Канцэрт для кіраўніка з калектывам

№ 12 (1347) 23.03.2018 - 30.03.2018 г

Пачнём з асобы. З яе ў культуры заўжды ўсё пачынаецца. У Зеленаборскім сельскім доме культуры (Смалявіцкі раён) адбыўся музычны фуршэт у гонар 50-годдзя мясцовага музычнага кіраўніка Валерыя Гусева, які адначасова адзначыў і 30-годдзе творчай дзейнасці. Пра ўсе гэтыя прыемныя нагоды піша Валянціна Шахбазава — пастаянная наведвальніца згаданага дома культуры. Хто ж такі Валерый Гусеў? Ён не толькі спявае, але і сам піша песні. Захапляецца рыбалкай, водным турызмам, вандроўкамі. За наладжванне культурных стасункаў паміж Беларуссю і Францыяй абвешчаны ганаровым грамадзянінам горада Кулонь. А жонка мастацкага кіраўніка Таццяна працуе бібліятэкарам. Так што разам вялікую справу робяць.

/i/content/pi/cult/684/15058/19.JPGНамеснік дырэктара Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў Таццяна Печкур распавядае: “З 16 па 21 сакавіка ў Мінску праходзіў IV Міжнародны фестываль-конкурс “Новыя вяршыні-2018”. На абноўленай сцэне Палаца культуры чыгуначнікаў і на сцэне Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Міхаіла Глінкі сустрэліся прадстаўнікі Польшчы, Украіны, Казахстана, Літвы, Латвіі, Туркменістана (больш за пяць тысяч канкурсантаў). Нашу школу сёлета прадставіла 11 вучняў, і кожны з іх някепска выступіў. Лаўрэатамі сталі: І ступені — Аляксей Кузьміч (настаўнік Марыя Лопух), ІІІ ступені — Валерыя Жукоўская (настаўнік Аляксандр Жукоўскі) і Ягор Кетрыс (настаўнік Марыя Лопух). Дыпломы І ступені атрымалі Яўген Каравай (настаўнік Наталля Міцэвіч), Віялета Мікліс (настаўнік Віктар Чаплінскі) і Ульяна Супрановіч (настаўнік Вольга Чаплінская), ІІ ступені — Вадзім Васілеўскі (настаўнік Галіна Крыніцкая)”.

Яшчэ адна інфармацыя ад Таццяны Печкур. Днямі ў Мінску прайшоў І адкрыты рэспубліканскі конкурс “Ветразі мары”. Ашмянская дзіцячая школа мастацтваў выступіла ўдала. Усе атрымалі ўзнагароды, а дуэт настаўнікаў Ганны Мацкевіч і Віталя Юрэвіча ўшанаваны дыпломам лаўрэата І ступені.

Пра новы брэнд-праект “Кніжныя перлінкі” напісала загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Светлагорскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Валянціна Расошанка. Чытачы павінны былі з тканіны, нітак, паперы, іншых матэрыялаў зрабіць героя беларускай казкі альбо любой кнігі сучаснага беларускага аўтара. Спачатку адгукнуліся бабулі, потым падцягнуліся і матулі з дзецьмі. Вынікам праекта стаў “Куточак беларускай дзіцячай кнігі”, дзе “жывуць” ужо сорак персанажаў. Юныя чытачы — у захапленні. Цяпер гэтыя цацкі выкарыстоўваюцца падчас самых розных мерапрыемстваў. Напрыклад, у валанцёрскім праекце “Казачкі. бай!” Ад сябе не магу не дадаць, што заўжды крэатыўных бібліятэкараў Светлагоршчыны я стаўлю на адзін ўзровень з дасведчанымі спецыялістамі кніжнай справы з Барысаўскага і Асіповіцкага раёнаў. Вось толькі шкада, што для “К” мала пішуць.

Бібліятэкар Ваўкавыскай гарадской дзіцячай бібліятэкі Таццяна Халецкая паведамляе пра ўрок памяці “Гэты попел не ведае спакою”. Гаворка супрацоўнікаў установы з васьмікласнікамі СШ № 4 ішла пра трагедыю Хатыні.

У Ганцавіцкім раённым доме рамёстваў працуе выстава “Чароўны свет лялькі”. У экспазіцыі — больш за 150 аўтарскіх работ з калекцый майстроў раёна. Матэрыял для лялек быў выкарыстаны самы разнастайны. Малодшы навуковы супрацоўнік РДР Наталля Білімава дадае, што інтарэс да мерапрыемства не знікае яшчэ і таму, што Лілія Казак з Хатынічаў вучыць усіх ахвотных рабіць ахоўніка дома — Дамавёнка.

Андрэй Струнчанка паведаміў пра тое, што на Віцебшчыне пачаўся абласны этап XIV Рэспубліканскага фестывалю народнай творчасці ветэранскіх калектываў. На сцэне Мёрскага РДК выступілі 16 калектываў і 10 выканаўцаў. Занальныя туры адбудуцца ў Віцебску і Гарадку.

