Гульня ў асацыяцыі

№ 8 (1343) 24.02.2018 - 28.02.2018 г

Чаму ў нашай краіне білам нікога не б’юць, пра каханне кажуць шэптам, а “трогательно” і кранальна параўноўваць усё ж такі не варта? У Тыдзень роднай мовы “К” папрасіла розных цікавых асобаў распавесці пра свае любімыя словы, у якіх адчуваецца непаўторнасць і вобразнасць беларускага маўлення.

/i/content/pi/cult/680/14976/7.JPGБіла

Лідзія МАЛЬЦАВА, дырэктар Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Яўхіма Карскага:

— Ніхто нікога не біў, нават не збіраўся! І ўвогуле — гэта не дзесяслоў, а назоўнік ніякага роду. У Лельчыцкім раёне, адкуль мае карані, так назвалася ўзгалоўе ложка. Яно было без асаблівых прэтэнзій на вытанчаны дызайн: вертыкальная дошка ці металічная дуга са спіцамі, якая іншым разам упрыгожвалася па краях шышкамі ці шарамі. Уся гэтая “прыгажосць” і назвалася ў вёсках “білам”.

Упершыню пачула тое слова ад мамы і вельмі здзіўлялася, пакуль дакладна не разабралася, што ніхто нікога не біў. Шчыра прызнаюся, этымалогію не ведаю. Аднак чула аднойчы, што гэтаксама называюць узгалоўе ложка на брэсцкім Палессі. Мо ўплыў украінскай мовы?

Мне пашанцавала, бо я вучылася ў беларускай школе, роднай лексікай авалодала яшчэ ў дзяцінстве, а ўсе гэтыя мілыя слоўцы пастаянна чула ад маці. Малочны збан называўся “гладышкай”, качарга — “каранёй”, абрус — “настольніцай”. Таму пішу і размаўляю па-беларуску добра.

Калі ласка

Ірына КАСЕНКА, хірург-анколаг, прафесар медыцыны:

— Мая рабочая і побытавая мова — руская. Але я заўжды памятаю словы майго бацькі, які лічыў, што не ведаць мовы народа, на зямлі якога жывеш — проста непрыстойна. Дарэчы, сам ён рускі, родам з Кубані. У Беларусі ваяваў, пасля вайны тут застаўся. Працаваў журналістам, тады і мову вывучыў. Так склалася, што беларускай мовай карыстаюся рэдка, бо ў маім прафесійным асяродку дамінуе руская. Да беларускай звычайна звяртаюся, калі бываю за мяжою і маю патрэбу патлумачыць, што край, які я прадстаўляю, гэта не рэгіён Расіі, а суверэнная дзяржава. Таму, хто мае слых на мовы, дастаткова пачуць некалькіх сказаў па-беларуску, каб зразумець, што беларусы — не расіяне. Люблю беларускія словы “калі ласка”. Часам сама не заўважаю, як выкарыстоўваю іх ў гаворцы сярод рускіх слоў. А вось расіяне ці украінцы на яго адразу рэагуюць і пытаюцца, адкуль я.

Каханне

Георгій ЛІХТАРОВІЧ, фотамастак і пісьменнік:

— Гэта адметнае слова ў беларускай мове. Калі, напрыклад, параўноўваць з рускай, то там любіць можна і радзіму, і жанчыну, і селядзец — што заўгодна. А ў нас не. Любіць радзіму і селядзец, а кахаць — толькі жанчыну. Ці наадварот — жанчыне мужчыну. І гэтая адметнасць мовы мне вельмі падабаецца. На жаль, часам людзі не адчуваюць гэтай розніцы. І калі я ў песні чую радкі: “Мой Мінск, я цябе люблю і кахаю”, дык дзівішся таму глупству, якое атрымалася. Можа, каго пакрыўджу, але… гэта няправільна. Кахаць можна толькі асобу супрацьлеглага полу.

Для мяне слова “каханне” гучыць пяшчотна, шэптам, на нейкім прыдыханні. Пра такое пачуццё крычаць нельга. Ці шэптам, ці наогул моўчкі, я так думаю.

