Жыццё пасля “Верасоў”

№ 14 (1349) 07.04.2018 - 14.04.2018 г

У падрабязнасцях пра тое, што папярэднічала яе з’яўленню ў складзе знакамітага ансамбля “Верасы”, што адбывалася з ёй падчас знаходжання ў ім і як склалася жыццё артысткі пасля сыходу з калектыву, Юлія СКАРАХОД, магчыма, напіша кнігу. Балазе, матэрыялу не бракуе. Пакуль жа мы прапануем вам “прэлюдыю” да яе.

/i/content/pi/cult/686/15100/19.JPGАнтыкрызісная спявачка

— Кажуць, што ў Васіля Раінчыка кастынгі ў “Верасы” былі вельмі жорсткімі — надта патрабавальны ён чалавек. Як ты трапіла ў ансамбль?

— Ты, напэўна, маеш на ўвазе салістак “Верасоў”, якія дзесьці з канца 1980-х з’яўляліся ў ансамблі і неўзабаве адтуль знікалі? Я — гэта іншая справа. Мяне тады наогул не цікавіў такі стыль музыкі, мне падабаліся, скажам, “Песняры” з іх фолк-рокам. Пасля аднаго з канцэртаў гурта “Минск” да мяне падышоў Васіль Раінчык, з усмешкай на твары прадставіўся і запрасіў у “Верасы”. Прыехаўшы дадому, распавяла пра гэта бацькам. Аказалася, што мой тата-джазмэн ведаў Раінчыка з тых часоў, калі яшчэ граў у рэстаране “Нёман” — думаю, ледзь ці адзіным у Мінску, дзе гучаў джаз. І тады яшчэ проста Вася — студэнт кансерваторыі — прыходзіў да іх, каб разам паджэмаваць.

Васіль Пятровіч не даў забыць пра нашу з ім сустрэчу, працягваючы тэлефанаваць. А калі ён патэлефанаваў з Бірабіджана — “Верасы” адправіліся на доўгія гастролі па Далёкім Усходзе — прыспеў час вырашаць канкрэтна. Калі я кажу “так”, мне трэба неадкладна ляцець у Хабараўск. Мне тады было ўсяго 17 гадоў, а тут праз увесь Саюз ляцець!

Але ўрэшце пагадзілася. З рознымі прыгодамі да Хабараўска дабралася, дзе мяне Раінчык і сустрэў. Ён трошкі распавёў аб праблемах у калектыве, пра будучыя гастролі. Тым ліпеньскім вечарам 1986-га я ўпершыню пабыла на канцэрце “Верасоў”, але пакуль яшчэ ў ролі слухача. Убачанае і пачутае падалося мне сумным. Пазней зразумела, што адбываецца, і чаму так упарта Раінчык мяне туды цягнуў. Для Аляксандра Ціхановіча тыя гастролі былі апошнімі ў складзе “Верасоў”, але калі б тады з ансамбля пайшла яшчэ і Ядвіга Паплаўская, ансамблю наступіў бы канец. Усе запланаваныя паездкі давялося б адмяняць.

З Хабараўска паляцелі ў Паўднёва-Сахалінск, потым ва Уладзівасток, дзе былі мае першыя сольныя выступы з песнямі Ігара Саруханава і Ірыны Цвятковай — жонкі Васіля Пятровіча. Паралельна вучыла партыю бас-гітары на сінтэзатары, бэк-вакалы (плюс рэпертуар да другога курса вучылішча). І так пайшлі гастролі за гастролямі, па тры, часам і па чатыры канцэрты за дзень. Але “Верасы”, хай даруе Васіль Пятровіч, у мяне заўсёды асацыяваліся толькі з Ядзяй і Сашам, пра якіх заўсёды цёпла ўспамінаю.

— Мегапапулярны ВІА, поўныя залы, натоўпы прыхільнікаў… І пасля пяці гадоў працы — твой сыход з яго. Ці не страшна было? Ці не ўзнікала пытанне: а ці ёсць жыццё пасля “Верасоў”?

