У падарожжа са штангенцыркулем

№ 3 (1338) 21.01.2018 - 30.01.2018 г

Хто і навошта робіць мініяцюрныя копіі архітэктурных помнікаў нашай краіны
Год таму ў Беларусі з’явіўся музей копій айчынных архітэктурных славутасцяў “Краіна міні”, які ў снежні Міністэрства спорту і турызму прызнала найлепшым стартапам мінулага года. У адным месцы сабраны макеты адметных будынкаў краіны, натхніўшыся якімі, хочацца выправіцца на экскурсію да арыгіналаў. Дакладныя мініяцюрныя копіі Лідскага замка, Брэсцкай крэпасці ды іншых знакамітых аб’ектаў захапляюць не толькі “партрэтным” падабенствам, але і аб’ёмам зробленай карпатлівай работы. Пра тэхнічныя ноу-хау і мастацкую кемлівасць распавёў “К” кіраўнік макетнай майстэрні Іnscale, што супрацоўнічае з музеем, Ілья КУЗЬМЕНКА.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ і з архіваў майстэрні

/i/content/pi/cult/675/14888/6.jpgМанатоннасць творчага імпэту

— Як правіла, у макетныя майстэрні прыходзяць па поклічы душы. На макетчыка нідзе не вучаць, прафесійныя навыкі вырастаюць часцей з хатняга захаплення. Хтосьці, адштурхоўваючыся ад дзіцячага хобі, набывае сумежную спецыяльнасць: архітэктара, праекціроўшчыка, дызайнера. У нашай майстэрні, якой па дакументах усяго паўгода, сабраліся аднадумцы, што ведаюць адзін аднаго на працягу гадоў шасці. Нас сем чалавек (напрыклад, над адкрыццём інтэрактыўнага музея “Гранд Макет Расія” ў Санкт-Пецярбургу працавала каля сотні спецыялістаў — Н.П.), але больш і не трэба, бо ў нашай сферы куды важней мець напарніка, на якога можна пакласціся, чым вялікую колькасць ненадзейных супрацоўнікаў. Многім падаецца, быццам макетаванне — адно творчая праца. У такіх апантаных часта наступае расчараванне, бо хутка высвятляецца шмат тэхнічных патрабаванняў, а сам працэс пачынае прыгнятаць манатоннасцю.

Пры вялікіх аб’ёмах і кароткіх тэрмінах работы можна скарыстацца і інструментамі аўтсорсінгу. Як кіраўнік разглядаю магчымасць задзейнічаць практыкантаў, студэнтаў Акадэміі мастацтваў, навучэнцаў архітэктурнага каледжа. Для іх ёсць неабмежаванае поле працы. Напрыклад чалавечкі, якіх на некаторых музейных макетах можа быць да тысячы. Скульптар адлівае ў сіліконавых формах постаці, што сядзяць ці стаяць. Пасля на фігурках неабходна “раскрыць” швы і надаць кожнай, як марыянетцы, пэўную позу. Прынамсі, у сюжэце вакол Мірскага замка выкарыстана 250 фігурак, 50 з якіх ляпіліся скульптарам уручную, каб дакладна пабудаваць мізансцэны. На нашым макеце адбываецца канцэрт, дык вось за прататып народнага калектыву быў узяты ансамбль "Бяседа". Усім чалавечкам трэба намаляваць прычоску, касцюм, некаторым — вочы, адметную міміку. Прыкмеціў, што з дадзенай працай лепш спраўляюцца дзяўчаты. Верагодна, даецца ў знакі жаночая цярплівасць і стараннасць.

Макеты для “Краіны міні” робяцца ў розным маштабе. Стандартны для музеяў памер 1:87 не заўсёды падыходзіць з-за абмежавання выставачнай прасторы, што мае музей (памяшканне ў сталічным Палацы культуры прафсаюзаў). Некаторыя аб’екты ў звыклым маштабаванні раскінуліся б амаль на тры метры, таму па кожным заданні даводзіцца змяняць лічбы: можам узвесці гістарычны будынак у памеры 1:156 ці 1:200. Уявіце, якога памеру на такім макеце фігуркі!

