Артыст павінен чуць...

№ 12 (1347) 23.03.2018 - 30.03.2018 г

У яе знешнім выглядзе, паставе, манеры трымацца ёсць нешта шляхетнае, высакароднае, нават арыстакратычнае. Без сумневу, і ўнутраная сутнасць гэтай выдатнай актрысы адпавядае таму першаму ўражанню. Вядучы майстар сцэны Коласаўскага тэатра Ларыса АНТОСЕВА нядаўна адзначыла свой юбілей. У яе актыве — цэлы шэраг запамінальных роляў. Напярэдадні Сусветнага дня тэатра мы гутарылі з актрысай пра тыя ўражвальныя пераўвасабленні.

/i/content/pi/cult/684/15053/13.JPG— Пачнём з дзяцінства. Ці мелі вашы бацькі якое-небудзь дачыненне да тэатра і наогул да мастацтва?

— Ніякага. Праўда, бацька добра спяваў на клірасе ў царкве, а мама была першай пявунняй на хутары. Так што ў сям’і заўсёды панавала творчая атмасфера. Ды і мясціны нас акружалі цудоўныя: хутар быў побач са знакамітай Белай вежай. Мае бабуля і дзядуля ўвогуле жылі ў лесе, а мы да іх прыязджалі гасцяваць на ўсё лета.

— А вы памятаеце свае адчуванні перад першым выхадам на сцэну?

— Першы выхад быў у Гродзенскім абласным драматычным тэатры, куды мяне накіравалі на працу пасля заканчэння Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута. Я выконвала ролю Анюты са спектакля “Камуніст” паводле кінасцэнарыя Яўгена Габрыловіча. Натуральна, вельмі хвалявалася, перажывала. Калі рыхтуешся да першага выхаду, заўсёды важна мець тых людзей, якія цябе падтрымліваюць. Мне тут пашчасціла. З маладым на той час рэжысёрам Уладзімірам Караткевічам (не пісьменнікам!) было вельмі цікава працаваць, і наогул усё ў мяне складавалася ўдала. Наступная роля — купалаўская Паўлінка.

— Але я пытаўся пра самы першы выхад. Мабыць, ён адбыўся ў школе ці інстытуце?

— Не, у школе я была вельмі сарамлівай і ні ў якіх спектаклях не ўдзельнічала. Вось дома — так, я чытала вершыкі, спявала песні, разыгрывала сцэнкі перад бабуляй і мамай, а часам і перад люстэркам. Але на “шырокую” публіку не выходзіла.

— Значыць, першыя выступы былі ў інстытуце. Вы туды трапілі з першай спробы?

— Я спрабавала паступіць у Ленінградскі тэатральны інстытут. Але ў другім туры мне сказалі: ”Дзяўчынка, вяртайся ў Беларусь. Там цябе возьмуць”. А ў Мінску, у тэатральна-мастацкім, экзамены ўжо скончыліся. Знакаміты педагог і рэжысёр Уладзімір Маланкін, які ў той год набіраў курс, завёў мяне на кафедру, выслухаў мяне і вынес вырак: “Вы яшчэ маладзенькая, прыязджайце праз год”. Наступным летам мяне ўзяў на свой курс Аляксандр Іванавіч Бутакоў. Першай маёй роляй у дыпломным спектаклі была Васіліса з горкаўскай п’есы “На дне”.

— З якімі рэжысёрамі ў вас склаўся найбольш удалы творчы тандэм?

— Мне вельмі пашанцавала. Я сустракала ў сваім творчым жыцці выключна таленавітых і разумных рэжысёраў. Па-першае, гэта Валерый Мазынскі, які даў мне ролю Веры ў “Радавых” Дударава. Хочацца прыгадаць Барыса Эрына. У яго пастаноўцы “Без віны вінаватыя” я сыграла Карынкіну, а ў камедыі Ніла Саймана “Хачу здымацца ў кіно” ён мне даручыў ролю Стэфі. Апрача іх, я магу назваць Валерыя Маслюка, Антона Грышкевіча і Ігара Баярынцава. Рэпетыцыі з кожным з іх былі надзвычай цікавымі.

Так, Валерый Васільевіч ніколі шмат не гаварыў, не ўбіваў нічога ў галаву, а казаў толькі ключавыя словы. І калі я разумела іх, гэта былі цудоўныя хвіліны. Калі ж не — ён губляўся, глядзеў на мяне сумнымі вачыма, і я чытала ў іх: “Няўжо мы гаворым на розных мовах?” І ў такія хвіліны мне заўсёды рабілася сорамна.

Антон Грышкевіч, які са мной зрабіў два спектаклі — “Фрэкен Юлія” Стрынберга і “Жураўлінае пяро” Кінасіты — чалавек, закаханы ў мастацтва, усебакова развіты, музычна адукаваны, тонка адчувае тэатр. Ігар Баярынцаў — гэта мой аднадумца, які заўсёды здольны мяне зразумець.

/i/content/pi/cult/684/15053/14.jpg— У жыцці кожнага акцёра здараюцца перыяды пад’ёму і спаду. Вы, напэўна, не выключэнне?

— Я думаю, што ўсе ролі, якія я іграла, узбагачалі мяне як актрысу і чалавека, фарміравалі як асобу, дадавалі ведаў і досведу. Былі перыяды, калі я менш іграла, і тады сама пачынала шукаць п’есы ці іншы літаратурны матэрыял, а потым ён увасабляўся ў спектаклях.

— Ці часта такое здаралася?

