Таймінг анімацыйнага саўндтрэка

№ 14 (1349) 07.04.2018 - 14.04.2018 г

На Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” рыхтуюць першы айчынны анімацыйны мюзікл. Рэжысёр Алена ТУРАВА прыступіла да працы над чацвёртай часткай карціны “Зоркі сёмага неба” па сцэнарыі Генадзя Давыдзькі. “К” назірала за творчым працэсам.

/i/content/pi/cult/686/15092/8.jpg

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Пачынаецца ўсё з памкнення

Здаецца, у рэжысёра Алены Туравай такое амплуа — быць першапраходцам на айчыннай кінаніве. Прыгадаем пачатак нулявых: на “Беларусьфільме” не бралі ў вытворчасць кінасцэнарыі чароўных казак, бо не было тэхнічных сродкаў рэалізаваць на экране чарадзейства. На той момант цэха камбінаваных здымак, дзякуючы якому ствараліся кінадзівосы для такога рэжысёра, як Леанід Нячаеў, на нашай студыі ўжо не існавала, а камп’ютарны яшчэ не з’явіўся.

Тады не пабаялася рызыкнуць менавіта Алена Турава: для ігравога кіно “Навагоднія прыгоды ў ліпені” яна разам з рэжысёрам Іванам Паўлавым па дробязях збірала неабходнае абсталяванне, вывучала, як узаемадзейнічаць з храмакеем, шукала людзей, гатовых працаваць з нязвыклымі на той момант для нашай краіны тэхналогіямі. Рэжысёры запэўнілі кіраўніцтва студыі, што, калі нешта не атрымаецца лічбавымі сродкамі, неабходнае намалююць на анімацыйнай студыі.

— Нас падтрымалі, купілі абсталяванне. “Навагоднія прыгоды…” сталі сапраўды добрай школай. Не памылюся, калі скажу, што камп’ютарны цэх на студыі з’явіўся менавіта пасля нашага фільма, — узгадвае спадарыня Алена.

Пасля трох ігравых карцін для дзяцей рэжысёр вярнулася ў анімацыйную стыхію. Аднак простыя шляхі ізноў не для яе: гэтым разам Турава ўзяла кірунак на поўнаметражную анімацыю. У сацсетках адразу пачалі ўзгадваць “Дэкамерон” Алега Белавусава, “Прыгоды Несцеркі” Ігара Волчака, але абедзве названыя стужкі ўяўлялі з сябе цыкл навэл-казак. Алена Турава робіць цэласнае паўнаметражнае кіно са скразным сюжэтам. Таму ў выпадку з “Зоркамі сёмага неба” азначэнне “першы” будзе сапраўды дарэчы.

Флэшбэк і маскі

Літаратурны матэрыял аўтарства Генадзя Давыдзькі патрапіў у анімацыйную вытворчасць далёка не адразу. У Сеціве можна пабачыць кінасцэнарый “Зоркі сёмага неба”, які напачатку стагоддзя Генадзь Браніслававіч прынёс на айчынную студыю ігравога кіно. З-за адсутнасці тэхнічных магчымасцяў сцэнарый лёг на паліцу. Тады казка з музыкай Уладзіміра Кур’яна з’явілася ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі, а ў 2009 годзе ператварылася ў паўнавартасны музычны спектакль Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага (рэжысёрам выступіў аўтар п’есы). За сцэнаграфію пастаноўкі адказваў мастак Веніямін Маршак. Ён жа зрабіў ілюстрацыі да кніжнай версіі “Зорак”, якую тры гады таму шырока прэзентаваў спадар Давыдзька.

