У трэндзе — грацыя і лёгкасць

№ 47 (1330) 25.11.2017 - 01.12.2017 г

19 лістапада ў Віцебску завяршыўся юбілейны ХХХ Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі (IFMC). Нацыянальны конкурс, што праводзіўся ў яго рамках, стаўся адным з самых моцных творчых спаборніцтваў беларускіх харэографаў за ўсе гады існавання гэтага форуму.

/i/content/pi/cult/666/14747/8.jpgДля конкурсу было адабрана 25 работ. Большасць — з Мінска, але былі таксама калектывы з Віцебска, Гомеля, Гродна, Магілёва. У заключны тур увайшло 9 работ, кожная з якіх атрымала тую ці іншую ўзнагароду. Мы ўбачылі значнасць і разнастайнасць ідэй, праграмаванне шматлікіх асацыяцый, многалінейнае ўзаемадзеянне музыкі і харэаграфіі, шырокую палітру выразных сродкаў, скіраваных на раскрыццё мастацкага вобразу, нарэшце, даволі прафесійнае выкананне. Гэта дазваляе засведчыць, што сучасны танец у нашай краіне “моцна трымаецца на нагах” і смела можа прэтэндаваць на статус сур’ёзнай мастацкай з’явы.

Кожны фестываль складаецца ў нейкім стылёвым адзінстве. На гэты раз пераважалі графічнасць і вытанчаснасць, лёгкасць і празрыстасць выкладання харэаграфічнай фактуры, шматмернасць прасторавага рашэння. Усё гэта стварала асаблівую лірычную атмасфернасць большасці работ. Сярод іх — “Человек танцующий” праекта Валянціна Ісакава “Х-перИменты” Гомельскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў імя Нестара Сакалоўскага (спецыяльная прэмія “Пастскрыптум”), “Лаўцы. Футурыстычная фантазія пра час” Сяргея Паяркава (3-я прэмія). Стылёвым кантрастам у такім кантэксце выступіла работа “Глядзі, а то пачуеш…” Тэатра-студыі сучаснай харэаграфіі Дзіяны Юрчанка з Віцебска (1-я прэмія). Сама ж Дзіяна атрымала таксама спецыяльную фестывальную ўзнагароду “За ўнёсак у развіццё сучаснай харэаграфіі і адданасць творчай справе”, якую ўручыў ёй госць фестывалю — знакаміты расійскі акцёр Сяргей Бязрукаў.

Многія работы вылучала здольнасць выканаўцаў адчуць і перадаць у руху драбнюткія змены ў сваім целе і ў адносінах цела з прасторай, што так цэніцца ў сучаснай харэаграфіі. Сярод такіх работ — “Сны Афеліі” Яўгеніі Нікалайчук (2-я прэмія), ALMAR’A Алены Падольскай.

На жаль, некаторыя конкурсныя работы з цікавай мастацкай задумай прайгралі з-за недастатковай адточанасці рухаў, адсутнасці меркаванага камбінацыйнага сінхрону, што тлумачылася недастатковай тэхнічнай падрыхтоўкай выканаўцаў (“Слухаючы глыбіню” Антаніны Руткоўскай у выкананні тэатра танца “Адлюстраванні”, “След” Ганны Корзік і Яўгеніі Нікалайчук у выкананні тэатра танца “Альтана”).

/i/content/pi/cult/666/14747/9.jpgВідэашэраг — як гарманічная сукупнасць відэа і графічных фрагментаў, з’яднаных агульнай ідэяй у адпаведнасці з задумай балетмайстра, але наўпрост не звязаных з танцавальным тэкстам, — вельмі ўзмацніў мастацкае ўражанне ад дзвюх сольных работ, прадстаўленых студэнтамі кафедры харэаграфіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў: “Гульні розуму” Алены Лісной (2-я прэмія) і “Нутро” Дзмітрыя Бяззубенкі (спецпрэмія “За сэнсавае напаўненне танца”).

Вылучаліся конкурсныя работы, у якіх пастаноўшчыкі актыўна і вельмі да месца выкарыстоўвалі прыём так званага “кадрыравання харэаграфічнага тэксту” па прынцыпе стварэння кліпа — непрацяглай па часе, па-мастацку складзенай паслядоўнасці танцавальных эпізодаў і мізансцэн з ужываннем розных спецэфектаў. Бездакорнай з мастацкага пункту гледжання была конкурсная работа “Танцы з сябрам” сталічнага Тэатра сучаснай харэаграфіі D.O.Z.SK.I. Яе аўтара Дзмітрыя Залескага ўганаравалі самай прэстыжнай узнагародай фестывалю — спецыяльнай прэміяй імя Яўгена Панфілава, якая ўручаецца найлепшаму харэографу і расцэньваецца літаральна як Гран-пры. Гэта ўжо другая такая яго прэмія, атрыманая ў Віцебску. Самі D.O.Z.SK.I атрымалі спецыяльны дыплом “За прафесіяналізм”.

Адзначаны і іншыя работы: сумесная кампазіцыя “Чалавекі” (харэограф — Сяргей Талкач) Тэатра-студыі Дзіяны Юрчанка і праекта Марыны Кушняровай “Свой почырк” (3-я прэмія), а таксама WoMan (харэограф — Вікторыя Разуванава) гомельскай RED dance company (спецдыплом “Дэбют”).

Вельмі разнастайнай была гасцявая праграма фестывалю. Статус аднаго з самых незвычайных танцавальных калектываў Расіі яшчэ раз пацвердзіў “Эксцэнтрык-балет” Сяргея Смірнова, прадставіўшы данс-спектакль “Песні апошняй травы”. Як і ў іншых аднаактоўках гэтага харэографа, танцоўшчыкі на дзіва тонка і дакладна раскрылі тэму “маленькага чалавека”, ведучы кранальную пластычную размову з гледачом ва ўласцівай ім шчырай манеры.

Вялікае ўражанне пакінуў спектакль Раду Паклітару на музыку Антоніа Вівальдзі “Доўгі калядны абед”, паказаны тэатрам “Кіеў-Мадэрн-Балет” з Украіны. Яго вылучала вытанчаная і вынаходлівая танцавальная лексіка, дынамічнае дзеянне, цудоўная акцёрская ігра і высокапрафесійная тэхніка выканання, а таксама балансаванне між жанрамі — ад фарса да драмы.

Фестываль завяршыўся. Але, як запэўніў на гала-канцэрце закрыцця міністр культуры Рэспублікі Беларусь Юрый Бондар, яго юбілейныя святкаванні працягнуцца праз год на наступным форуме.

Святлана ГУТКОЎСКАЯ, старшыня экспертнага савета IFMC-2017, загадчыца кафедры харэаграфіі БДУКіМ, прафесар