Фігуркі мяняюць уначы

— Кожны праект пачынаецца з сур’ёзнай працы па зборы дакументаў. Лягчэй рабіць сучасныя аб’екты: да іх шмат чарцяжоў, у свабодным доступе выкладзены здымкі з квадракопцера. Напрыклад, пры стварэнні копіі Вялікага тэатра Беларусі мы карысталіся матэрыяламі з дакументальных перадач, адкуль можна даведацца пра неабходныя нам тэхнічныя падрабязнасці.

Са старымі будынкамі не ўсё так адназначна. Некаторыя аб’екты мы вымушаны ўзводзіць па фотаздымках, бо чарцяжоў не захавалася. Даводзіцца звяртацца па дакументы ў бібліятэкі, шукаць калі не чарцяжы, дык тэкставыя дакументы, каб знайсці хаця б апісанне будынку і тэрыторыі побач з ім. Таксама імкнемся шчыльна супрацоўнічаць з айчыннымі музеямі, дасылаем ім запыты. Там заўжды з задавальненнем нам дапамагаюць, бо разумеюць: мы робім адну справу. Але і музейныя архівы не заўсёды даюць адказы на нашы пытанні. Па адным з праектаў, што знаходзіцца ў распрацоўцы, я звязваўся з польскімі знаўцамі.

У нас вельмі патрабавальныя наведвальнікі. Калі ўбачаць на макеце нейкія недарэчнасці, абавязкова адзначаць гэта ў кнізе водгукаў і прапаноў. Часам завітваюць даволі ўедлівыя гісторыкі. Калі заўвага да нас аргументавана, то мы хутка выпраўляем памылку. Была сітуацыя, калі на адным з макетаў тэрмінова мянялі фігуркі ўначы — знайшлі недарэчнасці ў дэталях рыцарскіх даспехаў.

Гаспадарчая губка для гістарычнай адпаведнасці

— На падрыхтоўку аднаго макета затрачваецца прыкладна паўтара месяцы. Над ім як мінімум завіхаюцца праекціроўшчык, мастак, электрык, дызайнер, зборшчык. Асноўнае патрабаванне да спецыялістаў: дакладнае веданне свайго матэрыялу. Галоўнае — менавіта архітэктурная праўдападобнасць.

Апошнія некалькі гадоў для спрашчэння працэсу многія карыстаюцца 3D-прынтарамі. Мы ж друкуем у аб’ёме толькі тады, калі ў пэўнага элемента макета няправільная форма (у гэтым выпадку чалавек не зможа ўручную бездакорна вымераць вуглы). Прынамсі, на 3D-прынтары друкавалі каркас вежаў і даху Мірскага замка. Пасля ж кладку з каменняў і цэглы прыклейвалі да сцен па каменьчыку і тынкавалі. Толькі так магчыма было стварыць фактуру сцен.

Мы укладваем у макет душу, склейваючы ўручную сотні фрагментаў. Прынамсі, Вялікі тэатр Беларусі збіраўся з пяці тысяч дэталяў! Макет аблытаны дратамі даўжынёй у 300 метраў — павуцінне электрыкі цягнецца ад кожнай лямпачкі, каб будынак “ажываў у начы”. Ад вока наведвальніка пад кожным макетам схаваны міні-камп’ютар.

Мы працуем з дробнымі формамі, таму станкі заказвалі пад сябе. Прынамсі, для вырэзвання тратуарнай пліткі, дэталяў дамкоў выбралі кампактны фрэзер з невялікай сталешніцай. Увогуле, інструменты збіралі з розных прафесійных галін. У нас у майстэрні можна ўбачыць будаўнічыя прылады, шматлікія медыцынскія прыборы: хірургічныя скальпелі, стаматалагічныя кусачкі і фрэзы для бормашыны, зубныя шчоткі і дробныя свердзелы. Шмат неабходнага знаходзілі на барахолках. Напрыклад, савецкі штангенцыркуль — найлепшы для нас вымяральны інструмент.

