Паштоўка на шчасце

№ 52 (1335) 30.12.2017 - 31.01.2017 г

У дзяцінстве мне было вельмі прыемна атрымліваць навагоднія паштоўкі ад цёці з Амерыкі — яны заўсёды былі такімі прыгожымі, што я хавала іх у вялікія кнігі, каб выпадкова не пакамечыць. Цяпер жа, здаецца, усе дасылаюць электронныя віншаванні праз Facebook ці Viber. Або амаль усе, бо нехта перад святамі карпее ў сваіх студыях, друкуючы адмысловыя паштоўкі — PF. Для кагосьці гэта проста дзве літары, а для кагосьці — асобны від мастацтва. Спецыяльна для “К” напярэдадні Новага года фатограф Аляксей Ільін пашукаў у сваім архіве самыя цікавыя PF-віншаванні, якія рабіў сам ці атрымаў у падарунак.

/i/content/pi/cult/672/14848/14_opt.jpegТрадыцыя абменьвацца перад Новым годам фотапаштоўкамі сфарміравалася прыкладна ў 1930-я гады ва Усходняй Еўропе. Гэта былі святочныя здымкі-віншаванні на паперы невялікага фармату, на якіх аўтары абавязкова пазначалі год, ставілі свой подпіс і дадавалі дзве літары PF. З французскай мовы абрэвіятура расшыфроўваецца як Pour Feliciter — “каб павіншаваць”, а з італьянскай як Po Felicita — “на шчасце”. Такімі карткамі абменьваліся па пошце ці проста перадавалі іх з рук у рукі. Крыху пазней пра PF сталі пісаць часопісы “Ревю Фотография” і Ceskoslovenska Fotografie, дзе ў снежаньскіх нумарах звычайна друкаваліся паштоўкі, якія дасылалі ў рэдакцыю аматары фатаграфіі.

У Мінск гэтая традыцыя прыйшла ў пачатку 1980-х гадоў дзякуючы ініцыятыве слайдклубу “Спектр”, які месціўся ў будынку Палаца прафсаюзаў. Сярод удзельнікаў аб’яднання быў і Аляксей Ільін, які разам са сваімі сябрамі ў часопісе Ceskoslovenska Fotografie знайшоў артыкул, прысвечаны PF. Тэкст з чэшскай пераклалі на рускую мову, і ён пайшоў у народ. Як потым і сама з’ява.

— На паштоўцы павінна быць выява, зробленая менавіта вамі, паколькі яна — візітная картка фатографа за мінулы год, — тлумачыць Аляксей. — Вы можаце надрукаваць свой здымак, які лічыце найлепшым, пейзаж ці аўтапартрэт — у жанравым плане няма ніякіх абмежаванняў. Лепей, канешне, ніколі не паўтарацца.

Стыль паслання аўтар фарміруе сам. Ён сам выбірае, якім шрыфтам карыстацца і якой павінна быць рамка паштоўкі. Такі сінтэз фатаграфіі і дызайну набліжае PF да жанру фатаграфічнай мініяцюры.

Разам з Аляксеем Ільіным мы пераглядзелі яго PF-калекцыю і ўбачылі, як віншавалі адзін аднаго беларускія фатографы і пяць, і трыццаць гадоў таму.

/i/content/pi/cult/672/14848/1_opt.jpeg1. Гэты здымак зроблены ў Кіеве маноклем, потым адбітак быў таніраваны ў тон сепіі. З Кіевам у мяне звязаныя самыя цёплыя ўспаміны — туды я ездзіў да свайго лепшага сябра Сяргея Сяргеевіча Сяргеева. Пакуль жыў у яго, кожны дзень шпацыраваў па вуліцах горада, фатаграфаваў. Таніраванне надае здымку сонечнасці. Я ўвогуле супраць цёмна-карычневых адценняў, звычайна выкарыстоўваю разбаўленыя фарбавальнікі, каб атрымаць лёгкае адценне ад светла-жоўтай гамы да залацістай ці светла-карычневай.

/i/content/pi/cult/672/14848/2_opt.jpeg2. Падарунак ад фатографа Аляксея Паўлюця. Мне вельмі падабаецца гэта PF-ка! Ёсць такі выраз “Блюз — гэта калі добраму чалавеку крышачку дрэнна”. Вось тут мы бачым фатаграфічны блюз: лёгкі сум па годзе, які завяршаецца, і ў той жа час светлы водбліск свечак. Тут няма ніякага цяжару — і гэта цудоўна.

 

/i/content/pi/cult/672/14848/3_opt.jpeg3. Здымак зроблены панарамнай пінхол-камерай (самаробнай стужкавай камерай з маленькай дзірачкай у корпусе — “К”). З аднаго боку, гэта дэманстрацыя тэхнікі, якой я займаюся (Аляксей заснавальнік мінскага клуба аматараў пінхол-фатаграфіі — “К”), а з іншага — пажаданне ўсім знайсці сваё мора. Фота з маленькага гарадка Арджанікідзэ ў Крыме.

/i/content/pi/cult/672/14848/4_opt.jpeg4. Паколькі ялінка экспаніравалася з вялікім недахопам вытрымкі, гэта адзіны здымак, які атрымаўся на стужцы, зараджанай у запалкавую скрынку, — расказвае Аляксей. — Фатаграфія выйшла настолькі добрай, што адразу пайшла на PF-ку! Увогуле пінхол і манокль часта выкарыстоўваюць для паштовак, бо гэтыя тэхнікі даюць магчымасць разгуляцца фантазіі.

/i/content/pi/cult/672/14848/5_opt.jpeg5. Гэта PF маёй сяброўкі Алісы, якая вельмі любіць Адэсу, таму ездзіць туды ў розны час і прывозіць адтуль шмат здымкаў мора. На фота адлюстравана хутчэй не пажаданне, а эмоцыя, паэтычны настрой, вернасць мору.

/i/content/pi/cult/672/14848/6_opt.jpeg6. Паштоўка зроблена ў тэхніцы мантажу, калі з негатыва друкуецца пазітыў, а потым з яго зноў негатыў, на якім тушшу замалёўваюцца сілуэты сяброў. Потым з негатыва кантактным спосабам яшчэ раз друкуецца пазітыў — і мы бачым вынік. Вось такая аўтарская тэхналогія.

/i/content/pi/cult/672/14848/7_opt.jpeg7. Анічкаў мост, Санкт-Пецярбург — конь у кані да Году каня! Лічбавы мантаж, зроблены ў графічным рэдактары. Увогуле, ёсць шмат PF-ак са здымкамі жывёл, якім быў прысвечаны год — гэта можа быць і вельмі простая сюжэтная фатаграфія, і нешта абстрактнае.

/i/content/pi/cult/672/14848/8_opt.jpeg8. У PF няма межаў, і ў гэтым ёсць вялікі плюс — ты можаш рабіць усё, што захочаш, ці проста жартаваць. Як, напрыклад, на паштоўцы, дзе ўсім задаволеная істота спіць адкінуўшы лапы. Добрае пажаданне паўнавартаснасці падарожжаў!

Аўтар: Ганна ШАРКО
карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"