У пагоні за адным “зайцам”

№ 13 (1347) 31.03.2018 - 07.04.2018 г

Новае імя, новы імідж. Але вочы гараць па-ранейшаму
Вы ўжо намецілі сабе тыя імпрэзы, на якія пойдзеце на “Славянскім базары ў Віцебску”, калі выберацеся ў ліпені ў гэты горад? Напэўна, у іх ліку і XXVII Міжнародны конкурс выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск-2018”. Нашу краіну на ім будзе прадстаўляць Яўген КУРЧЫЧ. Мусіць, некаторым з вас мала што кажа гэтае імя. Але “куфэрак” адкрываецца вельмі проста — спевака многія ведаюць пад іншым імем. Пад якiм? Набярыцеся цярпення.

/i/content/pi/cult/685/15064/1.jpg“А што ж ты такі бляклы?”

— Які ў вас тэмбр?

— Тэмбр голаса — тэнар.

— Я не наўпрост аб голасе пытаюся, а пра тое, як яго можна эмацыйна, ці што, апісаць, якімі эпітэтамі вызначыць. Паветраны, атмасферны, пранікнёны...

— Для мяне гэта ўсё агульныя фразы. Калі казаць прафесійнай мовай, то я — лірычны тэнар.

— Бачу, вы трохі “шакаваныя” такім пачаткам інтэрв’ю. Тлумачу: адзін прафесіянал, народны артыст Беларусі Мікалай Скорыкаў, лічыць, што ў вас... бляклы тэмбр. Крыўдныя словы?

— Ведаю пра гэта. Яго меркаванне я пачуў. Крыўдна? Не. У мяне ў жыцці было шмат педагогаў, да якіх я прыслухоўваюся і сёння. А калі хтосьці лічыць, што ў мяне... бляклы тэмбр і тое, што я незаслужана адабраны на “Славянскі базар у Віцебску”, да ўдзелу ў конкурсе якога я ішоў восем гадоў, дык гэта яго асабістая справа.

— А з прадзюсарам Юрыем Савашам без крыўдаў расставаліся?

— У калектыве “Тэатр песні Ірыны Дарафеевай” я прапрацаваў амаль сем гадоў. Пасля таго, як у 2012-м перамог у тэлепраекце “Акадэмія талентаў”, наша супрацоўніцтва набыло больш шчыльны і прафесійны характар. Але маё жыцце змянілася пасля таго, калі на пачатку 2016 года мяне запрасіў на працу ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў яго тагачасны рэктар, а цяпер міністр культуры Юрый Паўлавіч Бондар, на што я з задавальненнем пагадзіўся. Ды і, шчыра кажучы, да таго часу ўжо было адчуванне нейкай дасягнутай мною мяжы. Нібы я ўпёрся ў нейкую сцяну, і трэба нешта мяняць. Спадзяюся, што Юры Саваш мяне зразумеў, і развіталіся мы без камянёў за пазухай.

— Часам мне прыходзіць у галаву, што артыст, які нешта з сябе ўяўляе, абавязкова павінен прайсці праз нейкі з двух калектываў — Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі і тэатр Дарафеевай. Альбо праз абодва...

— Што не ёсць дрэнна. Аркестр пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга — ультрапрафесійны калектыў, і для мяне будзе гонарам папрацаваць разам з ім на “Славянскім базары”. Калі б Міхаіл Якаўлевіч прапанаваў мне ўдзел у якім-небудзь са сваіх музычных праектаў, я б з задавальненнем на гэта адгукнуўся. Што тычыцца тэатра песні Дарафеевай, то магу сказаць, што Ірына — гэта вялікі прафесіянал, у якой я навучыўся шмат чаму. За гэта ёй вялікі дзякуй. І, нягледзячы на тое, што сёння я ўжо не працую ў яе тэатры, мы па-ранейшаму з ёй маем добрыя зносіны.

Куды падзеліся “акадэмікі”

— Пасля “Акадэміі талентаў” са сферы маёй увагі вы кудысьці сталі паступова знікаць.

— Хто б як ні ставіўся да нашай эстрады, але канкурэнцыя ў ёй — найвышэйшая. Маладым выканаўцам прабіцца ў тэле- і радыёэфіры вельмі складана (ды і прызнаным артыстам бывае нялёгка). Усе тыя, хто выйграваў у “Акадэміі”, пасля яе заканчэння апынуліся ў складаным становішчы, без рэпертуару, многім не было з чым “засвечвацца”. Не было грошай на пакупку песень, касцюмы і гэтак далей. Так, прадзюсарамі на гэтым праекце ўсе абзавяліся, але збольшага пашанцавала тым, у каго яны былі яшчэ і аўтарамі песень. Мы павінны былі самі папулярызаваць сябе, самі зарабляць. Што я і рабіў у канцэртных турах тэатра Дарафеевай, укладваючы атрыманыя сродкі ў рэпертуар. На сёння ён у мяне сфарміраваны. Ды і з усіх пераможцаў “Акадэміі” мяне паказваюць па тэлевізары можа нават больш за астатніх.

— А сярод вашых студэнтаў і студэнтак ёсць па-сапраўднаму шматабяцальныя?

