Словы пра мастачку Нінэль Шчасную

№ 16 (1351) 21.04.2018 - 28.04.2018 г


/i/content/pi/cult/688/15143/27.JPGКарціна

Нінэль Шчасная напісала карціну “Пад сонцам”. На ёй побач з высокім сланечнікам выструнілася дзяўчынка. А яшчэ была цэлая процьма самага сапраўднага святла. Карціна так уразіла мастакоў, што ўсе яны адразу ж закахаліся ў таленавітую Нінэль. У яе закахаліся не толькі тутэйшыя мастакі, але і мастакі з Японіі. Яны купілі ў Шчаснай шмат карцін і звезлі іх у далёкую-далёкую Японію.

Пагалоска, што Нінэль Шчасная стала вядомай і прызнанай мастачкай у недасяжна-далёкай Японіі, вельмі радавала тутэйшую публіку. Тая першая і яркая закаханасць у Шчасную засталася з ёй на ўсё доўгае жыццё. Бо, на добры розум, мастаку, каб яго любілі і паважалі, дастаткова напісаць адну выдатную і запамінальную карціну.

Закаханасці

Старэйшыя мастакі расказвалі, што ў Нінэль Шчасную былі закаханыя ледзь не ўсе мужчыны ў багемным Мінску 1960-х. “Нават Барыс З. быў закаханы ў Нінэль!” — шэптам казаў мне архітэктар Алег Хадыка і прымружваў заакуляраныя вочы, як самы сапраўдны вучоны кот. Тое пачуцце Барыса З. мусіла быць — дый было — аргументам у расповедах пра абаяльнасць і прыгажосць мастачкі Шчаснай.

Я тую маладую прыгажосць не заспеў. Для мяне Нінэль Іванаўна была простай і абаяльнай жанчынай, якая сябравала з маёй маці. Але я верыў старэйшым калегам, бо ілгаць пра фантастычную прыгажосць Нінэль і закаханасць у яе графіка Барыса З. не было ніякага сэнсу.

Жорык

У мастацкай вучэльні я хадзіў у адну групу з Жорыкам Шчасным. Ён быў апантаны маляваннем, але блытаў зялёны колер з чырвоным. Жорык быў такім брутальным дальтонікам, што замест агніста-чырвонай морквы мог намаляваць моркву жоўта-зялёную. Акрамя малявання, нашага Жорыка мала што цікавіла, таму па большасці агульнаадукацыйных прадметаў ён атрымліваў “дваякі” і “калы”. Добра, што ў мастацкай вучэльні выкладчыкі песцілі менавіта мастакоўскія здольнасці, і Жорыку дазволілі правучыцца ўсе чатыры гады.

Ён ганарыўся тым, што меў адметныя артыстычныя здольнасці. А яшчэ Жорык Шчасны ганарыўся тым, што носіць прозвішча вядомай і паважанай мастачкі. Ён нават спрабаваў даводзіць, нібы з’яўляецца далёкім сваяком Нінэль Іванаўны, але хлусня хутка выкрылася. Жорык з Нінэль быў толькі цёзка па прозвішчы, але нават гэтага хапала для гонару.

/i/content/pi/cult/688/15143/26.JPGМаксім Танк

Паэт Максім Танк даволі спакойна ставіўся да разнастайных эксперыментаў у выяўленчым мастацтве. Ён неаднойчы абараняў нашых авангардыстаў. Наогул, я ведаю толькі адзін выпадак, калі Максіму Танку не спадабалася карціна, і ён прылюдна яе пакрытыкаваў. Гэты быў ягоны партрэт, напісаны Шчаснай. На тым партрэце Максім Танк стаяў побач з Куляшовым. “Нашто мяне намалявалі побач з нябожчыкам? Побач з нябожчыкам я стаяць не хачу...” — сказаў Танк на адкрыцці выставы. Шчасная, вядома, моцна перажывала, лічыла сябе вінаватай. Думаю, што ў словах Максіма Танка была крытыка не толькі Шчаснай, але і паэта Куляшова, які побач з жывым і вясёлым Танкам
заўсёды выглядаў каменным і халодным, як манумент.

Святочная серада

У кожнага мастака ёсць свой улюбёны і найгоршы дзень на тыдні. Нехта любіць працаваць у нядзелю, камусьці ўдаецца вызваліць панядзелак для заняткаў любімай справай, хтосьці з захапленнем працуе цэлую ноч з суботы на нядзелю.

У вядомых мастакоў шмат прыхільнікаў, якія прыходзяць у майстэрню, сядзяць там доўга і замінаюць працаваць. Апошнім часам праблема з прыхільнікамі вырашаецца лёгка, бо ў горадзе паадкрывалася безліч кавярняў. Цяпер мастак можа з журналістамі ды мастацтвазнаўцамі сустракацца ў іх. Раней кавярняў і бараў у Мінску было мала, таму і гарбату, і каву, і віно з гарэлкай мастакі пілі ў майстэрнях. Шмат хто праз гэта і спіўся.

Каб меней піць і меней пускаць у сваю майстэрню чужых людзей Нінэль Шчасная прыдумала сабе Святочную сераду. Менавіта ў сераду Шчаснай працавалася кепска, і яна вырашыла ахвяраваць гэты дзень для сустрэч з сябрамі ды рознымі патрэбнымі людзьмі. “У свае пяцьдзясят я зразумела, што вельмі мала напісала карцін. Замест таго, каб пісаць, я сядзела за сталом з сябрамі. Цяпер я сяджу з сябрамі толькі ў Святочную сераду...” — казала мне гасцінная Нінэль Іванаўна.

