Цэлы шэраг адметных праектаў з нагоды юбілея нарадзіўся і ў сценах Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
15 — 16 сакавіка ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі прайшла прадстаўнічая навукова-практычная канферэнцыя “Беларуская Народная Рэспубліка ў гісторыі беларускай дзяржаўнасці”. І такая назва невыпадковая — на сёння ўжо бадай ніхто і не сумняецца ў ролі БНР ва ўтварэнні асобнай рэспублікі ў складзе СССР — якая, у сваю чаргу, стала непасрэдным папярэднікам незалежнай Беларусі. Пра гэта падчас канферэнцыі казаў дэпутат Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Беларусі, старшыня парламенцкай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Ігар Марзалюк.
У рамках канферэнцыі была прэзентаваная манаграфія “Беларуская Народная Рэспубліка — крок да незалежнасці”. Выданне сапраўды прэтэндуе на грунтоўнасць і сур’ёзнасць. Як адзначана ў прадмове, утварэнне БНР — не проста знакавая падзея нашай гісторыі. Гэта — практычная рэалізацыя грамадска-палітычнай думкі і ўвасабленне мараў пра будаўніцтва беларускай незалежнай дзяржавы.
Як падкрэсліў адзін з аўтараў манаграфіі, загадчык аддзела найноўшай гісторыі ІГ НАН Беларусі Сяргей Траццяк, гэта першы ў айчыннай гістарыяграфіі навуковы твор, прысвечаны менавіта самой праблеме паўстання БНР. Болей за тое — пры яго стварэнні выкарыстоўваліся раней не ўведзеныя ў навуковы абарот дакументы.
— Мы імкнёмся не супрацьстаўляць БНР тым формам нацыянальнай дзяржаўнасці Беларусі, якія былі пазней, але зыходзім з таго, што менавіта гэтая рэспубліка стала першай спробай стварыць незалежную беларускую дзяржаву, — тлумачыць гісторык. — Як ні дзіўна, савецкая гістарыяграфія прызнавала гэты факт, хаця і імкнулася як мага меней звязваць з ім савецкую беларускую дзяржаўнасць.
Як падкрэсліваюць навукоўцы, палажэнні Другой і Трэцяй устаўных грамат Беларускай Народнай Рэспублікі амаль літаральна ўзнаўляліся і ў маніфесце часовага работніцка-сялянскага ўрада ССРБ, і ў праекце канстытуцыі Літоўска-Беларускай ССР, і, у рэшце рэшт, у дэкларацыі аб незалежнасці БССР.
— І гэта вытлумачальна, — працягвае спадар Траццяк. — БНР стваралі перадусім не “буржуазныя” палітыкі, не памешчыкі, хаця менавіта такі жупел выкарыстоўвалі для яе дыскрэдытацыі ў далейшым. БНР стваралі палітыкі сацыялістычнай арыентацыі, сярод якіх быў і першы марксіст-беларус Антон Луцкевіч. А Беларусь савецкую таксама стваралі левыя палітыкі — сацыялісты і камуністы.
Вядома, такое выданне не магло не выявіць зацікаўленасці і ў аматараў гісторыі, і ў прафесійных даследчыкаў. Манаграфія атрымала досыць шырокі розгалас. Абмеркаванне яе ідзе актыўна, крытычныя водгукі з’яўляюцца адзін за адным. І гэта зразумела. Як растлумачыў спадар Траццяк, грунтоўных манаграфій па тэме БНР створана зусім небагата. Таму і было вырашана да стагадовага юбілею запоўніць гэтую лакуну:
— У нечым наш нарыс падсумоўвае пэўны этап у гістарыяграфіі праблемы, і разам з тым робіць задзел на будучыню.
Бадай самым цікавым і даступным для шырокай аўдыторыі праектам, прысвечаным святочнай гадавіне, стаў выхад мабільнай аплікацыі BNR100. Модная інтэрактыўная форма папулярызацыі гісторыі і культуры знайшла сваё ўвасабленне ў праграме, створанай лабараторыяй распазнавання і сінтэзу маўлення Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН Беларусі. Гэта аўдыягід, з дапамогай якога кожны ахвотны можа прайсціся па мінскіх вуліцах і спыніцца на месцах, звязаных з гісторыяй паўстання БНР:
— У экскурсіі прадугледжаныя наступныя пункты: месца Курлоўскага расстрэлу на Прывакзальнай плошчы, друкарня Грынблата, Купалаўскі тэатр, дзе адбыўся Першы Усебеларускі з’езд, будынак Рады БНР на Архірэйскім падворку, будынак урада БНР у доме мінскага губернатара на плошчы Свабоды, Дом Незалежнасці па вуліцы Валадарскага, 9, дзе 25 сакавіка 1918 года і была абвешчаная незалежнасць краіны, — тлумачаць распрацоўшчыкі.
Новае прыкладанне ўжо атрымала добрыя водгукі сярод спецыялістаў. Як адзначыў навуковец Аляксей Братачкін, выхад дадзенай мабільнай аплікацыі выяўляе новы фармат папулярызацыі беларускай гісторыі і культуры ў сучасным інфармацыйным грамадстве. Тым больш, праграма мае і англамоўную версію — што асабліва актуальна напярэдадні Еўрагульняў.
Аўтар гэтых радкоў і сам апрабаваў новы прадукт, выправіўшыся са сваім тэлефонам у руках у сапраўдную гістарычную вандроўку па Мінску часоў БНР. А пасля яе ў гэтае зменлівае веснавое надвор’е было прыемна засесці ва ўтульнай кавярні за кубачкам кавы ды пачытаць выкладзеную ў акадэмічнай манаграфіі гісторыю станаўлення беларускай дзяржаўнасці.
Фота Паліны КАСМАЧОВАЙ