— Так, гастролі па ўсім СССР, а таксама Славенія, Германія, Венгрыя, Манголія, нават Кампучыя... Для мяне гэтыя гады з “Верасамi” былі самымі цікавымі ў жыцці. Праца на прафесійнай сцэне дала магчымасць паўней раскрыцца як асобе, я набыла неацэнны досвед зносін з гледачамі. І ўдзячная Васілю Раінчыку за тое, што ён мяне прыняў у калектыў таленавітых музыкантаў, якія сталі маімі сябрамі. Але пад канец 1988 года канцэртна-гастрольная дзейнасць “Верасоў” ужо паступова рассыпалася, хоць рэпетыцыі працягваліся. І мае “прэтэнзіі” да ансамбля сталі назапашвацца тады ж. Асабліва пасля Усесаюзнага фестывалю польскай песні, папярэдніка “Славянскага базару ў Віцебску”, калі маю “Ляльку Мадону” бліскуча “выканала” пад фанаграму ў складзе “Верасоў” Надзея Ваяводзіна — спявачка з Піцера, якая да таго не прапрацавала з намі ніводнага канцэрта.

У той вечар я ўпершыню задумалася аб сыходзе з калектыву. Крыху пазней паўстала іншая сітуацыя (пакуль пра яе не буду), пасля якой я прыняла канчатковае рашэнне. Тады сышлі і некаторыя музыканты, у тым ліку і клавішнік Сяргей Герута, які потым пісаў для мяне песні на вершы Алены Туравай і Мікалая Траццякова. З імі мяне пачалі запрашаць на тэлебачанне і радыё. Адпаведна, жыццё без “Верасоў” было, ёсць і будзе!

Страта голасу

— Міхаіл Фінберг запрашаў у свой аркестр яшчэ падчас тваёй працы ў “Верасах”?

— Ён увесь час клікаў у аркестр. І даведаўшыся, што я пайшла з “Верасоў”, прапанаваў сустрэцца. У той час яму жылося, як і мне, цяжка, але... цікава. Тры гады яго аркестр чамусьці не запрашалі на БТ з персанальнай праграмай, а мяне чамусьці выразалі з эфіраў. Нягледзячы на вялікую розніцу ва ўзросце, мы заўсёды размаўлялі з Міхаілам Якаўлевічам на роўных. Вось і ў той раз адкрыта пагаварылі. Я прапанавала свае ўмовы, ён — свае, паціснулі адно аднаму рукі, і так пачалася мая праца ў аркестры. І яна яшчэ раз паказала, што заўсёды знойдзецца хтосьці, хто будзе ўстаўляць палкі ў колы. Ды і сам Фінберг у той час вучыўся супрацьстаяць крытыцы, “шчыпкам”, “наездам”, плёткам.

Акрамя Міхаіла Якаўлевіча, трэба ўспомніць і пра Ігара Палiводу. Мы з ім перасякаліся ў філармоніі, бачыліся на зборных канцэртах, калі ён ужо працаваў у Фінберга, але ніколі не ставала часу, каб пагутарыць. Пашчасціла, калі прыйшла ў аркестр. Гэта быў віртуоз, чалавек з велізарным культурным багажом! Яго музыка, з аднаго боку, была дзіўна меладычная, з другога — вогненна-тэмпераментная. На рэпетыцыях маглі пажартаваць, “патравіць” анекдоты, але, думаю, ён па-сапраўднаму нікога не пускаў у сваю душу. Крыўдна, што такіх вытанчаных музыкантаў цанілі не тое каб надта.

— Наколькі я ведаю, твая сольная кар’ера працягвалася нядоўга — неўзабаве адбыўся ад’езд у Польшчу?

— У 1994 годзе я захварэла i страціла голас, таму магла выступаць толькі ў тэлевізійных праграмах, пад фанаграму. Амаль год так прамучылася. Але калі голас зноў прарэзаўся, напаткала іншая трагедыя: трапіла ў аўтакатастрофу. Дзякуючы залатым рукам хірурга Ігара Федчанкі, які прывёў мой твар у парадак, змагла з’яўляцца на людзях. І неўзабаве — так, з’ехала, хоць у планах гэтага не было. Сустрэла цікавага чалавека, які мяне ўсё-такі ўгаварыў на
ад’езд. Быў, вядома, страх — як усё складзецца: новыя краіны, новае жыццё, новыя людзі, мовы.