— Вядома. Напрыклад, Дыяна Бажко, Аксана Вайцешык — яны стыпендыяты Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, лаўрэаты міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў.

— Працягваем свідраваць тэму “Акадэміі”. У праекце вы выглядалі гэтакім юнаком з запаленымі вачамі і моднай прычоскай. І што з гэтага вырасла? Брутальны плэйбой нейкі — лысы (што цяпер сярод медыяперсон у трэндзе), з фарбаванай у белы колер барадой-эспаньёлкай...

— Не трэба, у мяне і цяпер вочы гараць! А што тычыцца вобраза, то тут усё проста — са мной працуе прафесійная каманда: педагогі, рэжысёры, прадзюсары і стылісты. Разам і ствараем мой імідж. У дадзены момант адчуваю сябе такім.

— Псеўданімы будзеце яшчэ браць? На “Акадэміі” вы выступалі як Яўген Слуцкі.

— Быў такі час, але цяпер я выходжу на сцэну пад сваім прозвішчам — Яўген Курчыч.

— Слуцк — горад выдатны, але Курчыч гучыць болей важка.

— Дзякуй.

Прадчуванне “славянкі”

— Дарэчы, пра “калі б”. Калі б у адборы на “Еўрабачанне” перамог гурт Adagio, у складзе якога былі вы, ці не давялося б Яўгену Курчычу раздвойвацца ў пагоні за двума “зайцамі” — рыхтуючыся да абодвух конкурсаў?

— І было б добра — люблю напружаны творчы працэс! Adagio за некалькі тыдняў да адборачных тураў сабраў прадзюсар і кампазітар Яўген Алейнік — пад напісаную ім песню. Нядрэнны квартэт атрымаўся, пагадзіцеся, але… Сёння ў мяне думкі пра іншае. Падрыхтоўка да “Базару” патрабуе асаблівай засяроджанасці.

— А год назад вы самі арганізавалі ансамбль — шоу-гурт “Маракасы”. Нехта яго ўжо паспеў назваць чыста камерцыйным праектам, “заменчаным” пад карпаратывы…

— Ды не, гэта зусім не так! Гурт “Маракасы” — унікальны моладзевы творчы праект
БДУКіМ, створаны дзякуючы Юрыю Паўлавічу Бондару, якi заўсёды падтрымліваў цікавыя ідэі. Паглядзіце, з якім поспехам ідуць нашы мюзіклы “Дуброўскі” і “Казанова”, таксама гісторыка-мастацкі праект “Сем таямніц Беларусі”, аўтарам ідэі якога з’яўляецца цяперашні міністр культуры. Гурт “Маракасы” працуе на афіцыйных мерапрыемствах і галоўных культурных iмпрэзах краіны. Між іншым, летась ён дэбютаваў на “Славянскім базары”, паўдзельнічаўшы ў юбілейным канцэрце народнага артыста Расіі кампазітара Аляксандра Зацэпіна.

— На “славянцы” вы дакладна выканаеце “Крык птушкі”, за якую атрымалі ад журы максімальную колькасць балаў на адборы. Гэтая кампазіцыя, вытрыманая ў арт-рок-стылістыцы, стаяла асабняком у рэпертуары Уладзіміра Мулявіна. Прафесійныя спевакі кажуць, што песня вельмі складаная для выканання. Не страшна было на яе “паквапіцца”?

— Безумоўна, я хваляваўся. Перш за ўсё таму, што гэта знакавая песня “Песняроў”. Я не ведаю, як можна, праспяваўшы яе ў канцэрце, пасля выконваць нешта яшчэ — настолькі яна драматычная, ажно на разрыў. Песня доўжыцца дзевяць хвілін, і гэтую пранізлівасць нам трэба было захаваць у новай аранжыроўцы, зыходзячы з таго, што, згодна з Палажэннем аб конкурсе, працягласць нумара не можа перавышаць чатыры хвіліны. Вось у чым і была галоўная для мяне складанасць — здолець зберагчы першапачатковую драматургію і данесці гэтую песенную трагедыю да слухача.

— З астатнімі конкурснымі рэчамі вы ўжо вызначыліся? Simple the Best Ціны Цёрнер, якую вы таксама спявалі ў адборачным туры, застанецца, ці не так?

— Над сусветным хітом я і мая каманда пакуль разважаем — адабралі чатыры кампазіцыі, над імі і працуем. Якая лепш “ляжа”, тую выконваць і буду. Паўфінальнай жа стане песня “Святая Асветнiца” на музыку Алены Атрашкевіч і словы Настассі Лебедзевай — з ёй я ў 2016 годзе атрымаў першае месца на Міжнародным фестывалі “Песенны Спас” у Жытоміры.

— “Ты проста найлепшы...” — спявае амерыканская зорка ў Simple the Best. Яўген Курчыч хоча стаць спеваком № 1 Беларусі — як мінімум?

— А чаму б і не? Не палічыце за пафас, мне проста хочацца спяваць і працаваць на карысць маёй радзімы. Таму да сустрэчы ў фестывальным Віцебску!

Даведка

Яўген КУРЧЫЧ, 27 гадоў. Нарадзіўся ў Слуцку. У 2016 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў па спецыяльнасці мастацтва эстрады. Спявак, акцёр, выкладчык кафедры мастацтва эстрады Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"