕН ТВ”, “2х2”, “Т24”, “Расія 2”, дакументалка “Малога. Вырачаны горад” для “Расіі 1”, мультымедыйны спектакль “СV. Рахманінаў”, аднаактоўка “Адкладзены палёт”, канцэртная відэаверсія “ляпісаўскага” альбома “Капітал”, парачка кліпаў расійскаму спеваку Пятру Прывiну...

Многае з пералічанага знята ўжо падчас або пасля вучобы на Вышэйшых рэжысёрскіх. Мэтанакіравана пайшоў на курс аб’ектыўна лепшага расійскага рэжысёра, “аскараноснага” майстра Уладзіміра Мяньшова. Там жа ад Мікіты Міхалкова, Кшыштафа Занусі, Алы Сурыкавай і іншых велічынь атрымаў неацэнныя веды і навыкі, а галоўнае — сур’ёзна “адкарэктаваў” светапогляд. З таго часу з дазволу бацькі падпісваю свае работы псеўданімам Віталь Палiтаеў.

Зараз працую... будаўніком у сябе на ўчастку. Паралельна мантую тое, што рызыкуе застацца ў стале. А сёлета спадзяюся выпусціць кароткаметражку “Эфект Данінг — Кругера”.

— Ты быў адным з першых, хто ў Беларусі пачынаў ствараць клубы...

— Хутчэй, “свечку трымаў” — у пачатку 1990-х. Першы досвед удзелу ў гэтым працэсе мы атрымалі з Яўгенам Калмыковым, шматгадовым прадзюсарам “Ляписа Трубецкого”. З ім я пазнаёміўся на яго мінскім “Піўным шоу” — сапраўднай піянерскай з’яве для тых часін. Пасябравалі і арганізавалі кантору з назвай “Клубны стыль”, з якой вырас клуб “Піва і гарачыя сасіскі ў тоўстага Мо”. Праз некаторы час мы прадалі яго лідару гурта “Нейро дюбель” Аляксандру Кулінковічу і дырэктару гэтага калектыву Аляксею Маўзону за... 200 “баксаў”, і ён быў перайменаваны ў “Тры парасяці”. Гэтая каласальная сума, як мы з Жэнькай лічылі, была нам неабходная, каб стварыць клуб “Стыль”. Аж два вечары ён пратрымаўся.

Тым не менш, менавіта гэты вопыт прывёў мяне ў “Адыс-Абебу”. Там вечарынкі мелі чароўны поспех стараннямі Сашы Арміі, чалавека выключнага жыццялюбства і рэдкага дару запальваць бляск у вачах — сёння гэта адзін з самых блізкіх маіх сяброў. Нятворчымi працэсамі займацца было няма каму, і гэтая роля дасталася мне. Па-мойму, у жніўні 1996-га ўдалося атрымаць пастаянную прапіску ў кінатэатры “Піянер”. Тады мы яшчэ не ведалі, што нават самыя адданыя адэпты летам у клубы не ходзяць, і працавалі на поўную катушку. Арэнда, ахова, праграма, зарплата супрацоўнікаў…

Грашовай падушкі бяспекі не было, цярпення крэдытораў таксама. Прагарэлі імкліва, за месяц. Рэшту лета рабілі з Сашам мэблю ў новы клуб “Фiлiнс”. Увосень адкрыліся. Народ збіраўся, што дало нам магчымасць аддаць даўгі за “Абебу”. З “Фiлiнса” нас выставіла гаспадыня, вырашыўшы, што публіка не тая збіраецца.

Потым, расчараваўшыся ў тэме, Саша сышоў у лясгас. А я зрабіў спробу стварыць клуб “Прамень”. Ён памёр у маленстве. Клубы тады вырасталі як грыбы, і гэтак жа хутка зразаліся — у сілу самых розных прычын. Урэшце, ужо і ў мяне запал знік. А заняўся я клубамі таму, што быў залішне славалюбівы і... слабы розумам. Балазе, і першае, і другое, насуперак распаўсюджанаму стэрэатыпу, лечыцца. У маім выпадку спатрэбілася пару гадоў інтэнсіўнай тэрапіі ў стылі “клін клінам”.

— Ты быў і сярод тых, хто арганізоўваў у нашай краіне першыя лэйблы, ці не так?

— Неяк так. У 1999-м пры прадстаўніцтве маскоўскага музычнага выдавецтва “Саюз” паўстаў лэйбл “Бульба Рэкардз”. Была ідэя прасоўваць на лакальны рынак лакальны жа рэпертуар, выкарыстоўваючы рычагі ўплыву расіян. Надумалі мы такое разам з прадзюсарам і паэтам-песеннікам Уладзімірам Кубышкіным і на той момант радыёдыджэем Барысам Штэрнам. А запусціў гэтую тэму Васіль Шугалей, на той час ужо былы лідар гурта “Ы.Ы.Ы.”, які быў аўтарам “Саюза” і меў доступ да яго кіраўніцтва. Ён на першым этапе кантраляваў адносіны з галоўным офісам, а разграбаць “аўгіевы стайні” на беларускім рынку павінен быў я. На “выхлапе” — альбом Аляксея Шадзько “Я буду чакаць”, перавыданне “Трох чарапах” N.R.M., зборнік “Бульба-хіт” і сёе-тое іншае.