/i/content/pi/cult/686/15092/9.jpgУ рэжысёра-аніматара сцэнарый атрымаў новае прачытанне, ператварыўшыся ў сапраўдны прыгодніцкі мюзікл. Выбар жанру Алена Турава тлумачыць проста:

— Самымі папулярнымі анімацыйнымі стужкамі мінулага былі менавіта мюзіклы. Прынамсі, маё дзяцінства прайшло пад сцягам тых жа “Брэменскіх музыкаў”, “Блакітнага шчаня”, “Лятучага карабля”. Песні з мультфільмаў вельмі жывучыя: хтосьці, можа, і не ўспомніць, напрыклад, што фраза
“...ад усмешкі” — са стужкі “Малютка Янот”, але абавязкова яе напяе.

Музыку да карціны напісаў кампазітар Леанід Шырын, вершы да сваіх фільмаў традыцыйна піша сама Турава. Саўндтрэкі ўжо запісаны на студыі Аляксея Зайцава. У агучцы заняты спрэс зоркі айчыннай эстрады і тэатра: Святлана Бень, Тэа, Дзядзька Ваня, Дзяніс Дудзінскі і іншыя. Сярод галасоў гледачы пачуюць Алену Дуброўскую — адзіную з творчай каманды, хто заняты і ў сцэнічнай версіі “Зорак” (рэжысёр прызналася, што прынцыпова не хадзіла на спектакль, каб не з’явіліся падставы сказаць, што аніматары нешта пазычылі ў тэатральнай пастаноўкі).

— Спевакоў клікалі ў праект не з-за гучнага імя, а за шыкоўныя творчыя магчымасці, — каментуе свой выбар рэжысёр. — Па сюжэце, галоўныя героі вандруюць па шасці нябёсах, пераадольваючы на кожным з іх персанажаў, што ўяўляюць з сябе чалавечыя заганы. Па сутнасці, перад гледачамі мусіць паўстаць шэсць страката абрысаваных масак, шэсць непадобных адзін да аднаго тыпажоў. У нашых выканаўцаў тое класна атрымліваецца! Як працуе Вабішчэвіч — не перадаць! Ён доўгі час быў “кавээншчыкам”, і тое даецца ў знакі. Імгненна пераўвасабляецца: хочаце — у вас будзе ліслівы Разлюляй ці прасцяк Лізун, хочаце — каварны Спрут. Іван робіць усё з першага дубля. Тое ж самае і з Тэа: акрамя шыкоўнага голасу, ён мае цудоўныя акцёрскія здольнасці. Дзяніс Дудзінскі — проста на ўсе рукі майстар!

Суразмоўца ўпэўненая: саўндтрэк — гэта палова ўражання ад фільма: “Бывалі выпадкі, калі няўдалы саўндтрэк “пахаваў” даволі неблагую выяву і наадварот: сярэднюю выяву выцягвала цудоўнае музычнае суправаджэнне”. Аднак у дадзеным праекце няма магчымасці рабіць вялікія троххвілінныя нумары — яны проста зжаруць амаль увесь таймінг. Рэжысёр імкнецца ствараць кліпы, якія не тармозяць дзеянне карціны: у “Зорках” песня ці адыгрывае ролю флэшбэка, апавядаючы гісторыю персанажа, ці распачынае на экране патрэбную па сюжэце гульню.

На некалькі хадоў наперад

Чым больш я слухала пра вытворчасць мультыплікацыйнай стужкі, тым часцей узгадвала гульню ў шахматы: аніматарам трэба кожны момант пралічыць на шмат хадоў наперад. Намаляваць можна што заўгодна, але нельга забывацца на тэхнічныя нюансы, каб усе прадметы, што трапляюць у кадр, маглі ўзаемадзейнічаць. Напрыклад, цяпер мастак-пастаноўшчык Святлана Кавалеўская стварае “паднябессе абжорства”. Рэжысёр тлумачыць:

/i/content/pi/cult/686/15092/10.jpg— Нам неабходна намаляваць стол, які падаецца агромністым, але ўлазіць у кадр і дае магчымасць рассадзіць вакол яго персанажаў. Мы пайшлі ў абыход гравітацыі, таму ўсе прадметы лётаюць у паветры. Аднак стол па сюжэце мусіць у пэўны момант упасці, значыць, яго неабходна неяк падвесіць, а потым адным рухам скінуць. Усе гэтыя нюансы трэба прадумваць на раннім этапе, пакуль не запушчаны цэхі, бо, калі не намалюеш нейкую дэталь цяпер — потым яе дадаць, можа, ужо не будзе магчымасці.

