А вы запісаліся ў біёграфы?

№ 47 (1330) 25.11.2017 - 01.12.2017 г

Кожная эпоха патрабуе сваіх герояў. І, адпаведна, не можа абысціся без іх жыццяпісаў. Дый юбілеі гістарычных і культурных дзеячаў звычайна суправаджаюцца прысвечанымі ім новымі мастацкімі творамі. Але што такое біяграфічная п’еса, біяграфічны спектакль у пачатку ХХІ стагоддзя? Якімі яны павінны быць, каб зацікавіць сучасную публіку? І не ператварыцца ў чарговы “дацкі” твор, якім трэба адзначыць дату — і забыць. Апошнім часам гэтыя пытанні набываюць асаблівую актуальнасць.

/i/content/pi/cult/666/14745/4.jpgПрапанова ўзняць абмеркаванне гэтай тэмы прагучала на фінальным “круглым стале” VI Рэспубліканскага фестывалю нацыянальнай драматургіі імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, які завяршыўся гэтым тыднем у Бабруйску. Доктар філалагічных навук, тэатральны крытык, перакладчык, дацэнт Варшаўскага ўніверсітэта, аўтар некалькіх манаграфій пра беларускі тэатр Андрэй Масквін выказаў такое “пажаданне на будучыню”:

— Замест звыклых фестывальных абмеркаванняў, дзе кожны спектакль аналізуецца паасобку, можна было б праводзіць дыскусіі на пэўныя тэмы, што выцякалі б непасрэдна са складзенай праграмы. Сёлета, да прыкладу, было многа біяграфічных спектакляў…

Мы не сталі чакаць два гады да наступнага форуму і вырашылі ўзняць гэту тэму на старонках “К”, звярнуўшыся да некаторых удзельнікаў фестывалю і наладзіўшы штосьці накшталт “завочнай дыскусіі”. Бо і сапраўды, у Бабруйску дэманстраваліся спектаклі пра Скарыну (“Кар’ера доктара Рауса”, “Скарына”), Янку Купалу (“Карона з кахання”), Уладзіміра Мулявіна (“Пясняр”). Да іх можна дадаць і новыя беларускія творы, дзе закрануты біблейская Юдзіф (“Камедыя Юдзіфі”), міфалагічная Медэя (“Сіндром Медэі”), што таксама ўвайшлі ў фестывальную праграму. А ёсць жа яшчэ нядаўна створаныя мюзікл “Соф’я Гальшанская”, балет “Вітаўт”, неўзабаве з’явіцца балет “Анаcтасія Слуцкая”. Шырокая прастора для роздуму!

Наблізіць “збранзавеласць” да рэальнасці

Першымі, пэўна, пра яе задумаліся драматургі, ад якіх чакалі адпаведных твораў.

— Некалькі гадоў таму, — узгадаў Сяргей Кавалёў, чые п’есы ставіліся і ставяцца ледзь не ва ўсіх нашых тэатрах, — я раптам прыйшоў да высновы, што гістарычная драма (і біяграфічная як адна з яе частак) — гэта згубны шлях для беларускай культуры. Мяне часта прасілі “ўвекавечыць” кагосьці з дзеячаў мінулага, і на пэўным этапе я задумаўся: колькі ж можна ісці па адной і той жа дарозе? Мы застаемся ў палоне стэрэатыпаў. Як калісьці самымі, бадай, распаўсюджанымі тэмамі былі вайна і вёска, так потым стала гістарычная. Штуршком для пераасэнсавання былі для мяне некалькі спектакляў, убачаных у Польшчы і зробленых найсучаснымі тэатральнымі сродкамі. Напрыклад, замест чарговага выкладання падрабязнага “жыццяпісу” Кацярыны ІІ гледачу прапаноўвалася разважанне пра межы інтымнасці, сексуальнасці, жаночай прыроды. У нас жа падобныя п’есы разглядаліся ў якасці гэткіх “ілюстрацый” біяграфіі. Для свайго часу гэта было, можа, і добра: праз тэатральнае мастацтва мы адкрывалі для шырокай публікі гістарычных асоб, засяроджвалі на іх увагу. Але ўсё: тыя імёны мы вывучылі. І што далей? Не рабіць чарговы “помнік”, а зірнуць на яго сучаснымі вачыма. Адкрываць новыя сэнсы, набліжаць гістарычныя постаці да праблем сучаснай моладзі, якія дапамагалі б нам зразумець саміх сябе. На жаль, у большасці п’ес, што з’яўляюцца ў нас (і нядаўні конкурс на лепшую п’есу пра Скарыну гэта пацвердзіў), працягвае пераважаць інфармацыйны падыход. І толькі некаторыя аўтары бяруць на сябе смеласць сягнуць далей — зрабіць гістарычную асобу люстэркам нас сённяшніх…

Гэтыя думкі падзяляе і Аляксандр Марчанка — артыст, рэжысёр, кіраўнік Цэнтра беларускай драматургіі пры Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі:

— Калі мы праводзілі конкурс п’ес для драмтэатраў “Францыск Скарына і сучаснасць”, дык найперш хацелі наблізіць “збранзавелую” персону першадрукара і асветніка да цяперашніх рэалій, сучаснага чытача і гледача. Як гістарычная асоба, Скарына ўжо сваю справу зрабіў: з ягоным іменем звязана першадрукарства. І нам была цікава рэфлексія саміх аўтараў на гэты конт. Іншымі словамі,
наўрад ці сёння трэба пісаць і ставіць п’есы пра гістарычных асоб толькі таму, што іх імёны ва ўсіх на слыху. Але вывядзенне на авансцэну такіх персанажаў дазваляе задумацца, хто ж ён, сучасны герой? Куды больш важнай становіцца сама тэма, звязаная з той ці іншай вядомай фігурай.

