Экзамен на чалавечнасць

№ 50 (1333) 17.12.2017 - 25.12.2017 г

Перада мною стаіць дзяўчына. Яна прыкладвае рукі да жывата, потым да твару, складвае іх на плячах, працягвае насустрач. Затым паўтарае свае рухі. Праз хвіліну я не магу не адказаць на яе заклік — мы абдымаемся. Артысты, задзейнічаныя ў дзеі — маладыя людзі, удзельнікі арт-праекта face art — face future, які суправаджаў выставу знаных германскіх мастакоў. Харэограф — Вольга Скварцова. Заключны дзень выставы Эрнста Барлаха і Кэтэ Кольвіц “Пераадольваючы існаванне” ў Нацыянальным мастацкім музеі маляўніча прадэманстраваў, што такое фінісаж, чаму ён можа быць не менш важным за адкрыццё, і якую ролю здатны выканаць медыятар — пасрэднік паміж мастаком і аўдыторыяй.

/i/content/pi/cult/670/14811/50-kultura-8-9-copy-S.jpg

Другі бок медаля

Адмысловая камунікатыўная праграма для моладзі, якая ўключае навучанне арт-медыяцыі і стварэнне відэапраектаў, распачалася яшчэ на пачатку кастрычніка, калі ў Мінск прыехала выстава выбітных германскіх экспрэсіяністаў першай паловы ХХ стагоддзя. Арганізатары выставы з Таварыства Эрнста Барлаха (Гамбург) да экспазіцыйнай часткі далучылі праект інтэракцыі, у рамках якога ўсім ахвотным прапаноўвалася ўключыцца ў тэматычны кантэкст з дапамогай розных актыўнасцяў.

Першая група маладых людзей навучалася відэаарту. Другая — пад куратарствам супрацоўнікаў музея брала на сябе ролю гідаў па выставе. Кульмінацыяй іх уключэння ў сэнсавую прастору мастакоў стаў перформанс, натхнёны пластыкай Барлаха і Кольвіц.

— Мы выкарыстоўвалі позы і рухі, выяўленыя ў іх творах, — распавядае Каміла Аруцюнян — тая самая дзяўчына, што абняла мяне падчас перформансу. — Кожны з удзельнікаў праграмы павінен быў прапанаваць тую гісторыю, персанажа, які найбольш яго зачапіў. У маім выпадку гэта была маці, якая трымае ў абдымках забітае дзіця, — Каміла падводзіць мяне да вядомай працы Кэтэ Кольвіц “Жанчына з мёртвым дзіцём”. — Я абрала яе рух.

На працягу пяці субот валанцёры вывучалі творчасць мастакоў. Сярод удзельнікаў праграмы — пераважна студэнты творчых ВНУ, але ёсць і юрысты, і праграмісты. Каміла, якая навучаецца кампаратыўнаму мастацтвазнаўству ва Універсітэце культуры і мастацтваў, прызналася мне, што досвед судакранання са спадчынай Барлах-Кольвіц дазволіў ёй на многія рэчы паглядзець іншымі вачыма.

— Не будзем крывіць душой, у нашым грамадстве ёсць яшчэ перадузятасць да Германіі, — кажа дзяўчына. — Прычына зразумелая — перажытае намі падчас апошняй вайны цяжка забываецца. Аднак, дзякуючы занурэнню ў мастацтва Барлаха і Кольвіц, я ўбачыла іншы бок медаля: народ, на долю якога таксама выпала шмат выпрабаванняў.
Бацькоў, якія адпраўлялі сваіх сыноў на Першую сусветную — і гублялі іх.

/i/content/pi/cult/670/14811/50-kultura-8-9-S.jpgпогляд маладых

Зараз выстава “Эрнст Барлах — Кэтэ Кольвіц. Пераадольваючы існаванне” едзе ў Санкт-Пецярбург у Дзяржаўны Рускі музей; праз пэўны час яна будзе прадстаўленая ў Кіеве, у Нацыянальным мастацкім музеі Украіны. Адпаведныя арт-праекты, якія яе суправаджаюць, плануюцца і ў суседніх краінах. Вынікам “турнэ” мусіць стаць сумесная выстава-водгук удзельнікаў праграмы суправаджэння, якая будзе дэманстравацца ў Германіі.