Два разы я трапляў на Святочную сераду да Шчаснай. За келіхам чырвонага віна там вяліся павольныя гутаркі пра мастацтва і паэзію. Гутаркі мяне не ўразілі, а таму змест іх хутка выветрыўся з памяці. Мяне ўразіла каляровае шкло, якога было
поўна ў майстэрні Нінэль Іванаўны. Яна тое шкло раздорвала. Маёй маці Нінэль падаравала вялікую зялёную кветку, адлітую на шклозаводзе “Нёман”. Маці ганарылася той кветкай і ўсім расказвала пра Нінэль і яе гасцінны дзень — Святочную сераду.

Выключэнне

/i/content/pi/cult/688/15143/28.JPGБольшасць людзей пераканана, што манументы, роспісы, вітражы, як і ўсё астатняе мемарыяльнае мастацтва, ствараюцца на стагоддзі і нават на тысячагоддзі. Таму назіраць за збіццём фрэсак і разбурэннем каменных помнікаў цяжка. Нават тады, калі выявы на знявечаных фрэсках і героі пабітых помнікаў табе не падабаюцца. Усялякае руйнаванне — цяжкае відовішча. Толькі малаадукаваны хам ці вандал можа радавацца шалёнаму руйнаванню, якое ў цывілізаваным грамадстве павінна быць акуратным і спланаваным дэмантажом.

У нашым Мінску шмат што дэмантуюць і руйнуюць. Былі знішчаны вітражы маіх настаўнікаў Вашчанкі і Стэльмашонка, было зруйнавана пано Кішчанкі, зніштожаны роспісы Літвінавай. Перабудоўшчыкі гатэля “Беларусь / Свіслач” у Crowne Plaza збіраліся выкінуць на сметнік і вітраж Шчаснай.

Разгубленую і зніякавелую, сустрэў я Нінэль Іванаўну каля гатэльнай перабудоўлі. Яна скардзілася, я раіў напісаць ліст у абарону твора. Вітраж у гатэлі захаваўся. Адбылася хай і маленькая, але перамога мастака над вандалізмам, і я ёй трохі ганаруся. Разумею, гэта толькі выключэнне з агульнага правіла. Манументальныя творы і мемарыялы выконваюць ролю дэкарацый, на фоне якіх выступаюць дзяржаўныя правадыры. І змяняюцца разам з імі. З’яўляюцца новыя дэкарацыі, новыя манументальныя і мемарыяльныя творы, зробленыя нібыта на вякі, нібыта на тысячагоддзі.

Спевы

Скажы, з кім ты спяваеш, і я скажу — хто ты. Думаю, што гэта правільнае вызначэнне чалавека. Ты тое, што ты спяваеш. У маладосці я шмат спяваў. Спяваў з аднадумцамі і сябрамі, для любімых жанчын, на вяселлях. Можна казаць, што маё пакаленне песеннае.

Шкада, што з мастачкай Нінэль Шчаснай я спяваў толькі аднойчы. Гэта здарылася ў Піцундзе. Я адпачываў у пісьменніцкім доме творчасці. Беларусаў сярод адпачыннікаў набралася шмат. Таму і ўзнікла ідэя зрабіць на беразе мора беларускую вечарынку. Мужчыны панапрыносілі павыкіданага морам ламачча і расклалі вогнішча. Жанчыны накрылі на посцілцы імправізаваны стол. Па шклянках разлілося і выпілася абхазкае лёгкае светлае віно. Мы выпілі і заспявалі. “Купалінка”, “Касіў Ясь канюшыну”, “Ой рана, на Йвана”... Мы спявалі ўсё грамчэй і грамчэй.

Спявалі Нінэль Шчасная і яе муж Іван Бурсаў. Спяваў паэт Міша Шэлехаў. Спявалі Іван Чарота і Мікола Мятліцкі... За сняданкам нас віншавалі розныя пісьменнікі і казалі, што ніколі не чулі, каб беларусы так зладжана спявалі. Пра грузінскія і ўкраінскія спевы ведалі ўсе, а беларускія — пачулі ўпершыню. Шчыра прызнаюся, мы і самі здзівіліся, што ў нас так добра атрамалася. Пазней у размовах з Нінэль мы заўжды згадвалі свае спевы на беразе Чорнага мора, каля вялікага вогнішча пад зорным небам.

Наста

Першая адукацыя, якую мне пашчасціла атрымаць, — настаўнік малявання. Таму ўсё жыццё я некага вучу маляваць і пісаць лірычныя дзённікі. З тымі, хто малюе, я абавязкова разважаю пра літаратуру, а з тымі, хто піша, — хаджу на выставы і ў музеі.

Апошнім часам на выставы я хадзіў з вучаніцай Настай. У Нацыянальным мастацкім музеі я папрасіў яе выбраць адну карціну, якая спадабалася ёй
найбольш. Для школьніцы, якая ўсё жыццё празаймалася спортам, а ў музеі і тэатры не завітвала, задача была не з лёгкіх. Відавочна, Наста стамілася, прайшоўшы ўвесь наш не такі ўжо і малы музей. Мне думалася, што ёй спадабаюцца японскія кімано ці рамантычныя і натуралістычныя нацюрморты Хруцкага. Але Наста выбрала партрэт пісьменніка, які выканала Нінэль Шчасная. Прызнаюся, я не чакаў такога выбару і таму моцна парадаваўся за Насту і яе прыродны густ. Прыемна, калі ў настаўніка і вучаніцы ёсць супадзенне ў выбары ўзорных рэчаў.

Адам ГЛОБУС,
мастак, літаратар