Навука не для невука

№ 4 (1339) 27.01.2018 - 02.02.2018 г

Ніводная сфера дзейнасці, калі яна хоча развівацца і працаваць на вынік, не можа абысціся без навуковага суправаджэння. 2017-ы, аб’яўлены Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Годам навукі, быў закліканы актывізаваць навуковую дзейнасць у краіне. Спадзяюся, што так яно і адбылося ў шматлікіх даследчых інстытутах і лабараторыях. А як быць установам культуры, дзе навуковая дзейнасць не з’яўляецца асноўнай?

/i/content/pi/cult/676/14904/DSCN1698-S.jpgУ штаце цэнтра няма ніводнага навуковага работніка ці чалавека з вучонай ступенню. Але… У адпаведнасці з Кодэксам аб культуры ў Рэспубліцы Беларусь “метадычным цэнтрам народнай творчасці (культурна-асветнай работы) з’яўляецца арганізацыя культуры або падраздзяленне юрыдычнай асобы, якія аказваюць метадычную дапамогу суб’ектам культурнай дзейнасці і праводзяць аналітычна-даследчую працу ў сферы культуры”. Адсюль можна вылучыць два асноўныя напрамкі навуковай дзейнасці абласных метадычных цэнтраў: дыягностыка-аналітычная работа і даследаванне, вывучэнне і фіксацыя мясцовых узораў традыцыйнага мастацтва і фальклору.

Дыягностыка-аналітычная праца дазваляе аказваць адрасную і своечасовую метадычную дапамогу клубным установам вобласці, якія мы курыруем. Так вызначаецца, што каму патрэбна і якімі аптымальнымі формамі гэта зрабіць. Штогод спецыялісты нашага цэнтра праводзяць маніторынг праблемных момантаў прафесійнай дзейнасці клубных работнікаў.

Найбольш важнымі аспектамі гэтай работы ў Год навукі стала правядзенне ва ўстановах раённых цэнтралізаваных клубных сістэм дыягностыкі якасці арганізацыі працы клубных фарміраванняў. Вынікам стала карэкціроўка іх спектра, перапрафіляванне з улікам інтарэсаў жыхароў і сучасных плыняў і кірункаў. Гэткім жа чынам прааналізавалі і якасць культурна-забаўляльных мерапрыемстваў. Выбарачны маніторынг клубных устаноў усходніх рэгіёнаў Магілёўшчыны (наведалі 44,8% клубных арганізацый сямі раёнаў) абнадзейваў: кожная ў роўнай ступені імкнецца спраецыраваць культурна-забаўляльныя мерапрыемствы на ўсе катэгорыі насельніцтва.

Аднак работнікі культуры не ў поўнай меры выкарыстоўваюць разнастайнасць формаў культурна-дасугавай дзейнасці, інфармавання насельніцтва аб сваіх паслугах. Выяўлена і тое, што клубнікі не надта актыўна асвятляюць сваю дзейнасць у СМІ.

Найбольш працаёмкая і змястоўная навуковая работа праводзіцца метадычнымі цэнтрамі для вырашэння задачы даследавання, вывучэння і фіксацыі мясцовых узораў традыцыйнага мастацтва і фальклору. Летась, да прыкладу, ладзілі фестываль фальклорнага мастацтва “Скарбніца Падняпроўя”. Раёны прэзентавалі святы з тэатралізаванымі паказамі абрадаў зімовага, веснавога, летняга і восеньскага цыклаў народнага календара. Пабочнаму назіральніку падаецца, што фестываль — самамэта. Не, гэта дэманстрацыя выніку даследчай работы!

У раёнах праводзілася работа па выяўленні лакальнага фальклорнага матэрыялу: песеннага, музычнага, вуснага. Гэта ў сваю чаргу дапамагло пашырыць рэпертуары аматарскіх вакальна-харавых калектываў. Адной з задач для раёнаў ставілася прыцягненне ў калектывы дзяцей, што і было прадэманстравана падчас правядзення выніковых святаў. У ходзе рэалізацыі праекта майстры дэкаратыўна-прыкладнай творчасці назапасілі шмат цікавых ідэй па вырабе дробнай сувенірнай прадукцыі.

Мы павінны актуалізаваць фальклорны матэрыял: перавесці яго ў сучасныя даступныя і зразумелыя формы да ўзроўню аднаўлення і функцыянавання. У прыватнасці, па выніках праекта выяўлены матэрыялы салдацкіх і рэкруцкіх песень. Спецыялісты цэнтра іх апрацавалі, правядуць работу па расшыфроўцы, а потым з’явіцца і метадычны дапаможнік для работы творчых калектываў.

Наш цэнтр з’яўляецца своеасаблівай лабараторыяй, дзе назапашваюцца ўласныя напрацоўкі і апрабацыі дадзеных, неабходных для працы клубных устаноў. Апошнім часам выдадзены шэраг зборнікаў практычных матэрыялаў для арганізацыі дзейнасці метадычных службаў, клубных фарміраванняў, якія папярэдне апрабавалі ў працы клубныя ўстановы.

Валянціна ВАЛЧКОВА,
начальнік аддзела Магілёўскага
абласнога цэнтра народнай творчасці
і культурна-асветнай работы