— Пакуль яшчэ рана казаць пра фармат будучага мерапрыемства, — кажа навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі і трэнер групы медыятараў Сафія Садоўская. — Але, мяркую, наш перформанс мог бы стаць яго істотнай часткай. Гэта вельмі каштоўна, калі маладое пакаленне далучаецца да тых хваравітых пытанняў чалавечага існавання, якія закранаюць Барлах і Кольвіц у сваёй творчасці, і дае ім сваю інтэрпрэтацыю.

наладзіць кантакт

Што бачаць сучаснікі ў вобразах вядомых экспрэсіяністаў, творчасць якіх была адрынута ды забаронена ў нацысцкай Германіі?

— Гэта тыя праблемы, якія актуальныя і сёння: войны, сацыяльная несправядлівасць, знявага жанчын, — распавядае Сафія Садоўская. — Нягледзячы на экстэнсіўнае развіццё нашага грамадства, лічбавую рэвалюцыю, чалавецтва па-ранейшаму не пазбавіліся ад беднасці, гвалту, канфліктаў. Мы карыстаемся гаджатамі, а ў гэты час побач з намі жывуць людзі, якія галадаюць.

Медыятары раздавалі наведвальнікам выставы паперкі з выказваннямі рэальных герояў публікацый СМІ, якія сутыкаюцца з рознымі праблемамі ў сваім жыцці — адаптацыі, несправядлівасці ды проста выжывання.

— Мы прапаноўвалі гледачам адшукаць у творах мастакоў таго персанажа, якому, на іх думку, маглі б належаць абраныя словы, — распавядае супрацоўніца музея. — І наведвальнікі заўжды знаходзілі таго героя.

На жаль, сённяшні глядач прызвычаіўся “чытаць” творы мастацтва як стужку ў сацыяльных сетках — хутка прабягаючы позіркам. Яго цяжка зачапіць, заахвоціць углядзецца.

— Тут і дапамагае інтэракцыя, — каментуе работу куратара і медыятараў Сафія Садоўская. — Калі стварыць належны кантэкст, глядач мяняе сваё стаўленне. Ён пачынае эмацыйна падключацца да працэсу. Тым больш такі падыход неабходны на падобнай выставе, якая працуе са складанымі тэмамі. Многія людзі казалі, што ім цяжка і балюча ўспрымаць пэўныя творы, асабліва гэта датычыцца работ Кэтэ Кольвіц. Медыятар у такім выпадку дапамагае гледачу збалансаваць свае ўражанні.

Трагізм Кольвіц і перамога духа Барлаха

І сапраўды, варта толькі кінуць позірк на творы вядомай германскай аўтаркі, каб пераканацца — яна мела неверагодны талент спачування і мастацкай выразнасці. Стаўшы сведкай узрушанняў пачатку ХХ стагоддзя, Кольвіц засяродзіла ўвагу на адлюстраванні ўмоваў жыцця і пакутаў простага чалавека — пралетарыя. У першую чаргу — жанчын, якія становяцца галоўнымі ахвярамі несправядлівасці свету. Яе графічныя цыклы
“Паўстанне ткачоў” і “Сялянская вайна” — гэта працы шакавальнай, бязлітаснай экспрэсіі, у якіх пакуты паказаныя ў “полымі” адчаю. Занядбаныя памяшканні, цёмныя сутарэнні, у якіх жывуць сяляне і рабочыя, — там пануе галеча і смерць… Людскія масы, якія ўзрываюць, рассякаюць прастору ў бунце, цёмныя ўпадзіны вачэй паўстанцаў — гэта рух не за свабоду, гэта крык адчаю і спусташэння.