/i/content/pi/cult/666/14745/5.jpgПадобныя разважанні ўласцівы і згаданаму вышэй даследчыку Андрэю Масквіну:

— Цікавасць да вялікіх асоб была і будзе заўсёды. У той жа Расіі толькі за апошнія два гады з’явілася каля дзясятка п’ес, прысвечаных Уладзіміру Маякоўскаму. Пэўна, такую цікавасць падштурхнула і стагоддзе рэвалюцыі, але факт застаецца фактам. Іншая справа, што з часам змяняюцца падыходы. У 1950 — 1960-я панавала лінейнае выкладанне біяграфічных матэрыялаў. Сёння ж больш актуальна звяртаць увагу на пэўныя перыяды жыцця, узгадваць не самыя вядомыя яго моманты, даваць новую трактоўку падзеям.

Парушыць межы “унутранага карыстання”

Дык ці існуюць сёння нейкія ўзоры гэткай “ідэальнай” біяграфічнай п’есы?

— Для Літвы гэта таксама сёння праблема — напісаць добрую біяграфічную п’есу, — гаворыць тамтэйшы тэатразнаўца, кіраўнік некалькіх тэатральных фестываляў Марыя Танана. — Усе разумеюць, што такія творы патрэбны, але ранейшыя падыходы простага “пераказу” ўжо не актуальныя: усе даты, факты можна знайсці ў інтэрнэце. Дык што трэба, каб прыцягнуць увагу гледача? Па-першае, трапны выбар асобы. Патрэбна не проста нейкая гістарычная фігура, а чалавек шматгранны, якога можна прадставіць у самых розных ракурсах. І даць як мага большы разгорт самых разнастайных, у тым ліку супярэчлівых, думак вакол яго. Не трэба навязваць гледачам адну-адзіную пазіцыю, хай кожны сам зробіць выбар, паспрабуе разабрацца, выпрацаваць свой пункт гледжання. Такі падыход — гэта яшчэ і выхаванне публікі, якая павінна не “глытаць” усё запар, а асэнсоўваць убачанае, “праецыраваць” яго на сваё ўласнае жыццё, шукаць паралелі. Асабіста для мяне ідэальнай у гэтым сэнсе п’есай з’яўляецца “Містрас” літоўскага драматурга Марыуса Івашкявічуса — пра Адама Міцкевіча. Аднайменны спектакль Рымаса Тумінаса тры гады таму дэманстраваўся ў Магілёве і атрымаў высокую ацэнку журы, крытыкаў, публікі. Герой быў паказаны ў сваім атачэнні, закраналіся многія іншыя гістарычныя фігуры, прычым таксама разнапланава, нават дзесьці з іроніяй.

Слухаючы суразмоўцаў, я падумала пра тое, што менавіта ўдалая біяграфічная п’еса можа “прымірыць” сёння апалагетаў дакументальнага тэатра з астатнім тэатральным сусветам. Бо такія творы дазваляюць выкарыстоўваць і сумяшчаць самыя розныя формы і прыёмы выкладання матэрыялу. Узгадаліся шматлікія замежныя фільмы і серыялы, у якіх, у адрозненне ад нашых, шырока ўжываецца прыём “каментарыя падзей” — не праз эмацыйны выбух “з нагоды”, а праз сутыкненне розных пунктаў гледжання, дакументальных сведчанняў, успамінаў. І ўсё гэта — “унутры”, “у межах” не дакументальнага, а менавіта мастацкага аповеду.

Дарэчы, такая форма адмаўлення, прыняцця ўсяго “з недаверам”, іроніяй — уласціва моладзі і падлеткам. А гэта менавіта тыя ўзроставыя катэгорыі публікі, якіх так не хапае тэатру і якіх ён так прагне.

Яшчэ адным плюсам такога рознабаковага падыходу стане магчымасць вывесці біяграфічныя п’есы за межы “ўнутранага карыстання”. Бо калі мы апісваем жыццё, умоўна кажучы, спадара N, дык гэта можа быць цікава тым, хто яго ведаў. А іншым — навошта? Калі ж мы, адштурхнуўшыся ад пэўнай біяграфіі, узнімаем нейкія агульначалавечыя тэмы, гэта можа быць цікава ўсім. Разгарніце хаця б таго ж Шэкспіра. Што вас больш зацікавіць — хроніка жыцця Макбэта, Рычарда, сямействаў Мантэкі і Капулеці ці звязаная з імі праблематыка жыцця і смерці, кахання і варожасці, улады?

Ну, і мастацкасць ніхто не адмяняў. Бо кола тэм і тыпалагічных сюжэтаў абмежавана. А магчымасцяў перадаць іх — безліч. І адкрыць штосьці новае — таксама.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"