Напэўна, такой логікай кіравалася секцыя графікі Беларускага саюза мастакоў, плануючы выставу-конкурс “Графіка года”. Ад пачатку меркавалася, што выстава будзе некамерцыйным праектам, што разлічаная яна не на шырокую грамаду, а найперш на прафесіяналаў, для якіх важна менавіта ў сваім коле акрэсліць творчыя прыярытэты і вызначыць найбольш перспектыўныя кірункі ў тэхналогіі. Урэшце, зразумець, “хто ў хаце гаспадар”.
Мне неаднойчы даводзілася пераконвацца: нават больш-менш дасведчаныя заўзятары мастацтва і мастакі-прафесіяналы адну і тую ж з’яву могуць бачыць у зусім розным святле. Тое, што мастак лічыць творчым прарывам, выйсцем за межы выяўленчых і сэнсавых стэрэатыпаў, для публікі будзе праявай заняпаду, дэградацыі, разбурэннем каштоўнаснай шкалы. І наадварот.
На гэтай выставе быў прадстаўлены бадай увесь спектр тэхналогій, даступных беларускаму графіку. І што, магчыма, важней — ментальны і вобразны шэраг, цікавы для творчай моладзі. Інакш кажучы, на “Графіцы года” была магчымасць убачыць бліжэйшую будучыню. Звычайна яна надараецца толькі на абаронах дыпломаў у БДАМ. Мне, як чалавеку, чые густы і эстэтычныя прыярытэты сфармаваліся ў часе, калі крытэрыем якасці ў мастацтве лічыліся адпаведнасць традыцыі і грамадскі змест твора, цяжка прызвычаіцца да таго, што сёння ў мастацтве пануе суб’ектывізм і рэфлексія. Але, мабыць, гэта трэба прымаць як знак часу, як рэчаіснасць, з якой належыць лічыцца.
Конкурс меў дзве намінацыі — “Арыгінальная графіка” і “Друкаваная графіка”. Журы складалі асобы, вядомыя сваёй прыхільнасцю да інавацый у мастацтве і выразна выяўленым пачуццём сучаснасці. Тое, што гэтыя адмыслоўцы палічылі вартым узнагароды, аб’ектыўна з’яўляецца трэндам.
Мне тут згадалася выслоўе “Новае — гэта добра забытае старое”. Уганараваныя работы выклікалі ў памяці 1970-я гады, калі ў Мінск прывезлі сучасную для той пары графіку ЗША. Потым аналагічныя матывы і вобразны лад я сустракаў у работах графікаў рэспублік Прыбалтыкі. Яшчэ пазней нешта падобнае я бачыў на выставах сучаснай нямецкай графікі. Як падаецца, да нас гэта хваля дакацілася толькі цяпер… Да таго ж, у друкаванай графіцы адчуваецца моцны ўплыў стылістыкі графічнага дызайну. Магчыма, выкарыстанне аднолькавых тэхналогій прымушае творцаў розных спецыялізацый і думаць аднолькава?
Праўда, прымаю як добры знак тое, што сярод адзначаных твораў ёсць і якасны рэалістычны малюнак звыклым алоўкам. Гэткае рэтра на тле лічбавых тэхналогій.
У маіх меркаваннях няма ні каліва іроніі. Мастакі прадставілі найлепшае, на што яны здольныя, і журы працавала па “гамбургскім рахунку”, не зважаючы на пануючыя ў грамадстве эстэтычныя стэрэатыпы. Уганараваныя творцы сапраўды маюць якасці лідараў. Яны шчыра вераць у тое, што робяць, а іх творчасць адлюстроўвае магчымую версію заўтрашняга дня беларускай графічнай школы. Праўда, я не магу пазбавіцца пачуцця, што гэтае заўтра ўчора ўжо было.