З патэльняй наперавес
Ад дзіцячай казкі ўдумлівыя бацькі чакаюць не толькі магічнага сюжэту, але і набору характарыстык і варыятыўнасці паводзін, здатных дапамагчы рэальнай дзяўчынцы задумацца, у якім кірунку рухацца, на каго арыентавацца і якія мэты ставіць перад сабой. У гэтых варунках мне вельмі падабаецца назіраць за трансфармацыяй дыснееўскіх гераінь.
Класічныя прынцэсы пачатку ўзлёту кінастудыі — заўсёды ідэальныя хатнія гаспадыні, эталонныя прыгажуні і пакорлівыя будучыя жонкі. Беласнежка, Аўрора, Папялушка чакаюць, пакуль — быццам бог з машыны — з’явіцца Прынц і прапановай рукі і сэрца выратуе з усіх жыццёвых недарэчнасцяў. Рэжысёрам спатрэбіўся не адзін дзясятак гадоў, каб галоўныя гераіні іх
поўнаметражных стужак пачалі супраціўляцца, напрыклад, хамаватым жаніхам (“Прыгажуня і Пачвара”) ці грамадству з патрабаваннем “правільнага” замужжа (“Пакахонтас”). Аднак і ў гэтых стужак сюжэт, так ці іначай, круціўся вакол пошукаў ідэальнага мужчыны і “жанчыне абавязкова трэба выйсці замуж”.
У новым стагоддзі студыя Уолта Дыснея канчаткова сышла ад шаблона. Дзецям пачалі распавядаць, што прынц, акрамя прыгожага аблічча, павінен мець і сэрца — інакш у складанай сітуацыі ён, у лепшым выпадку, будзе бескарысным, а ў горшым — апынецца сапраўдным нягоднікам. Прынцэса можа мець кар’ерныя амбіцыі — як, напрыклад, Ціяна з “Прынцэсы і жабкі”. Або, як Рапунцаль, прыкладаць усе намаганні для навуковага досведу (ёй жа хацелася дазнацца, што за ліхтарыкі штогод расквечваюць неба), дзеля чаго і патэльню можна “перапрафіляваць” у абарончы інструмент.
Галоўным жа адкрыццём стала для мяне стужка “Халоднае сэрца”. Неідэальныя прынцэсы асэнсоўвалі, што толькі памкнення да вяселля недастаткова, каб жыць доўга і шчасліва, што не ўсе шлюбы аднолькава карысны, а пераадолець нягоды дапамагае не толькі каханне мужчыны, але і шчырая сястрынская (чытай сямейная) любоў.
Выпхнуць замуж — і справа скончаная?
Чаму я так шмат гавару пра заморскую анімацыю? Бо ў эпоху без межаў нельга адмаўляць уплыў на нашых дзяцей гэтых сусветна вядомых персанажаў. Аднак што ў той самы час прапаноўвае айчыннае мастацтва?
Прызнаюся, гэты артыкул выспяваў з моманту майго наведвання адной з нядаўніх прэм’ер у ТЮГу, выпушчанай у рамках Цэнтра творчых праектаў. У эксперыментальнай прасторы давалі чароўную казку па аўтарскай п’есе Наталлі Марчук пра прынцэсу і гоблінаў. Так, падыход маладога рэжысёра, педагога Акадэміі мастацтваў Дар’і Марчанка заслугоўвае ўвагі: яна цудоўна абжыла шматузроўневую пляцоўку, у мінімалістычных дэкарацыях прапанавала цікавыя рэжысёрскія вынаходкі. Але фабула… Камедыйны сюжэт увесь час круціцца вакол дзікага жадання бацькі-караля выпхнуць дачку замуж чаго б тое ні каштавала. Прынцэса ж напрыканцы ўсведамляе, што сапраўды ўпускае момант. Смешна? На хвалі пераасэнсавання ролі дзяўчынкі ў грамадстве тое выглядае як мінімум незразумелым.
Такі прыклад — не адзінкавы. Няўжо фарміраванне гендарнага ўяўлення ў новага пакалення хвалюе толькі прыдзірлівых бацькоў і неабыякавых асоб, але пакуль абыходзіць бокам айчынных творцаў?
Эвалюцыя Папялушкі
Пісьменнік Андрэй Жвалеўскі канстатуе: спрадвеку з роллю дзяўчынак у сусветнай дзіцячай літаратуры ўсё было зразумела. Папялушка чакала свайго Прынца, перабіраючы гарох і адказваючы пакорлівай усмешкай і ўсёдараваннем на тыранію злых сілаў. Ды і ў літаратуры рэалізму ім адводзілася сціплая роля сіротак, якіх усе шкадуюць і выратоўваюць.
