“Звалка” без статусу

№ 13 (1347) 31.03.2018 - 07.04.2018 г

Прыватная калекцыя — не прыватны музей
Гады чатыры таму я напісаў пра збіральніка якараў з Бешанковічаў Андрэя Трубецкага. Калекцыя ў яго — не абы-якая. Пэўныя экзэмпляры даводзілася даставаць аж са дна Заходняй Дзвіны! Адзін з якараў, пяцілапы, аказаўся ўзростам у 300 гадоў. Да таго ж, у прыватным зборы Андрэя ўжо — амаль чатыры тысячы экспанатаў рабочага рыштунку і самых розных прылад. Трубецкі назваў калекцыю “Інструмент ад неаліту да сучаснасці”. І карыстаецца яна, як кажуць, павышаным попытам у аматараў роднай культуры і гісторыі. Таму з радасцю вырашыў вярнуцца да тэмы прыватнай установы культуры.

/i/content/pi/cult/685/15075/16.JPGФота Паўла ШАРЭНДЫ

Як ацаніць дзейнасць чалавека, які па сваёй волі шмат робіць для захавання і папулярызацыі нашай даўніны, укладае ў справу ўласныя грошы, а ўзамен не атрымлівае ні капейкі? Дзіўнае пытанне, скажуць недасведчаныя чытачы. Маўляў, ацаніць такія захады трэба максімальна высока, і ўсяляк спрыяць ім неабходна, і маральна падтрымліваць за тое, што калекцыянер, не прэтэндуючы на бюджэтныя сродкі, шчыра адказвае за ладную дзялянку культурнай дзейнасці. Усё нібыта так. Але “К” з зайздросным пастаянствам звяртаецца да тэмы прыватніка ў музейнай справе і ніяк не можа адшукаць тут залатой сярэдзіны, дзе і энтузіяст, і дзяржава адчувалі б сябе партнёрамі. Ды яшчэ і з узаемнай выгадай.

“Гонар маю!”

Штосьці падзабыўся я на дэвіз беларускай шляхты “Гонар маю!” А Андрэй Трубецкі ўзяў і нагадаў. Маўляў, нарадзіўся ён у краі патомных майстроў: лодачнікаў, печнікоў, кавалёў, сплаўшчыкаў, і не збіраецца з’язджаць адсюль. Наадварот, справай гонару стала для яго шанаванне рамеснікаў, плёну іх працы ды шчодрасці роднай зямлі. Дагэтуль 15 гадоў паспеў адпрацаваць з адукацыяй фінансіста на дзяржаўнай службе. Аднак пацягнула вярнуцца да вытокаў.

Андрэй выкупіў права арэнды зямлі, на якой сямнаццаць гадоў пуставалі карпусы электрамеханічнага завода. Арганізаваў майстэрню з бляхарскай ды кавальскай накіраванасцю. Неяк паралельна прыйшла ідэя заняць два цэхі пад калекцыю працоўнага рыштунку ад каменнай сякеры да немеханічных прылад мінулага стагоддзя. Жалезныя калаўроты ды гаечныя ключы Трубецкі не прывозіць здалёк, а знаходзіць у межах раёна. Такім чынам, калекцыя максімальна дакладна адлюстроўвае “тэхнічную ўзброенасць” менавіта мясцовых прадстаўнікоў самых розных прафесій самых розных часоў.

Асноўная крыніца папаўнення калекцыйнага фонду — звалка ці пункты прыёму другаснай сыравіны. Апрача замкоў, вагаў, бязменаў, тут нават вышытыя ды тканыя ручнікі трапляюцца. Таму і ўзнікла ідэя ў педагога Зоі Каравач і збіральшчыка Андрэя Трубецкага купіць сялянскую хату і змясціць там адшуканыя этнаграфічныя артэфакты. Звычайная справа, калі адна калекцыя нараджае другую, а да аднаго збіральшчыка далучаюцца іншыя.

