Высоцкі вывезе?

№ 10 (1345) 08.03.2018 - 15.03.2018 г

24 лютага ў Палацы Рэспублікі адбыўся канцэрт Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь “Я, канешне, вярнуся…”, прысвечаны памяці Уладзіміра Высоцкага. Зала на дзве з паловай тысячы месцаў была паўнюткай. Поспех праграмы — безумоўны і ашаламляльны — сведчыць за тое, што творчасць легендарнага барда па-ранейшаму запатрабаваная. Здавалася б, пра што яшчэ казаць? Але ўсё ж…

Дык чаму быў прысвечаны канцэрт: памяці Высоцкага або 80-годдзю з дня яго нараджэння? Здавалася б, якая розніца? Але розніца насамрэч ёсць. Дзень памяці — гэта 25 ліпеня, калі барда не стала. А ўзімку мы святкавалі яго юбілей. І прысвяціўшы канцэрт памяці Высоцкага, яго завадатары яўна занізілі гістарычны статус дадзенай імпрэзы. Зрэшты,
вельмі многія ўстановы — а сярод іх, напрыклад, кінастудыя “Беларусьфільм” і Музей кіно — наогул абышлі гэтую дату маўчаннем.

Канцэрт меў два аддзяленні — хаця сам Высоцкі заўсёды выступаў без перапынку. Своеасаблівым эмацыйным пікам стала песня ў выкананні Артура Федаровіча “Паляванне на ваўкоў”. У ёй удалося дасягнуць фантастычнага зліцця музыкі і слова! Але гэты нумар у праграме стаяў шостым, патрапіўшы ў першае аддзяленне. Адпаведна, наперадзе былі яшчэ тры чвэрці канцэрта. Утрымаць астатнюю яго частку на такой высокай ноце было проста немагчыма.

Павел Нарачанскі — выканаўца неверагоднай эмацыйнай сілы — у першым аддзяленні спяваў “Коней наравістых”, а пасля гэтай песні выканаў “Скалалазку”. Надлом у глядацкім успрыняцці быў, бадай, непазбежным. Эстэтычная задача любой канцэртнай праграмы заключаецца ва ўменні нарошчваць і ўзмацняць пачуццёвы напал да самай апошняй хвіліны. З такога пункту гледжання праграма была выбудаваная яўна хаатычна. Маўляў, Высоцкі вывезе…

А пастаяннае мільгаценне на задніку сцэны кіна- і фотакадраў? Выканаўцы мусілі пастаянна канкурыраваць з гэтым яўна не лепшым чынам падабраным візуальным шэрагам. Глядач быў вымушаны дзяліць сваю ўвагу паміж артыстам, аркестрам і кінаэкранам. І гэтае спаборніцтва — яўна не на карысць выканаўцы.

Цяпер Высоцкага ведаюць усе. Таму няма неабходнасці засмечваць увагу гледачоў мноствам выяваў на экране. Кожны кадр павінен быць строга матываваным. Сіла музыкі ў тысячу разоў важней. Таму трэба болей верыць і давяраць ёй.

Адзін з варыянтаў падобнай праграмы мог бы цалкам прысвячацца тэме “Песні Высоцкага для беларускага кіно”. Дасюль у нас такой праграмы не створана ні ў тэлевізійным, ні ў канцэртным фармаце. Зрабілі яе толькі энтузіясты з кінаклуба Уладзіміра Высоцкага, але ў гэтага клуба на сёння няма нават адраса.

І тым не меней. Гістарычная падзея адбылася! Мінчане ў чарговы раз давялі, што Высоцкі ў ХХІ стагоддзі па-ранейшаму актуальны і запатрабаваны людзьмі.

Іван СПОСАБАЎ,
прапагандыст творчасці
Уладзіміра Высоцкага