— Што адбывалася ў той час сто гадоў таму ў беларускай дзіцячай літаратуры, сказаць складана, бо ў нас яе як такой і не было, — мяркуе ён. — Класікі раз-пораз песцілі малечу рознага кшталту “Міхасёвымі прыгодамі”, але “спецыяльны” пісьменнік для дзяцей з’явіўся толькі ў савецкі час. Клікалі яго Янкам Маўрам, але і ў яго — спрэс “палескія рабінзоны” і ніводнай “рабінзонкі”.
Па меркаванні суразмоўцы, у сусветнай літаратуры гендарную рэвалюцыю здзейсніла Астрыд Ліндгрэн, а дакладней, яе Пэпі Доўгаяпанчоха. Тая хуліганіла, хадзіла ў чым давядзецца, мела асабістае меркаванне і выдатна абыходзілася без Цудоўнага Прынца. Як запэўнівае спадар Жвалеўскі, у сучасных беларускіх аўтараў нямала шыкоўных вобразаў, якія нічым не саступаюць рыжавалосай Пэпі.
У першую чаргу ён называе Вольху Рэдную з Беларыйскага цыклу Вольгі Грамыка. І хоць Вольга не лічыць сябе дзіцячым пісьменнікам, сярод яе чытачоў вялікая колькасць падлеткаў. Яны з задавальненнем чытаюць пра самавольную і незалежную гераіню, якая забаўляецца ў асноўным тым, што ўціхамірвае і даймае тупаватых юнакоў. Гэта не выратоўвае ад закаханасці ў харызматычнага вампіра, але і каханне іх праходзіць не па накатанай стагоддзямі схеме.
“Прафесія — вядзьмарка” напісана даволі даўно, але ёсць і больш сучасныя тэксты. Спадар Жвалеўскі прапануе звярнуцца да “Сямі ружаў” — гэтая кніга Надзеі Ясмінскай стала лаўрэатам першага сезону літаратурнай прэміі імя Цёткі. Фармальна — тыя ж чароўныя казкі, аднак іх галоўныя гераіні раз-пораз выпраўляюцца ў небяспечныя паходы, уступаюць у супрацьдзеянне са злымі ведзьмакамі і часта праяўляюць значна больш ініцыятывы, чым розныя там прынцы.
— Праўда, пераважная колькасць твораў ў “Сямі ружах” заканчваецца вяселлямі — нават калі тое не асабліва патрэбна па сюжэце. Відаць, жанр абавязвае, робіць выснову пісьменнік.
Яшчэ адна падлеткавая кніга з яскравым дзявочым вобразам выйшла зусім нядаўна. Фармальна ў “Маёй мілай ведзьме” Валерыя Гапеева галоўны герой — хлопец. Аднак і яго, і ўсіх астатніх засланяе дзяўчына Ядвіся з гаваркім язычніцкім прозвішчам Лёлька. Яна сапраўды крыху вядзьмарка, але моц яе не ў гэтым. Проста яна больш смелая, рашучая і адказная за большасць акаляючых яе мужчын.
Спадар Жвалеўскі не мог прайсці міма “Авантур Пранціша Вырвіча” — нацыянальнага, па яго адчуванні, варыянта “Трох мушкецёраў”. Тэтралогія Людмілы Рублеўскай адносіцца да “вялікай літаратуры”, аднак візаві заўсёды прапануе пачытаць яе падлеткам. Асабіста яго ўразіў вобраз жонкі Лёдніка — пані Саламеі.
— Не ведаю, ці гэта выпадкова атрымалася ў Рублеўскай, або яна адмыслова ставіла перад сабой такую задачу, але адносіны Лёдніка і Саламеі — шыкоўная ілюстрацыя партнёрскага шлюбу, дзе муж і жонка не толькі кахаюць, але і паважаюць адно аднаго, — зазначае суразмоўца.
І падсумоўвае: “Са сказанага мной не вынікае, што час Папялушак мінуў. Проста побач з імі цудоўна ўжываюцца Вольха Рэдная, Ядвіся Лёлька і Саламея Лёднік”.
Інь і ян кінематографа
Што датычыцца айчынных фільмаў, то перш-наперш на памяць прыходзіць рашучая прынцэса Вераніка з кінаказкі “Рыжык у Залюстрэччы”. Рэжысёр фэнтазі Алена Турава імкнулася на сучаснай кінематаграфічнай мове распавесці пра глабальныя каштоўнасці. На яе погляд, цяпер у нацыянальным кіно наўрад ці хто востра фармулюе гендарнае пытанне. Хутчэй шукаюць вобраз, гераіню, якую можна было б любіць і паважаць.
