Генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў, міністр культуры Рэспублікі Беларусь Юрый Бондар, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Таджыкістан Махмадшарыф Хакдод і першы намеснік Старшыні Выканкама — выканаўчага сакратара СНД Віктар Гумінскі.
Канцэпцыя экспазіцыі выяўлена ў назве выставы — “Гармонія ў разнастайнасці”. Савецкае мастацтва на высокай ноце сваёй гісторыі сапраўды адпавядала гэтым крытэрыям. Умоўна экспазіцыю можна падзяліць на дзве часткі. Першая — работы беларускіх мастакоў, зробленыя ў вандроўках і творчых камандзіроўках у братнія рэспублікі Савецкага Саюза. Другая — графічныя і жывапісныя работы мастакоў саюзных рэспублік з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Значную частку экспазіцыі складаюць краявіды і партрэты, але ёсць і сюжэтныя творы, у якіх адлюстраваны падзеі, важныя на той час для ўсяго СССР, а сёння — для разумення нацыянальнай гісторыі краін СНД.
Падчас падрыхтоўкі экспазіцыі высветлілася, што ў фондах нашага музея няма твораў мастакоў Туркменістана. Дырэктар установы Уладзімір Паракапцоў звярнуўся да Пасольства Туркменістана ў нашай краіне з просьбай знайсці твор, які прадстаўляў бы на выставе гэту краіну Садружнасці. Просьба была выканана. Больш за тое — гэта палатно пэндзля сучаснага туркменскага мастака Асрара Даўлата Нацыянальнаму мастацкаму музею РБ падорана як знак дружбы народаў абедзвюх нашых краін. На карціне — краявід горнага масіву, які мае паэтычную назву “Сорак дзяўчын”.
Выступаючы на адкрыцці выставы, міністр культуры Рэспублікі Беларусь Юрый Бондар адзначыў, што мастацтва збліжае народы, а ў культурным асяродку і палітычныя пытанні вырашаць прасцей. Ён нагадаў, што Год культуры Садружнасці ў Беларусі будзе адзначаны шэрагам імпрэз і мерапрыемстваў, якія яшчэ раз нагадаюць нам, грамадзянам краін СНД, што мы маем агульную спадчыну і на гэтым грунце можна ўпэўнена будаваць і агульную будучыню.
Пра творчыя кантакты з музеямі краін Садружнасці распавядаў Уладзімір Пракапцоў. Выставу дапаўняе экспазіцыя кніг па мастацтве краін СНД з фондаў Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь.
Фота Паліны КАСМАЧОВАЙ