Сякера за лаўкай ці ў лаўцы?

№ 16 (1351) 21.04.2018 - 28.04.2018 г

У нумары “К” ад 14 красавіка быў змешчаны мой артыкул “Ці ўтрымлівае збанок архетып?” пра Лагойскі раённы дом рамёстваў. Спадабаліся мне тамтэйшыя майстры вельмі. Але гаворка не пра тое. У пятніцу галоўны рэдактар паклаў мне на стол ліст ад начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Лагойскага райвыканкама Яўгеніі Паляшчук і загадаў: “Рэагуй!” Рэагую.

Пачну з цытаты. Яўгенія Віктараўна піша: “…аўтар, распавядаючы пра сувенірную лаўку Лагойскага раённага дома рамёстваў, указвае на памылковае ўжыванне слова “лаўка” для абазначэння гандлёвай кропкі”. Так, убачыў каваны ўказальнік і напісаў у артыкуле, што слова “лаўка” ўжыта памылкова. Ёсць жа слова “крама”. Спадарыня Паляшчук даводзіць адваротнае, спасылаючыся на два тлумачальныя слоўнікі беларускай мовы 1979 і 1990 гадоў выдання.

Падаецца, мне варта апраўдвацца і прасіць прабачэння. Па шчырасці, вельмі хочацца. Але замінае любоў да роднай мовы. Амаль дзесяць гадоў выкладаў яе ў адной са сталічных сярэдніх школ (настаўнік першай катэгорыі). Некалькі гадоў быў намеснікам галоўнага рэдактара часопіса “Роднае слова”, які па вызначэнні сваім займаўся вырашэннем складаных моўных сітуацый і кожным нумарам даводзіў, што мова — імклівая рака, якая пастаянна мяняе сваё рэчышча.

Я таксама магу прывесці прыклады больш позніх слоўнікаў, якія адназначна сцвярджаюць: слова “лаўка” ў значэнні “крамы” ўжывацца можа толькі ў адным варыянце — размоўным. І неяк не пасуе такі варыянт для шыльды афіцыйнай установы.

Але, не ведаючы Вас асабіста, шаноўная Яўгенія Віктараўна, гатовы прынесці Вам свае прабачэнні. За тое, што адарваў ад справы і прымусіў гартаць слоўнікі. Давайце на гэтым спынім дыскусіі. Урэшце, некаторыя адмыслоўцы лічаць, што ўнармаваным беларускім словам для абазначэння гандлёвай кропкі і наогул з’яўляецца “магазін”.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"