Але асноўныя намаганні спатрэбіліся на ўсталяванне адносін з Дзяржкамітэтам па аўтарскіх і сумежных правах і барацьбе з пірацтвам. Адна з нашых вельмі шумных акцый, сумешчаная з канцэртам, называлася “Жыві сапраўдным!”, і падчас яе трактар трушчыў кантрафакт у сталічным парку імя Горкага. За пару гадоў рознымі спосабамі (ад угавораў да судоў) атрымалася пераканаць буйных распаўсюджвальнікаў кантэнту, што аўтарскае ўзнагароджанне неабходна адлічваць праваўладальніку.

— Узнікненне “Першага музычнага” стала падзеяй на айчынным медыярынку.

— Я быў там спярша праграмным дырэктарам, пазней генеральным прадзюсарам і пад заслону — рэжысёрам. Многіх тады здзівіў гэты “кар’ерны ўзлёт”. Але не тых, хто мяне добра ведаў: ім было вядома, што наогул з “Музычным” я звязаўся найперш дзеля магчымасці здымаць асабіста і праявіць сябе менавіта ў рэжысёрскай прафесіі. Атрымалася — праўда, ненадоўга. Але знятага за той перыяд цалкам хапіла, каб зрабіць для расійскіх каналаў прадстаўнічы шоурыл (відэавізітоўка з узорамі работ — А.К.).

— На “Першым музычным” пачынала і ўсім вядомая цяпер Люся (цяпер Люцыя) Лушчык...

— Так, калектыў у нас быў шыкоўны. Заўсёды па-добраму ўспамінаю, напрыклад, Ксюшу Ангелаву — тонкую актрысу і цудоўную мастачку, Андрэя Гнёта і Аляксея Сатоліна — творчы тандэм, які вырабляе рэкламу так, як ніхто больш, Віталіка Воднева — унікальнага , абаяльнага і бліскучага шоумена, Максіма Сірага — казачна адоранага чалавека, рэжысёра, музыканта, Вадзіма Пацеева — аператара Божай ласкай. Яго работы сталі б ужо хрэстаматыйнымі, каб не быў ён такі малады.

Еду я на Радзіму

— Што цябе цяпер звязвае з Беларуссю?

— Дзеці, мама, сябры, пашпарт, ментальнасць, штодзённыя думкі, магілы бабулі і бацькі, “с видами Минска любимая кружка, “яндекс” и “фейсбук” на белорусском, один известный журналист, короче, много, всё не вместит лист…” Увогуле, з Беларусі з’ехала толькі тушка, душа там і засталася.

Мінск — прыгажунчык! Колькі яго памятаю, ён становіцца ўсё лепей і лепей. Прычым назіраць яго эвалюцыю ад добрага да вельмі добрага аднолькава хвалююча і знутры, і звонку. І штодня, і наскокамі. Ён — найлепшы горад свету. Але ў клубы яго не зазіраю...

— Шоу-бізнес беларускі моцна змяніўся?

— Загадзя абмоўлюся: маіх назіранняў недастаткова, каб выказаць нешта, акрамя павярхоўных меркаванняў. Па знешніх прыкметах — ніяк. Для мяне такая прыкмета — наяўнасць ва ўжытку нішавых журналістаў паняцця “шоу-бізнэс”. Калі ім па-ранейшаму абзываюць усё запар — значыць, нічога не змянілася. Развіты рынак энтэртэйтменту мае выразную прафесійную лексіку — “выдавецкі бізнес”, “рэкорд-бізнес”, “кінавытворчасць”, “кiнадыстрыбуцыя”, “індустрыя забаў” і іншае. А музыку нашу слухаю. Фаварыты тыя ж — “Песняры” і “Ляпис”.

— На расійскіх тэлеканалах працуюць выхадцы з Беларусі, і такіх людзей не два-тры чалавекі…

— Так, шмат беларусаў на розных узроўнях занятыя ў іх напаўненні зместам. І, дзякуй Богу, яны ў цэлым маюць тут рэпутацыю дысцыплінаваных, працавітых, мяккіх, тонка настроеных людзей.

Даведка

Віталь ЧЫЖОЎ, 44 гады. Нарадзіўся ў Мінску. У 1995 годзе скончыў Беларускі ўніверсітэт культуры па спецыяльнасці “Рэжысура масавых святаў”, у 2012-м — Вышэйшыя курсы сцэнарыстаў і рэжысёраў недзяржаўнай адукацыйнай установы вышэйшай і паслявузаўскай прафесійнай адукацыі Расійскай Федэрацыі, атрымаўшы спецыяльнасць “Рэжысура ігравога філ

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"