Статус багемнага месца,

№ 12 (1347) 23.03.2018 - 30.03.2018 г

або Інкубатар як альтэрнатыва дарвінізму
Лофты, крэатыўныя прасторы, галерэі… Прыватныя культурныя інстытуцыі з’яўляюцца ў нас бы грыбы пасля дажджу. У Мінску іх лік ужо перавысіў дзясятак, на чарзе — буйныя гарады Беларусі. Пра ролю гэтых устаноў у агульным працэсе, пра магчымасць іх супрацоўніцтва з дзяржавай і выхавальніцкую місію мы гаворым з сузаснавальнікам адной з самых старых, атмасферных і аўтарытэтных такіх “кропак” у пост-СССР. Гэты ўтульны і дзівосны закуток на Вірменскай запомнілі, напэўна, усе, хто калісьці шпацыраваў вулкамі старога Львова. “Дзыга” (па-нашаму, “ваўчок”) — праект купкі энтузіястаў, які вырас у маштабны арт-цэнтр і з году ў год утрымлівае занятыя пазіцыі, дбайна захоўваючы пры гэтым свой нонканфармісцкі дух. Адзін з тых нястомных энтузіястаў — знакаміты львоўскі мастак і культуртрэгер Улодка КАЎФМАН.

/i/content/pi/cult/684/15060/22.JPG— “Дзыга” — гэта культавае месца кшталту “Пушкінскай-10” у Піцеры. Ці не баіцеся вы пераўтварыцца ў свой уласны музей?

— Мы баімся гэтага болей, чым смерці! Таму “Дзыга” і дасюль застаецца суцэльным эксперыментам, які трывае ўжо трэцяе дзесяцігоддзе. І па-ранейшаму невядома, чым усё ўрэшце скончыцца. Пэўнасці ў нас ніколі не будзе. Механізм заўжды на мяжы развалу, яго трэба ўвесь час падладжваць, мяняць дэталі. Крыгаход можа пачацца ў любую хвіліну. Мы рушым уперад з завязанымі вачыма, прамацваем, прабіваем новыя шляхі для тых, хто ідзе ўслед за намі. Быць піянерам — заўсёды няўдзячная справа.

— Па вашым адчуванні, Львоў сёння — гэта сталіца або перыферыя? Я маю на ўвазе аспект культурны.

— Яшчэ ў савецкія часы яго называлі сталіцай культурнага бамонду. Можа, у гэтым і была рацыя. Альтэрнатыўная савецкаму мэйнстрыму культура тут праглядалася настолькі ж выразна, як, напрыклад, і ў Прыбалтыцы. Але пасля распаду СССР мы апынуліся ў незалежнай дзяржаве, у якой усталявалася паўсюдная канструкцыя: ёсць сталіца і перыферыя. З гэтым нічога не зробіш, але вельмі важна, каб яны адна на адну ўплывалі. Каб замест дамінантных, іерархічных сувязяў утваралася такая суцэльная куламеса.

Даўно заўважыў характэрную тэндэнцыю: львоўскае асяроддзе спараджае тыя з’явы, якія з часам распаўзаюцца літаральна па ўсім свеце. Літаратар Віктар Небарак недарэмна называў наш горад інкубатарам культуры. І ты даўно не дзівішся, калі мастак, які засвяціўся ў “Дзызе”, потым прагучаў, скажам, у Берліне або Тэль-Авіве — не кажучы ўжо пра Кіеў. Хай так і далей будзе, калі ў нас такі лёс.

— Аўра Львова настолькі моцная, што можа літаральна ўсмактаць ў сябе чалавека творчага і ўражлівага. Ці няма тут небяспекі?

— Ды яшчэ якая! Львоў непаўторны ў сваім выключным спалучэнні вар’яцтва і прыгажосці. Ён часам нібы здзекуецца з нас, а мы яго ўсё адно вельмі любім.

— А ці ўплывае на сучаснае культурнае жыццё горада яго багаты бэкграўнд і “намоленасць сцен”?

— Натуральна! Калі ў вашым мястэчку здавён была музычная школа, гэта так ці іначай уплывае на свядомасць яго жыхароў — можа, на першы погляд і незаўважна. Іншая справа, як менавіта ўплывае. Мяне вельмі бянтэжаць спекуляцыі на тэме гісторыі або гэткае ідалапаклонніцкае да яе стаўленне — тое, што я называю культурнай некрафіліяй. Імітацыя даўніны, усе гэтыя кітчавыя камянічкі “пад старыя”… Пару гадоў таму ў гістарычнай частцы Львова было запланаванае новае будаўніцтва, і на міжнародным конкурсе перамог сучасны праект аднаго з найлепшых архітэктараў Еўропы. Проста бомба паводле сваёй філасофіі! Але аўтара зацкавалі, прымусілі ісці на саступкі — і ўрэшце праект зусім зарэзалі ды збудавалі на тым месцы нешта ідыёцкае.

