Годная шоўку

№ 9 (1344) 03.03.2018 - 07.03.2018 г

Маладыя беларускія дызайнеры ўвасобілі маляваны рай мастачкі Алены Кіш на шаўковых тканінах. У сеціве нават новае слова з’явілася — хусткі-маляванкі. Добрая тэма для разваг пра тое, як музейныя каштоўнасці ўплываюць на сучасную моду — і наадварот.

/i/content/pi/cult/681/15005/19.JPGАлена Кіш — адна з самых загадкавых постацей у беларускім мастацтве. Малюючы дываны, каб зарабіць на жыццё, яна стварала дзівосны свет, дзе паміж бяроз трапляюцца львы. Але не знайшла ні шчасця, ні прызнання — і ўрэшце пайшла да рачулкі і сама падвяла апошнюю рысу ў сваім жыцці.

Сёння маляваныя дываны мастачкі-самавучкі — музейныя каштоўнасці. Захавалася іх, на жаль, не шмат. Самай вялікай калекцыяй валодае гісторыка-культурны музей-запаведнік “Заслаўе”.

З прысвячэння Алене Кіш пачаў сваю гісторыю малады беларускі брэнд Muraska Adziennie. Зрэшты, з яго геаграфічным вызначэннем усё, насамрэч, не так проста. Філолаг і рэдактар Аксана Ціпліцька паўтара гады таму пераехала з Украіны ў Беларусь — да мужа. А дызайнер і архітэктар Марына Ахмедава — з Беларусі ў Азербайджан, і таксама пасля вяселля. Крыху заблытана атрымалася, але ж гэта не стала перашкодай на шляху да справы-мары. Пра яе мы і гаворым з “мурашкамі”.

— Чым вас прывабіла творчасць Кіш?

Аксана Ціпліцька: Адна з першых выстаў, якую наведала ў Мінску, была акурат выстава Алены Кіш. Памятаю, як мяне ўразіла пабачанае. Тады падалося, што гэтае імя павінна гучаць несупынна. Маляваныя дываны Кіш нагадалі мне творы Марыі Прымачэнка (народная мастачка Украіны). Але ва Украіне Прымачэнка насамрэч паўсюль.

Марына Ахмедава: Наіўнае, ці інсітнае, мастацтва доўгі час цікавіць мяне. Калі ў музеі Тбілісі пабачыла работы Ніко Пірасмані, таксама адразу ўзгадала Кіш. Калісьці рабіла паштоўку па матывах яе творчасці, і таксама наведвала выставу яе маляваных дываноў у Мінску.

— У сувенірных крамах музеяў свету можна знайсці безліч рэчаў, на якіх пазнаюцца вядомыя карціны. На вашых хустках адлюстраваны работы Кіш?

М.А.: Не. Кожны прынт — гэта самастойны твор. Тры першыя эскізы рабіла месяцаў шэсць, калі не болей. Нават родныя пыталіся ў мяне: “Калі, калі ўжо можна глядзець?” Мастацтва Кіш натхняе на стылізацыю. Прыгадайце ўсе гэтыя вобразы маляванага раю…

/i/content/pi/cult/681/15005/20.JPGА.Ц.: Наўмысна пазначылі на хустках імя Alena Kis. Каб падкрэсліць, што захапляемся ёй.

М.А.: Сёння ў модзе вышыванкі. І гэта добра. Але беларуская культура — не толькі арнамент. Мы паспрабавалі зрабіць сучасны аксесуар, але разам з тым падкрэсліць нашу сувязь з беларускай культурай. Па колерах арыентаваліся на сусветныя брэнды: Valentino, Hermes. Для першай хусткі абралі сакавіты зялёны, ці Greenery. Гэта галоўны колер мінулага года па версіі Інстытута Pantone, які лічыцца лідарам у галіне распрацоўкі колераў.

— Чаму абралі шоўк? Наўрад ці Алена Кіш нават марыць магла пра такую раскошу.

М.А.: Жыццё мастачкі скалалася трагічна, яна не зведала прызнання. Але сёння яе імя вяртаецца да нас. І падалося вельмі сімвалічным, калі яно будзе напісана менавіта на шаўковай тканіне.

