Куля як сувенір
Я ледзь не загінуў амаль адразу пасля нараджэння! Прычынай таму — пасада майго бацькі. Родам ён з Віцебшчыны, да вайны працаваў дырэктарам школы, потым на фронце. Быў паранены, стаў інвалідам і апынуўся ў Сібіры, стаўшы інспектарам вайсковых вучэльняў. Нейкім дзіўным чынам там яго адшукаў Панамарэнка, якому былі вельмі патрэбныя мясцовыя кадры для аднаўлення сістэмы кіравання ў толькі што вызваленай БССР. І бацька стаў сакратаром Лідскага райкама партыі. А часы тады самі ведаеце былі якія — асабліва ў Заходняй Беларусі, дзе актыўна дзейнічалі групоўкі Арміі Краёвай. Яны палявалі не толькі на саміх савецкіх работнікаў, але часцяком і на іх сямейнікаў.
У Лідзе мы пасяліліся ў старой камянічцы ля замкавай брамы — яна і дасюль захавалася. І вось, неўзабаве пасля таго, як мяне прынеслі з раддому, быў арганізаваны тэракт. Стралялі з кулямёта, усталяванага непасрэдна на замкавым муры. На шчасце, чарга прайшла міма. Потым, ужо праз ладны час, бацька падараваў мне кулю, якая магла ў мяне патрапіць. Недзе яна і пасюль у мяне захоўваецца.
Няспынны вучань
Прызнанне ў прафесіі прыйшло да мяне вельмі рана. Ужо ў 8 класе я быў юнкарам, публікаваўся ў “Піянерскай праўдзе”, перамагаў у міжнародных конкурсах. Адным словам, зорка мясцовага маштабу. Але гэта не перашкаджала мне паўсячасна вучыцца. Ды і потым я ніколі не саромеўся гэта рабіць.
Я вучыўся ў Юрыя Сяргеевіча Іванова, які ўжо ў гады маёй маладосці быў знаным профі. Яшчэ ў студэнцкія гады часта наведваўся ў “Советскую Белоруссию”, дзе працаваў фатографам легендарны Леў Уладзіміравіч Папковіч. На журфаку вучыўся ў Ефрасінні Леанідаўны Бондаравай. Яна цягала нас на здымкі ў кінастудыю, аднекуль здабывала нам запрашальнікі ў Дом кіно ў Чырвоным касцёле, дзе тады паказвалі Феліні ды Антаніёні. Там ледзь не натоўпы стаялі перад дзвярыма ў спадзеве на лішні білецік, а мы, студэнты, горда рушылі паўз іх унутр. Дасюль за гэта ўдзячны сваёй выкладчыцы: унікальная на той час магчымасць спрычыніцца да шэдэўраў кіно моцна паўплывала на маё светаадчуванне.
У каго яшчэ я вучыўся? Ды ўсіх настаўнікаў і не пералічыць. Напрыклад, легендарны Антанас Суткус. Я карыстаўся з любой магчымасці запрасіць яго ў Гродна, і ён даў магчымасць жыхарам горада пазнаёміцца з усімі шэдэўрамі літоўскай фатаграфіі. Стасункі з майстрам сталі для мяне велізарнай школай. Нават стыль запрашальнікаў на свае выставы мы пазычылі ў літоўцаў. А таксама і стыль іх арганізацыі. Прыкладам, з’явілася завядзёнка пісьмова адказваць кожнаму, хто дасылаў свае работы — нават калі адказ адмоўны, бо журы было строгім. На паштовыя выдаткі ў нас сыходзілі вялізныя сумы, але затое пакрыўджаных не было. Бо аўтарытэт і давер лёгка страціць ды цяжка заваяваць.
БАМ маімі вачыма
Сакратар па ідэалогіі ЦК ЛКСМБ Уладзімір Ягораў быў чалавекам імпэтным, ініцыятыўным. Кожны год яго стараннямі ладзіліся семінары творчай моладзі, дзе збіраліся аднагодкі самых розных прафесій: музыканты, артысты, паэты… Шкада, што цяпер такіх ужо не праводзіцца. На адным семінары я “засвяціўся”, зрабіўшы насценгазету. І вось, выклікаў мяне неяк Ягораў у Мінск.
