“…Лізавета” не адна

№ 2 (1336) 13.01.2018 - 23.01.2018 г

Гомельскі гарадскі маладзёжны тэатр, падобна на тое, зноў узяў курс на слова “ўпершыню”: чарговай прэм’ерай там стала трагікамедыя “Адна Лізавета...”, пастаўленая паводле п’есы Дарыа Фо. Творчасць гэтага сучаснага італьянскага драматурга, лаўрэата Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры ўпершыню знайшла ўвасабленне на беларускай сцэне.

/i/content/pi/cult/674/14869/j2lLSFF5CPg_opt.jpegЦікава і тое, што ідэя паставіць менавіта гэты драматургічны матэрыял належала адной з вядучых актрыс тэатра — Наталлі Голубевай, якая рыхтавалася да свайго юбілею. Кіраўніцтва тэатра падтрымала прапанову. Быў запрошаны малады брэсцкі рэжысёр Дзяніс Фёдараў, удзельнік многіх замежных лабараторый, вядомы сваімі зваротамі (і ў форме паўнавартасных спектакляў, і ў форме чытак) да найноўшых беларускіх п’ес, часам нетрадыцыйных па форме. Той працаваў са сваім “правераным” мастаком — Паўлам Варашко, здольным да “ўлётных” фантазій. Прэм’ера адбылася акурат у дзень народзінаў Наталлі Голубевай і суправаджалася віншаваннямі ды іншымі ўрачыстасцямі ў гонар юбіляркі.

Актрысу можна зразумець: адчуць сябе сапраўднай каралевай — мара кожнай жанчыны. Да таго ж, тут патрабавалася перадаць не адно прыдворныя манеры шэкспіраўскай эпохі, а ўсю складанасць, неадназначнасць, супярэчлівасць вобразу “кіраўніцы”. З уладарства Лізавета (тая самая, што пакарала Марыю Сцюарт, абезгалоўлены прывід якой цяпер пераследуе яе) кідаецца то ў жаночыя капрызы ды істэрыку, то ў пакорлівую паслухмянасць. Рызыкуе здароўем, каб адсунуць старасць, застаючыся маладой ды прывабнай. Чым не бенефісная роля, што спалучае ў сабе некалькі кантрасных? Такая гераіня можа быць спасылкай не толькі да гісторыі Цюдораў (у рэшце рэшт, што нам да іх?), але і на нашу сучаснасць, дзе хапае самадастатковых, дзелавых, але самотных, пасталелых жанчын, няшчасных у асабістым жыцці. Дарэчы, такія глядачкі, паводле сацыялагічных даследаванняў, нярэдка наведваюць тэатр. А гэта ўжо “прыманка” для публікі.

/i/content/pi/cult/674/14869/plrRfI0ii2o_opt.jpegАле як сцэнічна ўвасобіць п’есу, дзе пераважвае постмадэрнісцкая гульня з добра вядомымі ў Заходняй Еўропе гістарычнымі фактамі, італьянскімі словамі? У рускамоўным перакладзе ўсё гэта хіба павінна тлумачыцца, бо аналагі знайсці цяжкавата. Таму ў пастаноўцы амаль зніклі частыя тэкставыя паралелі з Шэкспірам, віртуальныя спрэчкі з вялікім англійскім драматургам. Стаўка была справядліва зроблена на візуальныя эфекты, нечаканую сцэнаграфію — у тым ліку і на працяг некаторых тэатральных традыцый часоў Рэнесансу (ігра жаночай ролі Данаццы — хлопцам, зварот да тагачасных музычна-шумавых клішэ).

Працаваць з незвычайнай паводле абрысаў сцэнічнай прасторай Гомельскага маладзёжнага — складана. Але ў “Лізавеце…” былі знойдзены некалькі “фішак”, што рабілі няправільнасці натуральнымі. Гэта эфект ажыўлення гурбы зваленых на падлогу падушак, адкуль з’яўляюцца некаторыя дзеючыя асобы. Ператварэнне люстэрка ў кутку — у гільяціну. Вялізны драўляны конь “з сакрэтам” — накшталт траянскага. Шматлікія іншыя прыстасаванні з прэтэнзіяй на сярэднявечныя прылады катаванняў. Не спрацоўвае хіба “асіны рой”, што месціцца ў вялізным, надзьмутым праз усю сцэну “прэзерватыве”. Але сачыць за жыццём рэчаў часам цікавей, чым уласна за героямі. Бо апошнія знаходзяцца дзесьці на ростанях між псіхалагічным тэатрам і тэатрам прадстаўлення — пры тым, што ў п’есе відавочны сыходы і ў тэатр абсурду, і ў філасофскую прытчу. У спектаклі ж выкладаецца супрацьстаўленне папраўдзе каралеўскай постаці Марты (Ірына Чарняўская) — гэткага шэрага кардынала, які марыць заняць трон, і зусім не велічнай — Лізаветы. Іх дуэт нагадвае то ўзаемаадносіны нянькі з неўраўнаважаным, пакрыўджаным дзіцём-падлеткам, то канфрантацыю “сябровак”, дзе кожная зайздросціць, толькі па-свойму.

У пастцы апынаецца не цэнтральная гераіня, якая заўжды атрымае сваю порцыю апладысментаў, а рэжысёр. Бо на адным баку — дзіўнаватая п’еса, якую невядома як ставіць і іграць, каб папраўдзе актуалізаваць яе для цяперашняй публікі. На другім — артысты, якія ўпэўнены, што ведаюць, чым спакусіць гледача. А паміж імі — рэжысёр з імкненнем прыстасаваць сваю канцэпцыю.

Перамагае іншая канцэпцыя — развіцця ўсяго тэатра ў пасляюбілейны (увосень Гомельскаму маладзёжнаму споўнілася 25 гадоў) час. Калектыў упэўнена вырульвае да новых берагоў, адкрываючы гледачу сур’ёзную сучасную драматургію. Плён заўважны: ранейшая прэм’ера — “Метад” у пастаноўцы Віталя Краўчанкі (гл. “К” № 28 за 2017 г.) — увайшла ў праграму ХІІІ Міжнароднага маладзёжнага тэатральнага форуму “М.@rt.кантакт”, што адбудзецца ўвесну ў Магілёве.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"