Першыя гады было цяжка. Шмат чытала, бо гэта самая лепшая школа, каб навучыцца мовам. Паспяхова скончыла Варшаўскую вышэйшую школу менеджменту па спецыяльнасці TQM (як якасна кіраваць фірмамі, праектамі). А маім ментарам быў і застаецца мой муж Ежы. У нас з ім атрымалася ў 2010 годзе “пажаніць” два тэатры: Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы і варшаўскі “Рампа”. “Рампа” першым прадставіў у сябе на радзіме “Пінскую шляхту” ў польскім перакладзе Барбары Кшыжаньскай-Чарнавейскай — прапраўнучкі Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча.

Песні на запасным шляху

— За мяжой ты не забывала пра Беларусь, спрабуючы прывозіць у яе з канцэртамі заходніх поп-артыстаў...

— І ў думках у мяне не было займацца іх прывозам! Але праз майго брата Альберта звярнуўся да мяне наш агульны знаёмы, які планаваў арганізаваць канцэрт “зорак” у рамках акцыі, прысвечанай дзесяцігоддзю чарнобыльскай трагедыі. Ён ведаў, што мой муж можа дапамагчы. І швейцарская адвакацкая фірма ў асобе Ежы выступіла гарантам удзелу шведскага гурта Army of Lovers. З нашага боку ўсё было падрыхтавана. У Мiнск мы прыехалі за некалькі тыдняў да канцэрта, але аказалася, што тут работа нават не пачалася. Таму давялося нам узяць усё ў свае рукі. Падключылі ТБ, радыё, забраніравалі месцы ў гасцініцы, аховай заняўся Альберт, звязаліся з нашым прыяцелем Міхаілам Кірычэнкам, папрасіўшы яго пабыць перакладчыкам, задзейнічалі фатографа Міхаіла Маругу, прафесіяналізмам і велізарнай працаздольнасцю якога артысты ў выніку былі прыемна здзіўлены.

Але... пляцоўка Палаца спорту па сваёй умяшчальнасці не занадта падышла мерапрыемству, ды і арэндныя ўмовы ад яго адміністрацыі былі, мякка кажучы, завышанымі ў фінансавым плане. Тым не менш, школу прайшла добрую і магла б — пры жаданні — спакойна заняцца гэтым у будучыні.

— Ты спрабавала заявіць пра сябе ў Польшчы як спявачка?

— Мною запісана некалькі дэма-трэкаў на музыку лідара мінскага гурта Apple Tea Ігара Сацэвіча з маімі тэкстамі на польскай мове. Трэба толькі знайсці час, каб давесці іх да розуму і выдаць. Да таго ж, я з’яўляюся членам польскіх Саюза аўтараў і Саюза выканаўцаў. Таму — усё пад кантролем!

— Ці не шкадуеш часам, што твой спеўны лёс у Беларусі быў такім хуткаплынным? Застанься ты тут — можа, цяпер насіла б званне заслужанай артысткі...

— Не шкадую, бо лепшага ўжо не будзе. Заслужанай… Чалавека любяць і паважаюць не за ордэны і не за тое, колькі машын у яго ў гаражы, а за дасягненні, за тое, што ў яго душы. І гэта для мяне самае важнае. Я і без званняў працягваю любіць сваю краіну, у якой жывуць мае блізкія, родныя людзі, сябры, знаёмыя. Удзячная ўсім, хто мяне яшчэ тут памятае i шануе!

Даведка

Юлія СКАРАХОД. Нарадзілася ў Мінску. У 1988 годзе скончыла Мінскае музычнае вучылішча (цяпер каледж) па класе фартэпіяна. У 1984 — 1986 гадах — салістка-інструменталістка поп-рок-гурта “Минск”, у 1986 — 1990 гадах — ВІА “Верасы”, у 1990 — 1995-м — салістка Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі. Жыве ў Польшчы.

Фота Вольгі СТАХВЮК

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"