— А ці могуць уплываць на гэтыя рашэнні самі жыхары або культурная грамадскасць?

— Прынамсі, стараемся. “Дзыга” ахвотна і актыўна канфліктуе з тымі архітэктарамі, якія не дапускаюць у гарадскую прастору свежыя павевы. Часам нават да суда даходзіла. Таму нас многія тут не любяць. Наша пазіцыя часта не задавальняе або абывацеляў, або мясцовых чыноўнікаў, або першых і другіх.

— Але часам вам удаецца паразумецца і працаваць разам.

— Мы даўно спрабуем пераканаць уладу, што такія ўстановы, як наша, з’яўляюцца неад’емнай часткай культурнага працэсу і таму могуць разлічваць на падтрымку сваіх праектаў з бюджэту. Маем тут пэўныя вынікі. Але нярэдка пазіцыя афіцыйных структур такая: маўляў, вы ж і без нас выжывеце, дык нашто вас тады падтрымліваць? Таму мы асабліва акцэнтуем увагу на выхаванні эліты. Людзей, якія нас разумеюць.

— І як? Атрымліваецца?

— Ёсць тут нейкія працэсы браджэння. І ёсць надзея, што з той брагі ўрэшце выйдзе шляхетны напой.

/i/content/pi/cult/684/15060/23.JPG— Ці ставіце вы перад сабой асветніцкую місію, альбо вас задавальняе статус багемнага месца?

— Адзін з пастулатаў нашай дзейнасці — змяніць адносіны абывацеля да таго мастацтва, якое ён не
разумее. Хай не разумее і далей — гэта яго справа. Але пры тым хай перастане лічыць, што яно не мае права на існаванне.

— А ці ўдаецца? Ці ёсць хаця б нейкі прагрэс?

— Некалі ў нас выстаўляўся вядомы аўстрыйскі мастак, які цягам трох месяцаў фіксаваў сродкамі фота загойванне раны на целе дзяўчыны. Натуральна, цела было аголеным, атрымалася гэткая візуальная адсылка да Мадыльяні. У двух кроках ад “Дзыгі” — грэка-каталіцкая царква, і пасля нядзельнай літургіі цікаўныя парафіяне часта да нас завітваюць. У некаторых з іх тое ню выклікала такі ўсплеск абурэння, што яны нават у суд надумалі на нас падаваць! Тагачаснага пробашча царквы я ведаў асабіста. Патлумачыў яму сітуацыю і папрасіў неяк паўплываць на прыхаджанак. І вось, у наступную нядзелю святар кажа на пропаведзі: вас ніколі не павінна абураць тое, што вы не разумееце! Бо іначай і вам, і мне потым будзе сорамна. Гэта падзейнічала.

— Сярод праектаў “Дзыгі” ёсць як масавыя і папулярныя — скажам, вялікі джазавы фэст — так і разлічаныя на досыць вузкую аўдыторыю. Напрыклад, школа перформансу.

— Ёй сёлета споўніцца 20 гадоў, і я лічу яе адной з найважнейшых нашых ініцыятыў. Нават дзіва, што тая школа — адзіная, дарэчы, ва Украіне, ды і не толькі — дасюль жыве і развіваецца. Улічваючы хаця б пастаянныя праблемы з фінансаваннем. Тым не меней, мы здолелі спарадзіць даволі актыўны перформансны рух па ўсёй краіне. Розныя аўтаномныя ініцыятывы ўтвараюцца ледзь не ў кожным буйным горадзе. І гэта будзе працягвацца надалей нават незалежна ад нас. Што не можа не радаваць.

