Галерэя, як вядома, спецыялізуецца на камерных выставах. Прычым, часта прадастаўляе сваю плошчу для дэманстрацыі мастацтва эксперыментальнага ці экзатычнага для беларускага вока. Вось і творы Марата Гаджыева прыадкрываюць для нас свет дагестанскага народа, што не адно стагоддзе існуе на памежжы дзвюх сусветных рэлігій і розных этнакультурных абшараў, захоўваючы пры гэтым вернасць адвечным каштоўнасцям сваёй зямлі. У творах мастака адчуваецца і ўплыў старажытнай культуры Усходу, і еўрапейская мастацкая традыцыя. Малюнкі зроблены тушшу, іншы раз з даважкам пастэлі, на паперы ручной работы. У гэтай рукатворнасці, бадай, іх галоўная вартасць. На іх адпачывае вока пасля камп’ютарнай графікі. Але каб аб’ектыўна ацаніць мастацтва Марата Гаджыева, варта мець больш шырокае ўяўленне пра этнакультурны кантэкст, у якім яно нарадзілася. А гэта ўжо па-за межамі экспазіцыі.
“Гільдыя керамістаў” назвала сваю выставу “Між рукамі і полымем”. Ідэя стварэння аб’яднання належыць Святлане Цап, Алесе і Вадзіму Козічам. Удзельнікі “Гільдыі…” маюць розную адукацыю, але яе стрыжань складаюць выпускнікі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Работы, прадстаўленыя ў галерэі, можна трактаваць як вынік творчых пошукаў аўтараў з улікам рынкавых запытаў. Тут ёсць, бадай, усё, чым можна аздобіць жытло, надаць яму ўтульнасці — ад гліняных фігурак паненак у строях часоў, што з сённяшняга гледзішча вабяць рамантызмам, да арыгінальнага посуду і кампазіцый метафарычнага зместу.
Пра выставу Аляксандра Адамава скажу, што яна, так бы мовіць, на аматара і складаецца з інсталяцый і жывапісных кампазіцый з элементамі прадметнага калажу, якія дэманстратыўна вытыркаюцца з ілюзорнай прасторы. Хочацца верыць у шчырасць аўтара, у тое, што неахайнасць выканання і эскізнасць мыслення абумоўлены творчай канцэпцыяй. Але мне падаецца, што ў дадзеным выпадку прыёмы, запазычаныя ў “андэграўнду” 1980-х, а таксама пафасныя тэксты, што суправаджаюць згаданыя аб’екты, мусяць схаваць недахоп прафесіяналізму. Шэдэўр, зрэшты, можна зрабіць і са смецця, але не ўсялякае смецце варта цягнуць на выставу.
Пётра ВАСІЛЕЎСКІ /Фота аўтара і Паліны КАСМАЧОВАЙ