Афіцыйнае прызнанне — не капрыз

Мінула каля сямі гадоў. Ад наведвальнікаў цяпер адбою няма. Як даведаліся людзі пра незвычайную экспазіцыю і яе выбітнага гаспадара? Вельмі проста: знаёмыя ад знаёмых і праз знаёмых. У раёне пастаянна працуюць навукоўцы: археолагі і валанцёры. Андрэю ад такіх наведвальнікаў — карысць у плане кансультацый. Так было, да прыкладу, высветлена, што ўзнятыя са дна Дзвіны шасцігранныя вагавыя гіры прыналежаць да пятроўскіх часін.

Кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый раёна вядуць сваіх гасцей на выставу Трубецкага. Нават мясцовы музей рэкамендуе пабываць у экспазіцыйных цэхах былога завода. Едуць сюды і замежнікі. Справа ў тым, што Андрэй Трубецкі можа зацікавіць не толькі кавальскім майстар-класам, але і экскурсіяй па горадзе. Тут да яго падключаецца яшчэ адзін віртуоз радзімазнаўства — Станіслаў Леваненка.

Я быў вельмі здзіўлены, калі даведаўся, што Леваненка — у нядаўнім галоўны захавальнік фондаў мясцовага афіцыйнага музея — больш не працуе на музей афіцыйны. Думаю, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі згубіў пры гэтым многае. Трубецкі гэтае многае прыдбаў. У творчым дуэце з сябрам і аднадумцам яны ладзяць шматдзённыя экскурсіі. Госці прыязджаюць на гадзіну, а застаюцца на дзень-два.

Цяпер — пра самае галоўнае. Што хоча ад дзяржавы Андрэй Трубецкі? Статусу для сваёй калекцыі. У рэшце рэшт, для таго, каб уладкаваць па горадзе рэкламныя шыльды-ўказальнікі, каб мець магчымасць хоць нейкім чынам утрымліваць экспазіцыю ў належным парадку. Яе гаспадар не марыць пра звышпрыбыткі, не хоча і таго, каб калекцыя пераўтварылася ў музей. Для каталагізацыі кожнага экспаната, упарадкавання музейнага фонду і для наступнай навуковай дзейнасці патрэбны музейны штат з гарантаванай зарплатай — што, мякка кажучы, пакуль нерэальна. Але хіба не магчыма знайсці адмысловае месца ў нарматыўнай базе адмыслова для такіх прыватнікаў-энтузіястаў?

Дык што хоча Андрэй? Таго, чаго хацеў пры жыцці Уладзімір Высоцкі: афіцыйнага прызнання і хоць нейкага статусу. І гэта не капрыз зоркі краязнаўства, а гарантыя таго, што калекцыя зноў не пераўтворыцца ў звалку.

Музеі, музеі, музеі

На Беларусі (не здзіўляйцеся, хто не ведае) хапае прыватных культурных ініцыятыў “музейнага тыпу”. На слыху спрэс камерцыйныя “Дудуткі”. Унікальным і непаўторным застаецца мемарыяльны комплекс, прысвечаны падзеям Першай сусветнай вайны ў Заброддзі, што на Вілейшчыне. Трэба вытрымаць вялізную чаргу, каб патрапіць ў музей-галерэю мастакоў Янушкевічаў у Ракаве. Апошнія, ведаю, нават часам завышаюць кошт білетаў, каб трошкі спыніць неўтаймоўную турыстычную плынь. І гэта далёка не поўны спіс сапраўдных музеяў, якія выраслі з чыіхсьці калекцый. Іншая справа, што досвед кожнага так і застаўся неабагульненым і не стаў набыткам сённяшніх “першапраходцаў”.

Начальнік упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Наталля Задзяркоўская паведамляе, што літаральна на пачатку красавіка дадзенае праблемнае пытанне будзе абмеркавана на рэспубліканскім савеце дырэктараў абласных музеяў, да ўдзелу ў якім запрошаны і прыватныя музейшчыкі ды калекцыянеры. Глядзіш, і паболее пасля гэтага цікавых экскурсійных маршрутаў.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"