— Раней гісторыі звычайна заканчваліся ад’ездам жаніха і нявесты ў шчаслівую будучыню. А як там будзе, ужо нікога не цікавіла. Цяпер жа ідзе пераасэнсаванне каштоўнасцяў, калі дзяўчынцы гавораць пра неабходнасць у першую чаргу праявіць сабе, — разважае спадарыня Алена. — Сапраўды, сучасны жаночы вобраз заточваецца на гендарную роўнасць, калі жанчына — раўнацэнны партнёр, канкурэнт мужчыне. Устаноўкі змяняюцца — і, шчыра кажучы, не магу сказаць, каб гэта мяне занадта радавала.
На погляд суразмоўцы, жанчыны становяцца занадта прагматычнымі: “Асабіста мне на працягу ўсяго жыцця хочацца захаваць гэты баланс інь і ян: ад мужчыны, што побач, мы чакаем моцы і абароны, а мужчына ад жанчыны — пяшчоты і камфорту”. Спадарыня Алена перакананая: гаворку трэба весці пра два ўзаемазбалансаваныя сусветы, якія павіны дапаўняць адзін аднаго.
Рэжысёр бачыць праблему ў падмене паняццяў, якая ўсё часцей назіраецца на экране. Напрыклад, калі ў кінастужках пра кар’ерны ўзлёт жанчыны дадатковы “любоўны” вектар падмяняецца тэмай “здыму” сексуальнага партнёра. І ад гэтага становіцца сумна.
— Часы змяняюцца, павялічваецца тэмп, з’яўляюцца зусім іншыя крыніцы інфармацыі. Але для мяне душа чалавека ўсё роўна застанецца каштоўнасцю нумар адзін, — падкрэслівае Алена Турава. — Вельмі чулліва адношуся да тых фільмаў, што закранаюць самыя светлыя пачуцці, накшталт гісторыі пра нараджэнне кахання “Ішоў сабака па раялі” ці “Вам і не снілася”. Што ні змянялася б у свеце, павінна заставацца запатрабаванасць чалавека чалавекам, пошук духоўнай блізкасці. Хочацца верыць, захаваюцца такія класічныя паняцці, як каханне, сяброўства, вернасць і самаадданасць.
Суайчынніцы — на авансцэну!
Цэнтрам творчых праектаў ТЮГу выпушчана яшчэ адна — надзвычай цікавая — пастаноўка: “Балотная каралева”. Эпічнасць літаратурнага матэрыялу, які ляжыць у падмурку спектакля, можна параўнаць з чарадзейным светам Гары Потэра (свае шкадаванні, што гэты праект узнік па-за межамі асноўнай сцэны, пакіну для іншага артыкула). Аўтар п’есы Таццяна Сівец упэўнена: тэатральныя мадэлі ўплываюць на светапогляд гледача.
— Можа, з-за таго, што дзяўчынкі больш уважлівыя да герояў ў тэатры, пакуль хлопчыкі сочаць за дзеяй, — разважае спадарыня Таццяна. — Не важна, зрэшты. Галоўнае, што сённяшнім дзяўчатам варта паказваць тыя мадэлі паводзінаў, якія вымагае сучаснае жыццё. Паглядзіце нават на вынікі апошняй алімпіяды — хто там перамог? Ну вось!
Яна лічыць, што наспеў час суайчынніцам выйсці на сцэну ў прамым сэнсе слова. Моцных жаночых вобразаў хапае і ў гісторыі, і ў беларускай літаратуры. Драматург нагадвае, што нашым жанчынам не прызвычайвацца браць на сябе адказнасць. І засмучаецца, чаму ў сучасных дзіцячых спектаклях юныя беларускі бачаць “прынцэсак”, якія пакорліва чакаюць, пакуль з’явіцца ўрэшце збаўца-прынц і возьме іх замуж, дзе яны будуць жыць доўга-ды-шчасліва.
— Хочаш быць шчаслівай — дык бяры справу ва ўласныя рукі ды ідзі змагацца са злымі чараўнікамі самастойна, — пераканана Таццяна Сівец. — Не, канечне, калі знойдзецца нармальны хлопец, дык і яго з сабой можна прыхапіць (хай увагу чараўніка адцягвае ў патрэбны момант), але час сядзець у палацы — мінуў. Ды і хто сказаў, што прынцэса будзе кіраваць каралеўствам горш за нейкага, выбачайце, прынца?
Спадарыня Таццяна выступае за тое, каб сучасныя гераіні адпавядалі рэальнасці — дужым і смелым беларускім дзяўчатам: “Мажліва, хлопцы паглядзяць на іх, ды і падцягнуцца да змагання з цмокамі рознымі! А там і чарговая алімпіяда не за гарамі. Вось і пабачым”.