Кранальна

Маргарыта ШЧАМЯЛЁВА, мастак дэкаратыўна-прыкладной сферы, дацэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў:

— Ад студэнтаў кафедры тэкстылю і касцюма патрабуецца веданне традыцыйнага беларускага мастацтва. Зразумець жа народную эстэтыку без ведання беларускай мовы хаця б на элементарным ўзроўні, на маю думку, немагчыма. Таму зварот да мовы ў навучальным працэсе на нашай кафедры заахвочваецца. Мова — гэта люстэрка ментальнасці, а ментальнасць — тое, што адрознівае нас ад суседзяў. Вось, напрыклад, слова “кранальна”. Гэта зусім не тое самае, што “трогательно”. Я думаю, яго ўвогуле немагчыма дакладна перакласці на іншыя мовы.

Пяшчота

Наста КУДАСАВА, паэтка:

— Я люблю розныя беларускія словы. Часам раблю занатоўкі, разважаю пра ўзаемасувязь сэнсу і гучання. Шмат новых слоў пачула ў дзяцінстве ад бабулі — “услон”, “гаруска”, “павець”. Тая мова для мяне была іншай, таямнічай, яна узрушвала і хвалявала. Так у горадзе не гаварылі.

Пра сэнс слова “пяшчота” я задумалася, калі пабачыла пераклад свайго верша на рускую мову. У ім мая “пяшчота” стала “нежностью”. Такі сэнсава правамерны пераклад супярэчыў майму ўспрыманню самога пачуцця. Гукава два словы былі несувымерныя. Тое, што я называю “пяшчотай”, не можа пачынацца з часцінкі “не”. Атрымліваецца, што “нежность” — гэта “не”, а мая “пяшчота” — заўсёды “так”, як ласкавая невымоўная згода. Я зразумела, што ўсе мае адчуванні адлюстраваныя ў гуках. Мяккае “пя” як пяянне ці песня, далей націскное паўнагалоснае “о”. А “шч”, якое гучыць у слове — гэта кранальны дотык да шчакі. У абліччы слова занатаваны няўлоўныя канатацыі самога пачуцця.

Мова падсвядома фарміруе сэнсы, ірацыянальна ўздзейнічае на носьбіта праз гучанне слова. Яе адметнасці ўплываюць на жыццё і пачуцці. З чаго я раблю высновы аб неперакладальнасці паэзіі. Сэнсава — так, можна перакласці, а гукавое ўспрыняцце будзе зусім іншым. Таму трэба да сваёй мовы ставіцца вельмі беражліва.

Услончык

Дзмітрый СУРСКІ, старшыня Беларускага саюза дызайнераў:

— Вельмі мілагучнае слова, якое асацыіруецца з нечым маленькім, да чаго хочацца прытуліцца альбо на што прысесці. Так і ёсць, гэта мэбля. Ёсць яшчэ варыянт “зэдлік”, а па-руску — “табурет”. Але ўслончык мае нахіл, і назва яму вельмі падыходзіць. На яго можна паставіць бот і вашчыць гуталінам, каб блішчэў.

Мне выпадкова на сметніцы патрапіўся адзін адметны экзэмпляр. Нетыповай формы — у выглядзе скошанай трапецыі на ножках. У яго баку месціцца маленькая шафа для шчотак ды мазяў. І напрамкі са сметніцы той услончык паехаў у экспазіцыю выставы Back in BSSR, якую ладзіў Саюз дызайнераў у Музеі гісторыі горада Мінска — у раздзел рэчаў з бюракратычным мінулым. Я так думаю, што тая мэбля магла стаяць у нейкай канторы ці міліцэйскім пастарунку, дзе трэба было даглядаць за сваім абуткам.

Ужываўся ўслончык і ў штодзённым вясковым жыцці, каб можна было нізка сеці, бульбу пачысціць ці карову падаіць. Дарэчы, мой калега Аляксей Шышко на апошні “Пастулат” зрабіў цэлую калекцыю прыгожых услончыкаў. Прадэманстраваў, як традыцыя можа па-новаму гучаць у дызайнерскім пераасэнсаванні.

Падрыхтавалі
Пётра ВАСІЛЕЎСКІ,
Іна НАРКЕВІЧ, Яўген РАГІН