Дабрыні хачу! Кыс-кыс-кыс

№ 49 (1332) 08.12.2017 - 16.12.2017 г

Мяне выхоўвала, натуральна, мама, а расціла — котка. Звалі яе Моніка. Тады звышпапулярным быў тэлевізійны “Кабачок 13 крэслаў”, дзе абаяльная Вольга Аросева выконвала ролю пані Монікі. Мая котка была гэткай жа — добрай, мудрай і прыгожай. Калі гулялася са мной, ніколі не выпускала кіпцюры, таму ніякіх драпін на руках я не меў. А вось кацянят сваіх яна не расціла, а выхоўвала. Іншаму, калі дазваляў сабе лішняга, давала такога грымка, што ляцеў той з паўметра. Кацянят з ахвотай разбіралі мае сябры і сяброўкі, таварышы маіх бацькоў. Моніку ведалі ўсе, і яна была — у аўтарытэце.

Так, я ведаў, што яна драпежнік. Некалькі разоў на тыдні яна на дыванку ў сенцах (мы жылі ў прыватным доме) выкладала ў акуратны радок некалькі мышак. Не ела іх. Гэта была традыцыйная каціная справаздача аб сумленна выкананай рабоце. І мы ніколі не пакутавалі ад мышынага гвалту. Калі Моніка загульвалася, вярталася позна, а дзверы былі зачыненыя, яна падскоквала, чаплялася адной лапай за аканіцу, другой стукалася ў шыбку. Маўляў, майце сумленне, гаспадары, я вярнулася. Моніка пражыла дваццаць гадоў. Столькі, колькі і котка, якая расціла маіх сыноў. У іх цяпер — самастойнае жыццё, яны самі сталі “кацінымі бацькамі”. Ды толькі вось Сцёпкава наравістая англічанка Долі, калі я прыходжу да яе ў госці, усё мерыцца мяне драпануць. І іншым разам у яе атрымліваецца.

Я да чаго гэта ўсё? Ды таму што сумна становіцца. Вы ж, напэўна,
заўважылі, што ў сённяшніх сацыяльных сетках — каціны бум. Менавіта ў адносінах з хатнімі хвастатымі выхаванцамі людзі шукаюць адхлання і супакаення. Мы пакуль не верым у псіхолагаў. Мы — прафесійныя экзістэнцыялісты і змагаемся не толькі з усім светам, але і з сабой. І самае галоўнае — перамагаем. Паглядзіце, колькі адзінокіх і расчараваных людзей наўкола. А якая статыстыка суіцыдаў, асабліва сярод моладзі?! Мы развучваемся суперажываць, любіць, кахаць, сябраваць, верыць… Мы жывём сёння ў алічбаваным свеце, дзе ўсе пачуцці пакрысе становяцца віртуальнымі. Хачу застацца рэальным!

На ўзроўні падсвядомасці пачынаем шукаць паразумення з сабачкамі, коцікамі, хамячкамі і марскімі свінкамі. Так, яны не ўмеюць здраджваць. Здраджваем ім мы. А каты ўвогуле жывуць у прасторы, акрэсленай любоўю і каханнем. І калі гаспадары, нагуляўшыся, выкідваюць іх за ганак, яны пачынаюць размнажацца ў геаметрычнай прагрэсіі. Паглядзіце, вунь яны грэюцца пад вашым легкавіком, рухавік якога не паспеў застыць. Усе прытулкі для бадзяжнай жывёлы перапоўненыя.

Ідэальнае грамадства для мяне тое, дзе каты не жывуць у падвалах і не кормяцца з памыек. Агульную сітуацыю не ратуюць людзі, якія рэгулярна падкормліваюць бадзяжную папуляцыю, ці ўтрымліваюць на сваіх падворках па 20 катоў (наш Юрый Антонаў у дадзеным плане — кароль). Прыемна бачыць, што ў шэрагу ўстаноў культуры каты — ці не ў штаце. Нядаўна на Слаўгарадчыне прылашчаны адной з бібліятэк кот, пабачыўшы мяне, лёг і паказаў сыценькае пуза. На ягонай мове (я ведаю!) гэта значыла: “У мяне ўсё добра, а ў цябе?” Я паказаў сваё.

Вам калі-небудзь было сорамна перад катамі, сабакамі, марскімі свінкамі? Вось і я пра гэта ж! Аднойчы ў вельмі кепскім настроі я накрычаў на сваю Дуську (а яна і зрабіла ўсяго толькі, што перагрызла гірлянды з лямпачкамі на ёлцы), нават тапак у ход пайшоў. Дуська нічога не сказала, яна проста схавалася пад ложкам. І толькі ўвечары ў маю руку нечакана тыцнуўся прыхільны халодны і мокры нос. Так сорамна мне даўно не было.

Дык што рабіць у эпоху бадзяжных галодных катоў? Расійскі мастак, блогер ды музыкант Вася Ложкін ведае адказ на гэтае інтэлігентнае пытанне. Адказ абсалютна не інтэлігентны. Паглядзіце, як катэгарычна ён распрацоўвае каціную тэму.

Свет падзяліўся на два ваяўнічыя лагеры. На тых, хто любіць катоў, і на тых, каго не любяць каты. Дабрыні хачу! А дзе ўзяць? Вось і чуецца паўсюль: “Кыс-кыс-кыс”.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"