Складанасць яшчэ і ў тым, што мастакі-аніматары не замацоўваюцца за пэўнай карцінай: рэжысёрам даводзіцца дзяліць іх паміж адначасова запушчанымі праектамі. Людзей і так не шмат, моладзь у анімацыю ідзе не вельмі ахвотна, а сутыкнуўшыся з адцягваннем выплат за сваю работу, усё часцей сыходзіць у рэкламу ці камп’ютарныя гульні, дзе яны запатрабаваныя.

Калі вытворчасць даходзіць да моманту “ажыўлення” персанажаў, рэжысёрам даводзіцца літаральна лавіць аніматараў у калідорах. І назіраючы такія сцэны, ты перастаеш задавацца пытаннем, чаму пры наяўнасці высокапрафесійных кадраў стварэнне паўнаметражных анімацыйных стужак у Беларусі ніяк не стане на паток — у адрозненне ад той жа ўсходняй суседкі.

Анімацыя ў пошуках гледача

Але на анімацыйнай студыі працягваюць працаваць апантаныя сваёй справай людзі. Алена Турава разбіла сцэнарый на пяць частак. Асноўная складанасць у тым, каб кожная з серый атрымала класічную драматургічную канструкцыю, захоўваючы скразны сюжэт першаасновы. За прыклад рэжысёр узяла вядомыя многім “Прыгоды капітана Урунгеля”, знятыя Давідам Чаркаскім.

Ужо здадзены тры часткі “Зорак…” па 13 хвілін кожная, ствараецца эскіз да чацвёртай, якая пойдзе ў вытворчасць блокам з пятай. Пасля пэўны час забярэ праца па аб’яднанні ўсіх серый у цэльны фільм: неабходна стварыць счэпкі, праклейкі, нешта дамаляваць, а можа і “паветра” дадаць.

— Студыя цяпер валодае камп’ютарным постпрадакшнам, — працягвае суразмоўца. — Мы можам слаі змяніць, калі нешта памылкова сабрана: напрыклад, хтосьці на пярэднім плане, а павінен быць на заднім. Ці дзесьці эфект ззяння накласці, колер падкарэкціраваць, фон падразмыць. Пры праглядзе вы гэта, можа, не адчуеце. І добра! Глядач не павінен бачыць, “як гэта зроблена”. Калі ён звяртае на тое ўвагу, гэта паказчык таго, што яго не зацікавіла гісторыя і ён імкнецца сябе нечым заняць. Упэўнена, калі пасля прагляду стужкі чалавек выходзіць з каментарыем “спецэфекты класныя!” — значыць, яны або дрэнна інтэграваны, або нічога больш добрага ў карціне не было.

Яшчэ рэжысёру неабходна будзе надаць увагу пераагучцы: выкарыстоўваючы моўныя і музычныя зыходнікі, звесці ўсе трэкі так, каб ішло роўнае гукавое палатно. І, канешне, адаптаваць яго пад гучанне ў кінатэатрах.

— Наш гукарэжысёр Андрэй Волкаў распавядае, што ў свеце ўпэўнена займае пазіцыі Dolby Atmos, — кажа Алена Турава. — Але ці будуць айчынныя кінатэатры пераабсталёўваць пад такі фармат гучання, і ці рэальна на нашай студыі запісаць гукавую дарожку ў ім — пытанне. У кожным разе мы робім музычны фільм, і ён проста абавязаны добра гучаць у кінатэатры!

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"