Трымаць акцёрскую марку

№ 21 (1356) 26.05.2018 - 31.05.2018 г

Студэнцкі конкурс, а тым больш па спецыяльнасці — справа добрая. Можна сказаць, адна з частак адукацыйнага працэсу, бо стымулюе не проста набыццё ведаў, а іх практычнае прымяненне. Гэта пацвердзіў ХVII конкурс “Чытаюць і спяваюць студэнты тэатральнага факультэта” ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

/i/content/pi/cult/693/15231/17.JPGПраграма ў двух аддзяленнях змяшчала не толькі “першыя спробы”, але і завершаныя нумары, здольныя ўпрыгожыць лепшыя тэатральныя сцэны. Сярод “маленькіх адкрыццяў” конкурсу — апавяданне “Лаакаон” Міхаіла Велера, выкладзенае для дуэту дзяўчат-рэжысёраў 4-га курса: Віталіны Бідзюк і Марыі Матах, якая ўжо заканчвае свой першы сезон як актрыса Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага. Дарэчы, напярэдадні дзяўчаты з тым жа нумарам сталі лаўрэатамі Міжнароднага тэатральнага фестывалю-конкурсу “Рыжы клоўн” імя Андрэя Паніна ў Кемераве. Паўнавартасным спектаклем глядзелася скарочаная версія аднаактовай п’есы Рыгора Канстанцінава “Шалёная балерына”, бліскуча сыграная трэцякурсніцай Нікай Жаўрыд. І была адзначана не толькі журы, але і публікай, атрымаўшы прыз глядацкіх сімпатый.

Увогуле, каштоўныя падарункі — кнігі пра мастацтва з пажаданнямі-наказамі ад зорак тэатра і кіно — займелі ледзь не ўсе канкурсанты. Можа, гэта натхніць астатніх? Бо сёлета расчаравала тое, што конкурс амаль цалкам ігнаравалі будучыя спецыялісты ў галіне музычнага тэатра: спявалі пераважна тыя, хто вучыцца на драматычных акцёраў.

Праз год кафедра сцэнічнай мовы і вакалу і заснаваны ёй конкурс будуць адзначаць 20-годдзе. Пэўна, удзельнікаў тады збярэцца ў разы больш, яны будуць звяртаць увагу не адно на чытанне ды спевы, але і на свой сцэнічны выгляд, што сёлета рабілі хіба адзінкі. “Маленькімі шэдэўрамі” стануць прачытаныя вершы, больш крэатыву будзе ў самастойных і аўтарскіх працах.

Дарэчы, для сапраўднага выхавання пачуцця сцэны неабходна… сама сцэна! Ёсць спадзеў, што праз год яе, нарэшце, адрамантуюць. Але і ў цяперашніх складаных умовах студэнцкія спектаклі атрымліваюць прызнанне не толькі ў краіне, але і за яе межамі. У Маскве нядаўна прайшоў Першы студэнцкі тэатральны фестываль краін СНД “ГИТИС — майстар-клас”. Яго ўдзельнікамі сталі і трэцякурснікі нашай Акадэміі мастацтваў. Цягам пяці дзён яны займаліся з лепшымі расійскімі выкладчыкамі і асаблівае прызнанне атрымалі за паказаны спектакль “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” ў пастаноўцы Алены Ганум (дарэчы, цэласныя спектаклі прывезлі толькі нашы і азербайджанскія студэнты).

— Абмеркавання з крытыкамі там не было, — расказаў загадчык кафедры майстэрства акцёра, дацэнт, артыст Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Вячаслаў Паўлюць. — Але са здзіўленнем і радасцю мы пачулі ад калег, што нашы студэнты былі лепшымі ў плане тэатральнай школы. Сапраўды, яны “трымаюць марку” — і гэта радуе.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"