— Неаднаразова. Пачалося ўсё з “Размовы ў доме Штайн пра гера фон Гётэ, якога ў гэты час проста няма” Петэра Хакса. Гэтую п’есу я прыгледзела і прынесла тагачаснаму загадчыку літчасткі Уладзіміру Ганчарову. Ён вельмі высока ацаніў мой выбар і пажадаў поспехаў. Валерый Мазынскі пагадзіўся са мной над гэтым монаспектаклем працаваць. Напрыканцы жыцця Валерыя Маслюка я прапанавала яму п’есу Энтані Сверлінга “Шлюха з Гарлема”, якую ён пераклаў, сур’ёзна перапрацаваў і ўвасобіў у спектакль “Кахаю. Спадзяюся. Чакаю”, прысвяціўшы Тэатру.

Далей — “Жанчына ў пясках” Коба Абэ. Працавалі з рэжысёрам Ігарам Баярынцавым і з вельмі таленавітым акцёрам Валянцінам Салаўёвым, які іграў Нікі Дзюмпэя. Гэты твор пашырыў мой кругагляд, разуменне свету. Я наладзіла стасункі з японскім консульствам, у прыватнасці, з яго супрацоўніцай спадарыняй Масака Тацумі. Яна мне ў многім дапамагла, хоць і сама не здагадвалася аб гэтым. У мяне быў комплекс, што я такая высокая, а ўсе японкі ў большасці маленькага росту. Але, калі стала назіраць за ёю ў побыце, гэтая няўпэўненасць і боязь пачалі знікаць.

Наступная работа, зноў ажыццёўленая Ігарам Баярынцавым, прысвячалася памяці Валерыя Васільевіча і была пастаўлена па яго п’есе “Фламенка”. Згадваючы сёння гэтую пастаноўку, бачу, што можна было б там зрабіць па-іншаму, але гэта ўсё ў мінулым. А цяпер я выходжу на сцэну ў ролі Шарлоты з драмы Інгмара Бергмана “Восеньская саната”. Гэта апошняя па часе мая прапанова.

— Якой самай галоўнай якасцю, на ваш погляд, павінен валодаць акцёр?

— Адкажу словамі Валерыя Маслюка. Яго апошнімі паэтычнымі радкамі: “Цярплівасць і разуменне тых, хто побач…”

— Якой вы сябе лічыце ў жыцці і на сцэнічнай пляцоўцы: памяркоўнай або імпульсіўнай? Або, можа, нават канфліктнай?

— Калі ты сустракаешся з таленавітым рэжысёрам і ідзе сапраўдная праца, то на пляцоўцы бывае ўсялякае. Не тое што канфлікты, а розныя непаразуменні здараюцца. Гэта звычайна так адбываецца. Акцёру здаецца, што ён мае рацыю і настойвае на сваім, але рэжысёр бачыць спектакль у цэлым. Артыст павінен чуць, падпарадкоўвацца яму — як жа інакш?

— Як вы лічыце: акцёр — гэта пластылін у руках рэжысёра альбо паўнавартасны ўдзельнік творчага працэсу?

— Я заўсёды хачу быць суаўтарам рэжысёра. Калі мяне мучыць нейкая думка, я яе выказваю, а ўжо яго справа: прымаць маю прапанову альбо не. Мне заўсёды ў гэтым плане імпанаваў Валерый Маслюк. Ён у творчасці быў сапраўдны дыктатар, але заўсёды выслухоўваў. Я магла штосьці прапанаваць, і, калі гэта было правільным, рэжысёр выкарыстоўваў у спектаклі.

— У вас было некалькі цікавых роляў у дзіцячым рэпертуары. Як вы ставіцеся да такой працы? Ці прыносіць яна вам задавальненне?

— Мне падабаецца працаваць для дзяцей. Гэта лепшы наш глядач. Мне даводзілася граць Цу з “Жураўлінага пяра” японскага пісьменніка Дзюндзі Кінасіта. З вялікім задавальненнем працавала над матэрыялам, над пластыкай, манерай паводзін маёй гераіні. Удавалася знаходзіць кантакт з дзіцячай аўдыторыяй. Вы ж ведаеце, што звычайна гэта глядач вельмі шумны, неспакойны. Але, калі я з’яўлялася, адразу ўсе замаўкалі. Другая казка — “Шышок” сучаснага расійскага пісьменніка Аляксандра Аляксандрава. Упершыню ў сваім жыцці іграла там бабулю.

— Традыцыйнае пытанне. Ці ёсць у вас самая ўлюбёная роля?

— Не магу назваць нейкую адну. Бывае нават, што роля і не вельмі ўдалася, але ты яе любіш. З найбольш упадабаных магу згадаць Жанчыну з ужо прыгаданага спектакля паводле Коба Абэ і Мэры з “Кахаю. Спадзяюся. Чакаю”. Гэтыя спектаклі прынеслі мне хвіліны шчасця. На сёння мая ўлюбёная роля — Шарлота з “Восеньскай санаты” Бергмана. Магчыма, таму, што яна дасталася мне нялёгка, была народжана праз пакуты. Спектакль ідзе на малой сцэне, і ты адчуваеш дыханне гледача, яго энергетыку. Тэма мацярынства вельмі важная для мяне як у мастацтве, так і ў жыцці. Я заўсёды задавалася пытаннем, якое хвалюе і маю гераіню: а ці ўсё я зрабіла для свайго дзіцяці?

— Ці бывае такое, што да вас на вуліцы падыходзяць гледачы, кажуць кампліменты?

— Бывае. Віцебск — маленькі, але вельмі культурны і тэатральны горад. Гледачы нас усіх ведаюць. Мы не разбэшчаны так, як маскоўскія зоркі, якія надзяваюць чорныя акуляры, плашчы, парыкі, каб іх не пазналі. Калі да нас праяўляюць увагу, нам прыемна.

Юрый ІВАНОЎСКІ