Яшчэ на пачатку Першай сусветнай вайны мастачка ўгаварыла мужа адпусціць іх сына Пэтэра ў войска. І ў пэўным сэнсе яе графічная праца, напісаная да ракавых падзей у 1903 годзе, стала прароцтвам — юнак, якому не споўнілася і 18 гадоў, загінуў праз некалькі тыдняў па прыбыцці на фронт. Гэта трагедыя перавярнула жыццё Кольвіц — мастачка мяняе стаўленне да вайны і заклікае суайчыннікаў спыніць забойства. “Не дайце перамалоць пасевы!” — цытуе яна Гётэ ў лісце да пісьменніка Рыхарда Дамеля.

Сваё пасланне страты і пакаяння мастачка ўвасабляе ў серыі драўляных гравюр “Вайна”. Кульмінацыяй яе роздуму на гэтую тэму становіцца скульптура “Маці з мёртвым сынам (п’ета)”, якую Кольвіц стварае ўжо праз значны тэрмін — у 23-ю гадавіну забойства сына. Скульптура ўвасабляе жанчыну, якая трымае на руках забітае дзіця. Яе постаць выяўляе не толькі смутак, вялікае гора, але і адчуванне ўласнай віны, саўдзелу ў забойстве. Нечаканы ў сваім пасланні твор уражвае выразнасцю выканання і смеласцю ідэі. Невыпадкова па ініцыятыве канцлера Гельмута Коля павялічаная копія скульптуры ў 1993 годзе стала цэнтральным аб’ектам галоўнага антываеннага мемарыяла Германіі “Ное Вахэ” ў Берліне.

Трагізм і жорсткасць прац Кэтэ Кольвіц ураўнаважваюць творы Эрнста Барлаха. Сімпатыі майстра — таксама на баку пралетарыяў, аднак, фіксуючы ў сваіх ранніх працах забойства і гвалт у рэалістычным стылі, з часам ён сыходзіць у сімвалізм і больш узнёслую манеру адлюстравання жыцця простых людзей. Мастак вызваляе сваіх герояў ад путаў зямнога жыцця, узнімаючы іх над абставінамі. Яго асаблівыя ўлюбёнцы — жабракі — тыя бесклапотныя летуценнікі, нахабныя просьбіты, якія маюць пачуццё ўласнай годнасці і пэўнае грэбаванне дабрабытам і пашанай, святыя. Гэта людзі даіндустрыяльнага свету, бадзягі, якія сябруюць з Богам.

Цікава, што сваё бачанне і почырк Эрнст Барлах сфарміраваў падчас
падарожжа ў Расію ў 1906 годзе. Ён выявіў той просты люд, з якім яму давялося сустрэцца на прасторах Расіі, у нечаканай форме парцалянавых статуэтак. Простыя, грубаватыя фігуры людзей у высакародным матэрыяле атрымоўваюць новы кантэкст. Іх неўладкаванасць, закінутасць, беднасць паўстае ў новай якасці — яны вольныя ад зямных дабротаў, бо імі кіруе жывы дух. Дэманструючы сваю перавагу над бессэнсоўным і страшным светам.

Адна з самых знакамітых работ Эрнста Барлаха — “Анёл сабора Гюстраў” 1927 года — прысвечаная пакутам маці, якія страцілі дзяцей у гады Першай сусветнай вайны. Анёл з заплюшчанымі вачыма і са скрыжаванымі рукамі на грудзях завіс у паветры — уся яго сутнасць напоўненая ўнутраным адчуваннем страты. Рысы анёла падобныя на твар Кэтэ Кольвіц, якую Барлах глыбока шанаваў.

У 1937 годзе, у часы праўлення нацыстаў, “Анёл сабора Гюстраў” Эрнста Барлаха быў канфіскаваны з храма і пераплаўлены на зброю. Сёння, адноўлены паводле гіпсавага злепка, ён падарожнічае па выставах і маўкліва заклікае іх наведвальнікаў да міру і супакою ва ўсіх яго праявах. Я ўглядаюся ў яго твар, і думаю, наколькі важна для нас яго бачыць.

Фота з сайта faceart-facefuture.com і аўтара

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"