Візуалізацыя роднага слова

№ 8 (1343) 24.02.2018 - 28.02.2018 г

Дзень роднай мовы спакваля ўваходзіць у каляндар звыклых для суайчынніка святаў. Вось і сёлета ён адзначаўся даволі шырока: розныя імпрэзы, якія ладзілі па ўсёй краіне дзяржаўныя ўстановы і грамадскія арганізацыі, тэленавіны па-беларуску, дыктоўкі, тэсты, віктарыны… Тым не меней, гэтыя размаітыя ініцыятывы пакуль падаюцца асобнымі ручаінкамі. Што трэба для таго, каб у грамадскай свядомасці яны сталі плынню магутнай ракі? Можа, пачаць варта са знешняга боку — які, аднак, адлюстроўвае сутнасць? З адмысловага лагатыпу Дня мовы. Вядомы мастак-каліграф Усевалад СВЕНТАХОЎСКІ, які выконвае абавязкі загадчыка кафедры графічнага дызайну Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, перакананы, што святы нацыянальнага маштабу абавязкова павінны мець сваю выразную і пазнавальную айдэнтыку.

/i/content/pi/cult/680/14972/1.jpgФота Сяргея ЖДАНОВІЧА

— Калі ёсць падзея, якая, па сутнасці, датычыць усіх беларусаў, проста неабходна стварыць адмысловыя візуальныя сродкі, якія б яе аздаблялі. Каб паглядзеў і адразу зразумеў: мова — гэта тое, што нас яднае ў народ, наша каштоўнасць, фактар нацыянальнай тоеснасці. Калі хочаце, наша пасланне свету. А ўжо якім чынам будуць адлюстраваныя актуальныя для свята тэзы — праз лагатып ці праз шрыфтавую кампазіцыю, у колеры ці ў манахроме, у паліграфічным выкананні ці праз анімацыю — пытанне другаснае.

— А вы можаце згадаць вартыя пераймання прыклады? Важныя для краіны фэсты, якія ўжо маюць выразныя і пазнавальныя лагатыпы — скажам, той жа “Славянскі базар у Віцебску”?

— У мяне ёсць адзін з першых яго лагатыпаў. Ён даволі сціплы: жоўтая папера, адзін колер друку, усе літары ўзятыя з розных шрыфтоў. А потым, калі фэст разгарнуўся ды набыў розгалас, стала развівацца і яго айдэнтыка. Усё таму, што зыходная ідэя была вартая.

— А ці не падаецца вам, што мы занадта часта выкарыстоўваем знак Скарыны — сонца з месяцам? Прычым дапасоўваем яго не толькі ўласна да постаці Першадрукара, але і да беларускага кнігадруку і пісьменнасці ўвогуле. Гэта, на вашу думку, прымальна?

— Гэта сведчыць за тое, што іншых няма. А чаму? Бо проста не шукаюць ды не распрацоўваюць.

— Ці няма небяспекі, што з часам ён проста надакучыць?

— Калі такі пазнавальны вобраз ёсць, адмаўляцца ад яго не варта. Яго трэба развіваць. Можна і далей працаваць з гэтым знакам. Захоўваць аснову, але рабіць розныя варыянты для розных кантэкстаў, спалучаць з рознымі формамі і такім чынам надаваць яму новы змест і сэнс. Пры гэтым карысна і нешта новае пашукаць. Іншая справа, што ў наш хуткаплынны і зменлівы час мастаку часам прасцей не паглыбляцца ў тэму, а браць тое, што на паверхні ляжыць. Зрэшты, ісці шляхам найменшага супраціву закладзена ў чалавечай натуры. Гэта толькі папраўдзе творчыя асобы свядома ўскладняюць сабе жыццё.

— А ці пракаціла б на кафедры графічнага дызайну нашай акадэміі такая тэма, як распрацоўка айдэнтыкі Дня роднага слова?

— Канешне, пракаціла б. Лічу, што распрацоўкі лагатыпаў важных для дзяржавы і нацыі падзей цалкам могуць быць праектнымі заданнямі на дызайнерскіх кафедрах. Праз некалькі дзён у нас пачынаецца новы семестр, і я ўжо прыкінуў, над аздобай якіх святаў, юбілеяў, імпрэз нацыянальнага маштабу маглі б працаваць нашы студэнты. Прычым можна сінхронна ствараць у адным стылі не толькі лагатыпы, але і, скажам, відэаролікі.

Дарэчы, нядаўна нашу акадэмію наведваў міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч. Ён сустракаўся з рэктарам і застаўся вельмі задаволеным работамі студэнтаў-дызайнераў і выказаў пажаданне, каб гэтыя распрацоўкі не пыліліся ў сховах ды архіве акадэміі, а ішлі ў народ. Так што будзем шчыраваць у гэтым напрамку.

/i/content/pi/cult/680/14972/2.JPG— Можа, хтосьці з дыпломнікаў узяўся б за “візуалізацыю” Дня роднай мовы літаральна зараз?

— Літаральна зараз — малаверагодна, але можна падумаць на перспектыву. Пагатоў, я маю магчымасць плённа працаваць з групамі, якім выкладаецца шрыфт і тыпаграфіка (а яны ёсць на розных курсах акадэміі). Магу даваць ім адпаведныя заданні. Лічу, распрацоўка тэм курсавых і дыпломных студэнцкіх работ — прамы абавязак выкладчыка

— А ці рэальна зрабіць для таго ж Дня роднай мовы лагатып такога ж узроўню, як, напрыклад, алімпійская эмблема?

— Нічога асаблівага ў той эмблеме няма. Але сто гадоў раскруткі — і мы ўжо не ўяўляем, што сімвал алімпійскага руху мог быць іншым. Калі стварыць добры лагатып свята і сур’ёзна ўзяцца за ягоны распаўсюд, з часам будзе тое самае. Людзі прымуць яго як дадзенасць, прызвычаюцца і будуць лічыць, што лепшага і не трэба.

Фота Сяргея ЖДАНОВІЧА

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"