Work in progress беларускага кіно

№ 50 (1333) 17.12.2017 - 25.12.2017 г

Дзень беларускага кіно — добрая нагода не толькі для таго, каб зірнуць у мінулае нацыянальнага кінематографа, але і каб абмеркаваць яго цяпершчыну, праверыць на трываласць кіно сённяшняга дня. Напярэдадні 17 снежня паспрабуем вызначыць галоўныя падзеі і працэсы беларускага кіно ў 2017 годзе.

/i/content/pi/cult/670/14810/4.jpgЗавяршэнне рэканструкцыі  кінастудыі “Беларусьфільм”

Новы вытворчы комплекс з двума павільёнамі па 100 квадратных метраў кожны, адноўлены гістарычны будынак, сучаснае абсталяванне студый. Дзесяцігадовая рэканструкцыя нацыянальнай кінакампаніі ў лістападзе, нарэшце, завяршылася. Абапіраючыся на сённяшнія магутнасці, яна можа вырабляць да 15 ігравых карцін штогод. Плануецца аднаўленне рэдакцыйнага аддзела, стварэнне спецыяльнага аб’яднання маладых майстроў кіно сумесна з Беларускім саюзам кінематаграфістаў. Адпаведна, гаворка ідзе і пра разуменне праблемы творчага складніку, які трэба паляпшаць.

Нагадаю, што менавіта сёлета на студыю вярнуўся працаваць у якасці яе мастацкага кіраўніка рэжысёр, заслужаны дзеяч мастацтваў БССР, знаны педагог Вячаслаў Нікіфараў, а аддзел маркетынгу, рэалізацыі і рэкламы прадпрыемства ўзначаліў экс-дырэктар “Белвідэацэнтра” Юрый Ігруша. Гэта істотныя кадравыя прызначэнні. Як вынік, запусціўся з праектам Дзяніс Скварцоў (“Не гульня”), плануецца прыцягненне да супрацы вядомага беларускага кінематаграфіста Валерыя Рыбарава.

Можна сказаць, што гэты год стаў для кінастудыі пераломным: перабудова скончылася, з’явіўся спадзеў на новыя тэмы і новы ўзровень якасці. Літаральна днямі стала вядома пра прызначэнне на пасаду кіраўніка сцэнарна-рэдакцыйнага аддзела “Беларусьфільма” кінакрытыка Антона Сідарэнкі. Калі кінастудыя і дзяржава ўкладзецца ў людзей гэтаксама, як у сцены і абсталяванне, хочацца верыць, беларускае кіно распачне новы этап.

“Бум” фестываляў

Пераканаўчым сведчаннем актыўнага фарміравання кінаасяродку з’яўляецца ўсё большая колькасць невялікіх кінафестываляў. Да ўжо традыцыйных фестываляў кароткаметражнага кіно Cinema Perpetuum Mobile, дакументальнага кіно аб правах чалавека Watch Docs, мабільнага кіно velcom Cinema, скандынаўскага кіно “Паўночнае ззянне”, а таксама праекта “Кінемо”, які прадстаўляе шэдэўры нямога кінематографа і музыку беларускіх кампазітараў, далучыўся цэлы шэраг самых розных ініцыятыў. Фестываль экалагічнага кіно “Планетарыум”, праект “Сваё кіно”, “Нефільтраванае кіно”, якое сёлета да прагляду кароткага метра дадала адпаведны міжнародны конкурс. Актыўна ладзіць паказы Kinosmena, з’явіўся і фестываль кароткаметражных трылераў Corn Short Film Festival.

Без сумневу, такому асартыменту можна толькі парадавацца, бо падобныя ініцыятывы спрыяюць росту цікавасці да кіно самага рознага кшталту. Што асабліва важна — глядач знаёміцца з працамі беларускіх рэжысёраў у міжнародным кантэксце і, адпаведна, можа параўноўваць. Таксама фестывалі ў нашых умовах — гэта, бадай, адзіны канал дэманстрацыі айчынных стужак незалежнай вытворчасці. Нягледзячы на пэўныя зрухі ў стаўленні кінапракатчыкаў да фільмаў беларускіх рэжысёраў — раз-пораз карціны маладых аўтараў такі дэманструюцца ў кінатэатрах — казаць пра кардынальную змену сітуацыі пакуль не даводзіцца.

Выхад маладых кінематаграфістаў на міжнародныя пляцоўкі

Наўмысна пакінула кінафестываль “Лістапад” па-за дужкамі ў папярэднім пункце, бо значным яго дасягненнем — акрамя, безумоўна, выбітнай праграмы — лічу дапамогу айчынным маладым кінематаграфістам у прасоўванні свайго кіно за мяжой. Гаворка пра Індустрыяльную платформу — праект мінскага форума, які курыруе Лізавета Бобрыкава. Плён яго працы можна было бачыць сёлета на Вільнюскім міжнародным кінафестывалі Kino Pavasaris. Пяцёра маладых дакументалістаў, прайшоўшы трэнінгі запрошанай “Лістападам” ініцыятывы B2B Doc, выдатна выступілі на індустрыяльнай праграме форума.