А.Ц.: Тэарэтычна прынты можна надрукаваць на чым заўгодна. Але на падушках ці бялізне такія малюнкі выглядалі б недарэчна. Мы адразу ўсведамлялі гэта.

М.А.: А шаўковая хустка ўпрыгожвае жанчыну ў любы час.

А.Ц.: Так з’явіліся слоганы “Па-за часам!” ды “Годная шоўку”.

— Гучыць добра. Але наколькі жыццяздольны брэнд, які займаецца хусткамі?

М.А.: Думалі пачаць з жаночага адзення. Распрацавалі эскізы. Аднак вырашылі, што лепей зрабіць толькі адну рэч, але якасна. А калі вынік задаволіць — працягнуць справу. Надалей не збіраемся спыняцца толькі на Кіш. Беларуская культура дае безліч тэм для стылізацый.

А.Ц.: Напачатку знаёмыя папярэджвалі: “Аксана, на такія рэчы не будзе попыту. Гэта вельмі дорага”. Мы збіраліся сем’ямі, раіліся. Але рызыкнулі і распачалі краўдфандынг-кампанію. Вынікі — неверагодныя! Мы вельмі ўзрушаны. Пакуль што працягнем тэму хустак. Цяпер у вытворчасці тры мадэлі, хутка з’явіцца чацвёртая. Наступны крок — стылёвыя павязкі для валасоў. Бліжэй да лета плануем пашыць сукенкі.

/i/content/pi/cult/681/15005/21.JPG— Дзе ўсё гэта можна набыць?

А.Ц.: Пакуль што працуем на ўмовах папярэдніх заказаў. Адным з першых пакупнікоў прывозілі хусткі самі. Было вельмі прыемна пачуць: “О, дык гэта не горш за Hermes!” Мэты трапіць у кожную краму ў нас няма. Мы робім эксклюзіўныя рэчы і колькасць кожнай мадэлі будзе абмежавана.

— Да люксавых рэчаў надзвычай высокія патрабаванні. Пакупнікі чакаюць бездакорнай якасці. Ужо адчулі гэта? — пытаюся і тым часам смакую капучына.

— Дарэчы, плямаў ад капучына на хустках не застаецца. Пацверджана эксперыментам, — жартуюць дзяўчаты і тлумачаць, што рабілі тэсты на якасць тканіны: у пральную машыну закідвалі, мянялі тэмпературу вады, прасавалі.

А.Ц.: Шмат чаму навучыліся падчас работы з шоўкам. Прынты робіць спецыяльная тэхніка, гэта лічбавы друк. А шоўк — вельмі рухомы матэрыял. З самай першай хусткай весела атрымалася. Прыгледзеліся да малюнку — і заўважылі, што бяроза “паехала”. Недаглядзелі. Пакінулі гэты экзэмпляр сабе. Як талісман. Цяпер перад тым, як друкаваць, правяряем шмат разоў кожную кропачку.

— Вы робіце такія шыкоўныя рэчы. Але чаму тады ў назве — мурашка? Гэта іронія?

М.А.: Цікава, што вы адчулі іронію, — мы ж зусім не іранізуем. Шукалі трапнае беларускае слоўца. Улічвалі сэнс, гучанне і графічны воблік.

А.Ц.: Раптам у размове прагучала: “Нам патрэбна слова кшталту “мурашка”.

М.А.: Мы самі, нібыта дзве мурашкі.

/i/content/pi/cult/681/15005/22.JPGА.Ц.: Мурашка? О, выдатнае слова! Яго і пакінем. Насамрэч, было неяк так.


Дарэчы

Шмат хто з сусветнавядомых дызайнераў прысвячаў калекцыі адзення ўлюблёным творам мастацтва. Адзін з гэткіх плённых дыялогаў — Піт Мандрыян ды Іў Сэн Ларан. Геаметрычны жывапіс мастака-абстракцыяніста трапіў спачатку на тканіны, а потым на вокладку аднаго з нумароў французскага часопіса Vogue 1965 года. Так у свеце моды з’явіўся новы хіт — сукенкі Мандрыяна.


Ірына ЮДЗІНА

Фота з уласнага архіва Аксаны Ціпліцькай і Марыны Ахмедавай