— Многія здзівяцца, даведаўшыся, што перформанс патрабуе навучання. Маўляў, гэта ж спантаннае выяўленне пачуццяў…

— У нечым яны маюць рацыю. Перформанс — гэта найперш асобасная рэакцыя на тое, што адбываецца ў соцыуме, у навакольным асяроддзі, у душы. Такому не навучыш. Іншая справа, наяўнасць пэўнай базы дазваляе больш актыўна ўвасабляць у жыццё ўласныя імпульсы — што, вядома, кожны павінен рабіць па-свойму. Таму школа мае некалькі ўзроўняў. Першы — лікбез. Наступны — ужо больш рэгламентаваныя практыкі: як можна працаваць з целам, гукам, словам? Шкаляры падзяляюцца на групы, бо перформансы паводле тэхналогій — бязмежны жанр. Трэці ўзровень — для тых, хто ўжо мае ўласны досвед. З імі можна працаваць непасрэдна над іхнімі праектамі, удасканальваць іх і адшліфоўваць.

 — Вярнуся да абывацеля. Сёння большасць з іх аднолькава не разбіраюцца і ў класічным, і ў сучасным мастацтве. Ды і не хочуць. І што рабіць?

— Адказ банальны і просты: павінна быць агульнае культуралагічнае развіццё. І забяспечыць яго можа
толькі спраўны і адладжаны механізм: розныя гурткі па месцы жыхарства, лекцыі ў бібліятэках і гэтак далей. У нас жа стары механізм функцыянавання культуры быў зламаны, і на дзвярах ДК ты часта ўбачыш замок. А новы — яшчэ толькі ў працэсе стварэння. Таму сёння культура ва Украіне трымаецца найперш на энтузіястах, валанцёрах, спонсарах і проста неабыякавых людзях. Ад іх увогуле цяпер вельмі шмат залежыць у нашай краіне.

— А ці трэба было ламаць старое? Тую ж савецкую сістэму культасветустаноў?

— Урэшце, мы ўсе пачынаем разумець, што не трэба. Каб стварыць нешта новае, зусім неабавязкова папярэдне спляжыць старое. У кожным разе, яго найперш варта дбайна даследаваць. І тады, магчыма, з’явіцца ідэя, як трансфармаваць гэта ў іншы, больш жыццяздольны фармат. Але ўзяць і зруйнаваць, вядома, прасцей.

— У Мінску сапраўдны бум на недзяржаўныя ўстановы культуры. Але далёка не ўсе яны ўтрымліваюцца на плыву…

— Так, рана ці позна ты разумееш, што аднаго энтузіязму замала. Адначасова з намі ў Львове адкрылася безліч галерэй, але праз месяц-другі яны сыходзілі з дыстанцыі. Муж даў жонцы грошай: на, маўляў, паспрабуй. Яна паспрабавала — і нічога не атрымалася. Бо, урэшце, патрэбны менеджарскія навыкі. Мы першымі ў Львове апрабавалі механізм, калі існаванне культурнай інстытуцыі забяспечвае модная кавярня ў адным з ёй флаконе. Дзякуючы ёй, прынамсі выходзім у нуль. Цяпер такім суседствам ужо нікога не здзівіш, але камерцыя часцей за ўсё пераважае. Мы ж ніколі не ставілі яе на першае месца, і таму дасюль пачуваемся нейкімі аўтсайдарамі.

— А ці была ў вас альтэрнатыва?

— З тых ідэй, якія мы прадукуем, лёгка зрабіць бізнес-праект. Прыкладам, ты як галерыст ствараеш кола паспяховых мастакоў і пачынаеш працаваць з імі. Так усе робяць, толькі не мы! Дасягнуўшы поспеху і адноснай стабільнасці, мы раптам змянілі фармат ды сталі спецыялізавацца на пачаткоўцах. А надзейныя бізнес-схемы — гэта для нашых шматлікіх паслядоўнікаў. Хай карыстаюцца.

Так, выжывае ў нашай сферы часам далёка не самае лепшае. На жаль, і ў культуры пануе такі дарвінізм, калі мацнейшы пажырае слабейшага. А ўжо праз стагоддзе нейкі гісторык раптам прыйдзе да высновы, што той слабейшы быў куды больш вартым.

— Якой вы ўяўляеце “Дзыгу” гадоў гэтак праз дваццаць?

— Ідэалогія “Дзыгі” — несупынная зменлівасць. Мы прагнем увесь час трансфармавацца ў залежнасці ад таго, што робіцца ў соцыуме. А хто ж можа прагназаваць развіццё нашага грамадства на такі доўгі адмежак часу? У нас несупынна нешта рухаецца, хістаецца. У гэтым хаосе нават адно выжыць не так і проста. А мы ж хочам не толькі выжываць, але яшчэ і рэагаваць ды ўплываць на грамадскія працэсы. Таму адказу на ваша пытанне няма.