Аналагічнае ветэранскае мерапрыемства, як распавядае загадчык аддзела народнай творчасці Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу Лілія Кішкель, прайшло і ў Іўі.

Брагінскі раённы дом культуры прыняў раённы семінар культработнікаў з удзелам вядучых метадыстаў аддзела народнай традыцыйнай культуры Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці. Гаворка ішла аб стане і тэндэнцыях развіцця аматарскіх і аўтэнтычных фальклорных калектываў вобласці, аб іх удзеле ў фестывальна-відовішчных акцыях, навуковых і афіцыйных мерапрыемствах. Пра гэта паведамілі супрацоўнікі ГАЦНТ Людміла Мельнікава і Ірына Глушэц.

У рамках мерапрыемстваў, прысвечаных Году малой радзімы, у Палацы культуры Ліды народнае аматарскае аб’яднанне “МузАльянс” выступіла з літаратурна-музычнай кампазіцыяй “З Радзімай і песняй у сэрцы”.

Намеснік дырэктара цэнтралізаванай клубнай сістэмы Касцюковіцкага раёна Наталля Дробышава распавядае: “У нашым РЦК адбыўся канцэрт прафесійных артыстаў і таленавітай моладзі раёна. Гэта адно з мерапрыемстваў XXXI Міжнароднай сацыяльна-творчай праграмы “У будучыню — з надзеяй”.

Дырэктар цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Браслаўскага раёна Вольга Ляснеўская піша пра выставу “Браслаўскі раён: багатая гісторыя, годная сучаснасць”, якую арганізавалі работнікі аддзела маркетынгу цэнтральнай бібліятэкі. А пабачыць яе можна ў фае РЦК.

У цэнтралізаванай клубнай сістэме Маладзечна так пахла, што ўсхваляваўся ці не ўвесь горад. Асабліва пасля таго, як даведаўся, што тут ладзіцца раённы кулінарны конкурс “Бабуліны прысмакі-2018”. У ім удзельнічалі пярвічныя ветэранскія арганізацыі. Сярод 13 жанчын журы аддала перавагу ў кандытарскім мастацтве Але Карнацкай, Ларысе Сысун (пірагі), Любові Сірыська (салаты і закускі), Ганне Грышкевіч (смачная сімволіка), Кацярыне Малец (бабулін рэцэпт), Тамары Троцкай (нацыянальныя стравы).

Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы прэзентавала выставачны праект “Праваслаўная кніга — шлях да духоўнасці”. У экспазіцыі — старадрукі з царкоўна-археалагічнага фонду Мінскай духоўнай семінарыі. Пра гэта напісала загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы Дар’я Марцінкевіч.

А бібліятэкары Ашмянскай райбібліятэкі для папулярызацыі Бібліі аб’ядналі намаганні з духоўна-асветніцкім цэнтрам пры Спаса-Васкрасенскай царкве.

Два дзясяткі мерапрыемстваў прысвяцілі Дню праваслаўнай кнігі работнікі бібліятэк Карэліцкага раёна. Адно з іх, паведамляе метадыст Карэліцкай раённай бібліятэкі Наталля Казарэз, — гадзіна праваслаўнай паэзіі.

А дзятлаўскія бібліятэкары сваё свята праваслаўнай кнігі назвалі “Жывое слова мудрасці духоўнай”. На выставе “Духоўнасць — асяродак жыцця” чытачы маглі пазнаёміцца са старадаўнімі богаслужбовымі выданнямі і з сучаснай праваслаўнай літаратурай.

І зноў інфармацыя з Ліды. Вядучы метадыст мясцовага РЦК Вольга Троцкая піша, што ў аграгарадку Дворышча адбыўся конкурс “Міс Дворышча”.

Беларускі дзяржаўны акадэмічны заслужаны харэаграфічны ансамбль “Харошкі” выступіць 27 сакавіка на сцэне цэнтралізаванай клубнай сістэмы Маладзечанскага раёна.

На Віцебшчыне адбыўся чарговы абласны конкурс маладых выканаўцаў патрыятычнай песні “Песні юнацтва нашых бацькоў”. Сёлета конкурс прысвечаны 80-годдзю заснавання Віцебскай вобласці. Вядучы метадыст Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Ала Лялькіна паведамляе, што ў мерапрыемстве бяруць удзел спевакі ад 16 да 31 года.

Дырэктар Клімавіцкага раённага музея Дар’я Эверс распавядае пра носьбітаў традыцый і пра Старадзедзенскі фальклорны ўзорны калектыў “Астраначка”, які доўжыць традыцыі аднавяскоўцаў. Разам з яго кіраўніком Алай Скоцкай дзеці адрадзілі абрад Гукання вясны і Саракі.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"