“Лапатная” забава бадзяжных артыстаў

№ 9 (1344) 03.03.2018 - 07.03.2018 г

Даўно нам пра аўтаклубы не пісалі. А іх актыўная дзейнасць ва ўмовах лютаўскіх маразоў — тэма надзвычай актуальная. Візіт самадзейных артыстаў ў аддаленую вёску — заўжды гарантаванае свята для яе нешматлікіх жыхароў і ці не подзвіг для работнікаў мабільных устаноў культуры. Вось за такія “подзвігі” па леташніх выніках аўтаклуб Талачынскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці стаў найлепшым на Віцебшчыне.

/i/content/pi/cult/681/15003/17.JPGПра гэта напісала намеснік дырэктара Талачынскага РЦК Таццяна Спаткай. Аўтаклуб тут дзейнічае з красавіка 2014 года. Загадчыцай прызначылі дасведчанага работніка культуры і здольнага арганізатара Людмілу Ждановіч. І, як бачна, не памыліліся. “Людміла Васільеўна дэталёва вывучыла сітуацыю ў кожнай “падначаленай” вёсцы, — распавядае Таццяна Спакай. — Знайшла аднадумцаў у раённых структурах, сфарміравала каманду і вызначыла віды паслуг. За 2017 год праведзена 317 мерапрыемстваў: канцэртаў, выстаў, абрадаў, вясковых святаў, тэатралізацый, кіналекцый, экспедыцый…” У аўтаклубе створаны і стабільна дзейнічаюць два аматарскія фарміраванні: дзіцячы клуб аматараў фальклору “Забава” і “дарослы” клуб “Бадзяжныя артысты”. Колькі слоў пра арыгінальную “Забаву”, бо яна таго даўно заслугоўвае: юныя ўдзельнікі ўдала распрацоўваюць вобраз сялянскага дзіцяці 1920 — 1930 гадоў, за што і атрымалі лагодную мянушку — “Лапатнікі”. Яны спяваюць бабульчыны песні, усяляк прапагандуюць мясцовы фальклор, ствараюць аўтаклубу самы станоўчы імідж.

Загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Навагрудскай раённай бібліятэкі Іна Шаўчук згадвае Міжнародны дзень роднай мовы. Тады ва ўстанову была запрошана празаік і эсэіст Раіса Крывальцэвіч. Гэта ўжо другая сустрэча з зямлячкай-пісьменніцай. Сумуючы па тым, што далёка не ўсе на Беларусі карыстаюцца роднай мовай, Іна Шаўчук паведамляе пра дыктоўку, што была праведзена тым днём сярод супрацоўнікаў бібліятэкі. Тэкст з кнігі Вінцука Адважнага чытала Раіса Крывальцэвіч. Цудоўная, як падаецца, ініцыятыва! Будзем спадзявацца, што ў наступных лістах у рэдакцыю Іна Шаўчук напіша і пра вынікі дыктоўкі.

А вось Ганцавіцкая цэнтральная раённая бібліятэка імя Васіля Праскурава разам з гарадскім домам культуры стварыла літаратурна-музычную кампазіцыю “Мовы роднай запаветны сад”. Загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Таццяна Маляўка распавядае: “Гучалі вершы Максіма Багдановіча і Ніла Гілевіча, Янкі Купалы і Якуба Коласа, Максіма Танка і Алеся Бачылы.Натуральна, і песні выконваліся, свае, родныя”.

Урачыстасці прайшлі і ў Астравецкай дзіцячай бібліятэцы. На свята сюды завіталі выхаванцы ясляў-сада “Дубок”. Як паведаміла бібліятэкар установы Ганна Керэль, дзетак чакала чароўнае падарожжа “Па старонках роднай мовы”. Госці навучыліся вітацца, развітвацца, дзякаваць па-беларуску, удзельнічалі ў нацыянальных гульнях, адгадвалі казкі.

Тэму працягвае бібліятэкар аддзела абслугоўвання Бярэзінскай райбібліятэкі Кацярына Ярмалінская. Яна стала ініцыятарам і арганізатарам імпрэзы “Імкнецца слова да нябёсаў”. На лірычную вечарыну была запрошана маладая паэтка Кацярына Кавалёнак-Глухоўская. Адбылася гаворка з чытачамі пра сутнасць творчасці.

Галоўны бібліятэкар Столінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Ірына Навумчык распавяла пра святочную праграму “Наша невычэрпнае багацце”. У бібліятэку прыйшлі дзесяцікласнікі з класным кіраўніком — настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Алай Лічэўскай. Для гасцей арганізавалі кніжную выставу. Асаблівую цікавасць у вучняў выклікала факсімільнае выданне “Кніжная спадчына Францыска Скарыны”, якое зусім нядаўна паступіла ў бібліятэчны фонд.