Частка матэрыялаў набываецца ў гатовым выглядзе, але ў Беларусі многага няма, бо мадэляванне ў нас не так папулярна, як у Еўропе. Таму за травой, агароджамі, пасыпкамі даводзіцца выпраўляцца ў Маскву. Раз-пораз выратоўвае кемлівасць нашых мастакоў: кроны яны робяць са звычайнай гаспадарчай губкі. Падрэзаць, спецыяльным чынам адшліфаваць — і не адрозніш ад фабрычнага матэрыялу. Ствалы дрэў могуць рабіць з натуральных галінак, апрацаваных ад паразітаў. Ім надаюць пэўную форму, пакрываюць лакам, а пасля мацуюць да іх лісце. Дарэчы, шыкоўна для макетаў падыходзіць падрыхтаваны пэўным чынам мох. Як гаворыць наш супрацоўнік Ігар Мінгазаў — вопытны макетчык, на рахунку якога перамогі на еўрапейскіх спаборніцтвах, мы карыстаемся спосабамі, якія добра вядомыя кінематаграфістам ва ўсім свеце, па гэткім жа прынцыпе ствараліся, прынамсі, класічныя “Зорныя войны”.

Прывід Сонечка і тэхнічныя ноу-хау

— Зразумела, глядзім, што новага з’яўляецца ў іншых макетных майстэрняў, каб ісці ў нагу з калегамі. Прынамсі, актыўна карыстаемся флакатарам — прыборам, які з дапамогай статычнай электрычнасці робіць так, каб кожная варсінка на макеце “глядзела на сонца”. З дапамогай электродаў “стрыжэм” газоны. За час існавання музея наша майстэрства вырасла, ужо бачым, што можна дадаць на існуючыя макеты. Прынамсі, у ваеннай сцэне ля Холмскіх варот Брэсцкай крэпасці хутка зможам задзейнічаць сапраўдны дым.

З Расіяй у нас аднолькавая макетная школа, але розныя падыходы. Так, мы вывучалі іх вопыт, але і яны, калі да нас прыедуць, нешта змогуць узяць сабе на заметку. Прынамсі, кожны з макетаў мы забяспечваем асобнай аперацыйнай сістэмай. Яна дазваляе нам нават задзейнічаць у інсталяцыі дробныя экранчыкі, на якія можна выводзіць відэашэраг. Для макета опернага тэатра распрацоўвалі адметны варыянт, як узнімаць адну са сцен будынка, каб паказаць рух унутры тэатра. Зараз модна рабіць інтэрактыўныя кнопкі, націснуўшы на якія, можна запусціць нейкае дзеянне на макеце.

Асаблівасць нашай працы яшчэ ў тым, што канцэпцыю кожнага макета мы ствараем, зыходзячы з праграмы экскурсіі. Часам дазваляем сабе крыху пасвавольнічаць: робім і не зусім навуковыя, але запамінальныя для наведвальнікаў рэчы. Спецыяльна для экскурсавода “пасялілі” ў наш макет Мірскага замка прывід Сонечку. Дух Соф'і Святаполк-Мірскай выкананы са спецыяльнага празрыстага пластыка і свеціцца знутры.

Нам хочацца не толькі зрабіць прыгожую мініяцюру, прадэманстраваць тэхнічныя магчымасці, але і дасягнуць іншай мэты: паказаць людзям, колькі ўсяго цікавага існуе ў Беларусі. Можна не ехаць у замежныя замкі — усё ёсць дома. Дзякуючы бязвізаваму рэжыму ўзрасла турыстычная плынь. Для вандроўнікаў нашы макеты — запамінальная і натхняльная турыстычная карта краіны.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"