А тады акурат БАМ быў абвешчаны ўсесаюзнай будоўляй, і трэба было накіраваць туды беларускага журналіста. Мяне пасылаць атрымлівалася танней: я быў “тры ў адным”, мог і тэкст напісаць, і фота зрабіць. Яшчэ невялічкую кінакамеру мне на шыю павесілі. Нагрузілі тэхнікай так, што ледзь мог падняць. І з першым беларускім камсамольскім атрадам вырушыў я ў доўгую камандзіроўку — ажно на паўтара месяцы. Увесь гэты час, па сутнасці, адчуваў сябе ў скуры будаўнікоў: мой побыт мала адрозніваўся ад іхняга. Дыктаваў па тэлефоне інфармацыю, і яна тут жа з’яўлялася ў “Знамёнцы” і ”Чырвонцы”.
Па вяртанні хацеў быў пайсці ў заслужаны адпачынак, але Ягораў мяне зноў выклікаў: для пленума ЦК ЛКСМБ трэба хуценька падрыхтаваць выставу “Беларусы на БАМе”, прычым адкрываць яе будзе сам Пётр Міронавіч! На ўсё жыццё запомніў усмешку Машэрава, добрую і зычлівую. Напрыканцы маёй экскурсіі ён паціснуў мне руку ды падзякаваў: вашымі вачыма мы цяпер бачым, што і як адбываецца на гэтай будоўлі.
Выхад на канал
Недзе напрыканцы 1970-ых мне ўпершыню давялося выехаць за мяжу. Гэта быў усяго толькі Беласток, ад якога да Гродна нейкая сотня кіламетраў, але ўражанняў у савецкага чалавека з’явілася процьма. Мы кантактавалі з мясцовымі фатографамі (а тыя кантакты, між іншым, актыўныя і дасюль), і менавіта яны нас запрасілі на пленэр ды сустрэлі як родных.
Што з убачанага мяне здзівіла? Ужо тады ў Польшчы зараблялі на паветры — у сэнсе, паветры чыстым. Турысты ахвотна наведвалі не якіясьці звышцікавосткі, а проста прыгожыя і ціхія мясціны. Нам гэта здавалася нечым неверагодным. У адзін пагодны дзень калегі зладзілі для нас экскурсію па Аўгустоўскім канале. Там я даведаўся, што яго частка, аказваецца, праходзіць і па нашай тэрыторыі.
Вы не паверыце, але тады гэта стала неспадзяванкай нават для гродзенца! Дый не дзіва: яшчэ ў сярэдзіне 1950-ых канал быў зняты з балансу Міністэрства транспарту і афіцыйна кануў у нябыт! Жыхары навакольных вёсак ведалі пра нейкія дзіўныя руіны, аднак ніхто асабліва не задаваўся пытаннем, адкуль яны ўзяліся. Патрапіць у тыя мясціны чалавеку старонняму было не так і проста — памежная зона.
Мне дапамагла мая прафесія. Акурат у той час я рабіў тэлеперадачу пра памежнікаў — і, адпаведна, меў доступ на самыя ўскрайкі савецкай зямлі. Падчас гэтых камандзіровак мала-памалу вывучаў рэшткі шлюзаў. Яны ўражвалі нават у тагачасным несамавітым выглядзе. Ужо тады мне стала зразумела, што канал — гэта ўнікальны помнік гідратэхнічнага дойлідства.
Пасля з’явіліся першыя публікацыі… Так сама па сабе ўзнікла ідэя аднаўлення беларускай часткі каналу. Спачатку на мяне глядзелі як на вар’ята, але я не сунімаўся. І вось, у адзін цудоўны дзень мне патэлефанаваў тагачасны старшыня Гродзенскага райвыканкаму Міхаіл Камарэц ды літаральна агаломшыў: маўляў, учора экспромтам выклаў гэтую задуму Кіраўніку дзяржавы, і Прэзідэнт яе ўхваліў: створана рабочая група. Таму рыхтуйся: ідэя караецца ўвасабленнем! І яно, як мы ведаем, не прымусіла сябе чакаць.
Цяпер мы прыкладаем намаганні, каб да нас вярнуўся архіў Аўгустоўскага канала, які зараз захоўваецца ў Санкт-Пецярбургскім вайскова-гістарычным архіве. Менавіта адтуль былі ўзятыя патрэбныя для рэканструкцыі чарцяжы развадных мастоў, і таму на нашай частцы каналу яны адпавядаюць аўтэнтычным куды болей, чым на польскай. І можна толькі ўявіць, колькі там яшчэ тоіцца адкрыццяў — балазе, архіў уключае каля ста тамоў! Царскія чыноўнікі былі вельмі датклівымі, і ўсе дакументы вырабляліся ў двух асобніках. Адзін заставаўся на месцы, другі накіроўваўся ў Пецярбург. У нас, вядома, нічога не захавалася, а там ёсць усё! Але пакуль ніхто з даследчыкаў гэтым усур’ёз нават не зацікавіўся.