Наступным значным поспехам беларускіх аўтараў стала ацэнка сцэнарыя “Саламонава гара” на прэстыжнай кінаплатформе ScripTeast — адной з найвядомых лабараторый Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Беларусы ўпершыню прымалі ў ёй удзел, і тое, што Мікалай Лаўрынюк і Сяргей Каласоўскі былі там адзначаны, сведчыць пра вялікі патэнцыял іх працы.

Вялікую праграму беларускага кіно паказалі на Міжнародным кінафестывалі краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы ў Котбусе. Каманда айчынных аўтараў прыняла ўдзел у адмысловым Film Spring Workshop Programme у Польшчы. Радуюць і асабістыя высілкі па прасоўванні ўласных стужак на буйныя кінафестывалі — Настассі Мірашнічэнка, Андрэя Куцілы, Нэлы Васілеўскай.

Літаральна на пазамінулым тыдні ў секцыі Works in Progress Талінскага міжнароднага кінафестывалю “Цёмныя ночы” галоўную ўзнагароду атрымала стужка “Крышталь” беларускай амерыканкі Дар’і Жук. У якасці ўзнагароды ёй будуць прадстаўлены паслугі постпрадакшн на кінастудыі ў Фінляндыі на суму 10 тысяч еўра.

У стварэнні “Крышталя” задзейнічаны і “Беларусьфільм” — гэта, бадай, той самы прыклад, калі наша кінакампанія зрабіла слушны крок, спрычыніўшыся да кіно, якое пойдзе ў тым ліку на Захад, а не толькі на Усход.

Складанасці адукацыі

Сёлета Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў выпусціла курс рэжысёраў кіно і тэлебачання. Калі ў выпадку з першымі можна назваць імёны аўтараў, за якімі цікава сачыць, то казаць пра будучыню рэжысёраў тэлебачання складана.

У гэтым кантэксце — адукацыі і кінаспробаў — адзначым працу фестывалю і “метаду пагружэння ў кіно” Андрэя Кудзіненкі “Хранатопь” на базе адной з прыватных кінашкол. Вынікі гэтага сезону прадэманстравалі жанравае пашырэнне работ навучэнцаў — рэжысёры-ўдзельнікі заходзяць ужо на тэрыторыю псіхалагічных драм, што добра. Аднак казаць пра істотны якасны скачок стужак не даводзіцца. Калі ў выпадку работ маладых рэжысёраў Акадэміі мастацваў сярод хібаў бачная коснасць кінамовы, то ў аўтараў “Хранатопі” — пры безумоўна цікавым пошуку — назіраецца адсутнасць сцэнарнай і ідэйнай базы, якая б дапамагала ім стварыць якасны прадукт.

Відавочна, што справа адукацыі патрабуе ад кінасупольнасці больш грунтоўных захадаў, здатных перазапусціць працэсы навучання, уліваючы дасягненні і тэндэнцыі сусветнага кінематографа і пераасэнсаванне спадчыны беларускага кіно.

Добрае кіно

Безумоўна, адкрыццём гэтага года стала маладая рэжысёрка Юлія Шатун, якая не проста зняла фільм “Заўтра” за свае грошы, а зрабіла асэнсаванае аўтарскае выказванне, якое трапляе ў кантэкст сучаснага еўрапейскага кіно. У гэтым прынцыповае адрозненне стужкі Юлі ад экзерсісаў многіх яе аднагодкаў.

Сярод дакументальных стужак удалымі назаву “Янку Купалу” Віктара Аслюка і “Цара гары” Андрэя Куцілы. Важнымі і дарэчнымі — “Першадрук” Ігара Чышчэні і “Зніклая паэзія” Іллі Бажко і Марты Клінавай.

У анімацыі невыпадкой лічу перамогу на “Лістападзе” фільма Юліі Рудзіцкай “І поўня стала”.

Кінаальманах “Мы”, які з 7 снежня выйшаў у рэспубліканскі пракат, можа стаць годным фарматам “спробы пяра” для маладых аўтараў, калі будзе выпрацаваная празрыстая схема супрацы з рэжысёрамі.

Нягледзячы на тое, што ў агляд патрапілі не ўсе падзеі, агулам карціна амаль прамінулага года вымалёўвае важную тэндэнцыю звароту маладой генерацыі кінематаграфістаў да заходняга кінарынку і фестываляў. З іншага боку, кінастудыя “Беларусьфільм” імкнецца захаваць ролю галоўнай базы беларускай кінавытворчасці, супрацоўнічаючы, з большага, з расійскімі кінакампаніямі. Як злучацца гэтыя два складнікі ў будучыні — пытанне пакуль адкрытае.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"