Дом, які пабудаваў час

№ 49 (1332) 08.12.2017 - 16.12.2017 г

Беларускаму Дому друку 19 снежня споўніцца 100 гадоў! Сапраўды сімвалічна, што падчас 500-годдзя нацыянальнага кнігадрукавання прадпрыемства адсвяткуе і ўласны юбілей. А прадвеснікамі ўстановы з’яўляюцца і друкарня аднаго з манаскіх ордэнаў, і Мінская губернская друкарня, якая распачала сваю працу ў 1797 годзе, але нараджэннем цяперашняга паліграфічнага гіганта лічыцца менавіта апошні месяц рэвалюцыйнага 1917-га, калі “губернка” была перайменаваная ў друкарню Савета Народных Камісараў Заходняй вобласці і фронту.

З тых часоў назва ўстановы неаднаразова змянялася, пакуль яна не атрымала цяперашнюю — Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства “Выдавецтва “Беларускі Дом друку”. Шмат знакавых і слаўных старонак ёсць ў яго гісторыі. (І перадгісторыі: тая самая Мінская губернская друкарня ў 1916 годзе ўваходзіла ў першую тройку самых буйных у фінансавым плане губернскіх друкарняў Расійскай імперыі.) Так, у акупаваным у гады Вялікай Айчыннай вайны Мінску падпольшчыкі выносілі з Дома друку шрыфты, з дапамогай якіх набіралася клятва партызана. У наш час тут падпісаныя ў свет Асноўны закон Рэспублікі Беларусь — Канстытуцыя краіны, пашпарт яе грамадзяніна, выраблены Дзяржаўны сцяг, які лунае ў сталіцы над плошчай свайго імя. А ў чацвёртым квартале 2018 года на прадпрыемстве павінны пачаць друкаваць біяметрычныя пашпарты грамадзян Беларусі.

Сёння восемдзесят тры рэдакцыі давяраюць друкаванне сваіх выданняў БДД, штомесяц з яго цэхаў выходзіць больш за 30 мільёнаў асобнікаў газет пяцідзесяці з лішнім найменняў. Амаль 80 працэнтаў ад агульнага аб’ёму выпуску газет у краіне належыць Дому, доля поўнакаляровага друку пры гэтым перавышае 95 працэнтаў. На прадпрыемстве друкуецца 4 мільёны рэкламных выданняў у месяц.

Юбілею ўстановы, комплекс вытворчых пабудоў якой уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь, была прысвечана прэс-канферэнцыя, якая прайшла ў яе зале пасяджэнняў у сераду. У ёй прынялі ўдзел генеральны дырэктар РУП “Выдавецтва “Беларускі Дом друку” Раман Алейнік, намеснік кіраўніка справамi Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Валерый Ярмошка, міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч і першы намеснік генеральнага дырэктара РУП “Белпошта” Алена Скрыпчык.

Першым слова ўзяў спадар Карлюкевіч, адзначыўшы ў тым ліку, што стогадовы юбілей флагмана айчыннай паліграфіі — гэта ўражвальная падзея для нашай краіны, што на працягу многіх гадоў прадпрыемства адказвае за медыйнае суправаджэнне ўсяго, што адбываецца ў дзяржаве, за сувязь з чытачом, і такі манапалізм — правільны. Потым выступіў Раман Алейнік, сказаўшы, што, падводзячы вынікі векавой дзейнасці, установа, нягледзячы на нялёгкае становішча ў гэтай галіне, уступае ў сваё другое стагоддзе з новымі планамі. І адзін з такіх перспектыўных напрамкаў — упаковачная прадукцыя, якая ўжо сёння ў агульным аб’ёме вытворчасці БДД займае 25 працэнтаў. Спадар Ярмошка ў сваёй прамове акцэнтаваў увагу на тым, што “Выдавецтва “Беларускі Дом друку” з улікам векавой традыцыі, а таксама на аснове новых тэхналогій, развіваючыся, упэўнена рухаецца наперад. І прывёў такі прыклад: за 9 месяцаў гэтага года рэнтабельнасць продажаў на прадпрыемстве склала больш за 8 працэнтаў — гэта добры паказчык. А Алена Скрыпчык распавяла, якія цесныя кантакты звязваюць “Белпошту” і БДД. Затым галоўным асобам прэс-канферэнцыі было прапанавана памятным спецштэмпелем пагасіць дзяржаўны знак паштовай аплаты Рэспублікі Беларусь, выпушчаны ў гонар юбілею Дома друку, што тыя і зрабілі.

Перад тым, як у фінале прэс-канферэнцыі прысутным паказалі прэзентацыйны фільм “Прадаўжальнікi справы Скарыны, або Гісторыю друкуем самі”, што апавядае аб сучаснасці і будучыні Дома друку, яго генеральны дырэктар падзякаваў служачых БДД. “Дысцыпліна, самааддача, самаадданасць — вось што характарызуе іх працу, — сказаў ён. — Мне дастаўляе задавальненне працаваць з гэтым калектывам”.

А калектыў рэдакцыйна-выдавецкай установы “Культура і мастацтва” далучаецца да віншаванняў у адрас юбіляра, зычыць яму працоўных поспехаў і, вядома, моцнага здароўя ўсім работнікам “Выдавецтва “Беларускі Дом друку”!

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"