Віктарына “Размаўляем па-беларуску” была арганізавана для сямікласнікаў дзвюх сярэдніх школ Карэлічаў. З аддзела метадычнай работы Карэліцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці паведамілі, што мерапрыемства адбылося на сцэне іх установы. Удзельнікі свята адказвалі на пытанні, перакладалі з рускай на беларускую, адгадвалі літаратурныя крыптаграмы.

Улассе — старадаўняе свята шанавання кароў і коней. Яго адрадзілі ў аграгарадку Лукі Карэліцкага раёна. Элементы гэтага абраду былі паказаны ля мясцовага дома культуры. Вяскоўцы спявалі, танчылі, гаварылі пра тое, што нельга сварыцца, інакш жывёла слухацца не будзе: карова не дасць малака, а конь супраць баразны пойдзе.

Інфармацыя ад загадчыка аддзела маркетынгу Бярэзінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Тамары Круталевіч. Супрацоўнікі ўстановы сабралі старшакласнікаў сярэдняй школы № 2 на армейскі хлапечнік. Важна было, як піша аўтар, пераканаць хлопцаў дапрызыўнога ўзросту: войска не трэба баяцца, у войску трэба служыць. А моладзі аграгарадка Паплавы бібліятэкары прапанавалі тэатралізацыю “Кніга армейскага жыцця”.

Напрыканцы месяца ў аграгарадку Мазалава (Віцебскі раён) прайшоў справаздачны канцэрт “Нашы таленты табе, Прыдзвінскі край!” сельскага дома культуры і дзіцячай школы мастацтваў. Канцэрт сабраў больш за паўсотні ўдзельнікаў творчых калектываў. Сярод іх — народны жаночы клуб “Залаты ўзрост”, народны ансамбль народнай песні і музыкі “Вераснянка”, клуб інтэрнацыянальнага сяброўства “Згода”, харэаграфічны калектыў Dunce, тэатральны гурт “Вобраз”, танцавальны — “Калінка” і дуэт настаўнікаў ДШМ “Парафраз”. Кожны нумар суправаджаўся відэакліпам. Сюрпрызам для ўсіх стала выступленне “Згоды” — замежных студэнтаў з Лівана, якія паказалі свае народныя танцы. Пра ўсё гэта напісаў у рэдакцыю “Культуры” наш актыўны пазаштатны аўтар Андрэй Струнчанка.

Бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармацыі Дзятлаўскай раённай бібліятэкі Наталля Бадзяка распавяла: “Штогод ва ўсім свеце 17 лютага адзначаюць Міжнародны дзень спантаннай праявы дабрыні. Прыдумалі яго дабрачынныя фонды. У гэты дзень наша ўстанова правяла акцыю “Перадай часцінку дабрыні”. Для чытачоў арганізавалі віктарыну. Бібліятэкары стварылі “Рамонак добрых спраў” і прапаноўвалі прысутным выбраць пялёстак са справай, якую ахвотны мог бы здзейсніць. Да прыкладу, пакарміць бадзяжных жывёл, аддаць непатрэбную вопратку тым, хто мае ў ёй патрэбу…”

Беларускі гульнявы тэатр роставых лялек, як паведаміў яго кіраўнік Іван Каско, выступіў ў агратурыстычным комплексе “Гарадзенскі маёнтак Каробчыцы”. Тэатр прэзентаваў у Каробчыцах 27 роставых лялек, сярод якіх ёсць і Кот у ботах ростам у тры метры.

Год малой радзімы Лельчыцкая цэнтральная бібліятэка адкрыла музычнай вечарынай, прымеркаванай да 80-годдзя ўраджэнца Лельчыц кампазітара Уладзіміра Журовіча. Намеснік дырэктара бібліятэкі Таццяна Варакса распавядае, што імпрэза стала не проста данінай памяці Уладзіміра Васільевіча, але і яшчэ адным спосабам прапаганды яго творчасці сярод землякоў. Былі паказаны кадры з дакументальных фільмаў, здымкі якіх адбываліся на Палессі з удзелам самога кампазітара. У кіно гучала і яго музыка. Больш за дзесяць гадоў Уладзімір Журовіч шэфстваваў над спевакамі Палесся, у прыватнасці — над мастацкім калектывам вёскі Ліпляны. Натуральна, што падчас вечарыны выступілі і ліплянскія спевакі.

У Мастоўскай раённай бібліятэцы прэзентавалі дапаможнік “Турыстычнымі сцежкамі Мастоўшчыны”, створаны супрацоўнікамі аддзела бібліятэчнага маркетынгу. На мерапрыемства былі запрошаны вучні гімназіі № 1 Мастоў. Пра гэта напісала бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі Ірына Кавалеўская. У дапаможніку сабрана інфармацыя пра архітэктурныя і прыродныя помнікі, пра адзіны ў краіне падвясны пешаходны мост. Ёсць вычарпальная інфармацыя і пра ўстановы культуры ў раёне: Гудзевіцкі дзяржаўны літаратурна-краязнаўчы музей, Мастоўскі дзяржаўны музей “Лес і чалавек”, Музей Маці ў Мікелеўшчынскім дзіцячым садзе-сярэдняй школе.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"